Справа не толькі ў салодкім. 14 лістапада – Сусветны дзень барацьбы з дыябетам
Цукровы дыябет – адна з самых распаўсюджаных хвароб у свеце. Афіцыйна на планеце зарэгістравана каля 200 мільёнаў хворых, але рэальная колькасць людзей з такім дыягназам істотна большая. Штогод колькасць захварэлых павялічваецца.
Цукровы дыябет – хвароба хранічная, узнікае, калі падстраўнікавая залоза не выпрацоўвае дастатковую колькасць інсуліну, ці пры ўмове, калі арганізм не можа эфектыўна выкарыстоўваць выпрацоўваемы ім інсулін. Хвароба характарызуецца ўстойлівым павышэннем узроўню глюкозы ў крыві, можа ўзнікнуць у любым узросце і працягвацца ўсё жыццё, таму адносіцца да хранічных.
– Адрозніваюць дыябет 1-га тыпу (інсуліназалежны) і 2-га тыпу (інсулінанезалежны). Найбольш распаўсюджаны цукровы дыябет, менавіта 2-га тыпу. Так у 1170 жыхароў Ляхавіцкага раёна пацверджаны дыягназ «цукровы дыябет 2-га тыпу» і ў 50 – 1-га.
Сёлета за дзевяць месяцаў 97 землякам дыягназ «дыябет» пастаўлены ўпершыню. Асноўны фактар рызыкі развіцця гэтага небяспечнага захворвання – нездаровы лад жыцця: няправільнае харчаванне, злоўжыванне алкаголем і курэнне, высокі ўзровень халестэрыну, артэрыяльная гіпертэнзія, атлусценне, спадчыннасць, – адзначае ўрач-эндакрынолаг Ляхавіцкай ЦРБ Вольга Барташэвіч.
Сусветны дзень барацьбы з цукровым дыябетам сёлета праходзіць пад дэвізам «Сям’я і дыябет».
– Як паказвае практыка, звычайна людзі не звяртаюць увагу на трывожныя сігналы, якія падае іх арганізм, таму
многае залежыць ад уважлівасці іх родных і блізкіх, – адзначае Вольга Барташэвіч.
Урач-эндакрынолаг пракаменціруе найбольш распаўсюджаныя сцвярджэнні пра дыябет.
Дыябет небяспечны для жыцця.
– Цукровы дыябет – сур’ёзная хвароба, асабліва, калі яе не лячыць ці абыякава адносіцца да свайго здароўя. Менавіта дыябет – адна з асноўных прычын сардэчных захворванняў, інсульту, слепаты, ныркавай недастатковасці і ампутацыі ніжніх канечнасцяў.
Пастаяннае павышэнне ўзроўню глюкозы абавязкова прывядзе да развіцця ўскладненняў. Чым даўжэй захоўваецца высокі ўзровень цукру ў крыві, тым бліжэй момант незваротных паталагічных змяненняў у арганізме. І, наадварот, чым раней выяўлена хвароба, тым прасцей узяць яе пад кантроль і пражыць доўгае і, галоўнае, якаснае жыццё. Пры абавязковай умове: выкананне ўсіх рэкамендацый урача, прыём прызначаных лекавых сродкаў і кантроль цукру ў крыві. Асноўны скрынінгавы тэст – тэст на глюкозу.
Дыябетам нельга заразіцца ад іншага чалавека.
– Гэта праўда. Цукровы дыябет не інфекцыя, заразіцца ім нельга. А вось схільнасць перадаецца генетычна. Рызыка захварэць вышэй у таго, чые родныя хварэлі дыябетам.
Атлусценне павялічвае рызыку захварэць на цукровы дыябет.
– Лішняя вага з’яўляецца фактарам рызыкі развіцця дыябету 2-га тыпу. Часта менавіта на фоне атлусцення тканкі арганізма губляюць здольнасць адказваць на дзеянне інсуліну. А вось дыябет 1-га тыпу звычайна выклікаецца аўтаімуннай рэакцыяй, пры якой абаронная сістэма арганізма атакуе клеткі, што выпрацоўваюць інсулін.
Пры дыябеце нельга ўжываць салодкія прадукты.
– Не зусім так. Хворыя на цукровы дыябет могуць есці салодкасці, але ім, як, дарэчы, і тым, у каго няма такой хваробы, для агульнага здароўя і добрага самаадчування варта адмовіцца ад ужывання вялікай колькасці прадуктаў з высокім утрыманнем цукру. Найбольшы скачок цукру ў крыві даюць хуткія вугляводы, таму яны не рэкамендуюцца пры дыябеце. Да такіх вугляводаў адносяцца белы хлеб, печыва, каўбасы, салодкія газіра-
ваныя напіткі, цукеркі, бульба, макароны з мяккіх сартоў пшаніцы, алкаголь, варэнне, фастфуд і іншае.
Пры дыябеце адчуваецца аняменне ў руках і нагах.
– Аняменне і паколванне ў канечнасцях – адны з сімптомаў дыябету, яны маюць агульную назву – дыябетычная неўрапатыя. Працяглае павышэнне ўзроўню глюкозы ў крыві прыводзіць да таго, што цукар пачынае ўтвараць біяхімічныя спалучэнні з бялкамі сасудаў. Адпаведна парушаецца кровазабеспячэнне тканак – самых дробных капіляраў у канечнасцях, галаўным мозгу, сятчатцы вачэй, нырак.
Празмерная смага – сігнал развіцця хваробы.
– Вельмі моцнае і частае жаданне піць з’яўляецца магчымым папярэджаннем аб дыябеце. Пры цукровай хваробе ў крыві павышаецца ўзровень глюкозы.
«Цукар» адцягвае на сябе ваду з тканак у кроў. Клеткі арганізма адчуваюць дэфіцыт вады, таму і ўзнікае смага.
Пры дыябеце нельга займацца спортам.
– Зусім наадварот. Дыябетыкам адназначна рэкамендуецца займацца спортам. Канешне, усё павінна быць у меру. Рэгулярная фізічная актыўнасць і здаровае збалансаванае харчаванне – важныя кампаненты не толькі ў прафілактыцы дыябету, але і для
кантролю хваробы.
Вакцынацыя супраць каранавіруса абавязкова патрэбна хворым на цукровы дыябет.
– Пацыенты з такім дыягназам адносяцца да групы рызыкі, у якую ўваходзяць тыя, у каго каранавірус працякае з ускладненнямі і ў цяжкай форме, часта з пнеўманіямі. У іх павышаная рызыка негатыўных наступстваў, нават самых трагічных. Каб мінімізаваць усе гэтыя рызыкі, пацыентам з цукровым дыябетам прышчэпка неабходна ў першую чаргу. Так што, хто яшчэ не вакцынаваўся, зрабіце гэта як мага хутчэй.
Асабіста я прайшла поўны курс вакцынацыі. Прышчэпку рабіла ў Ляхавіцкай паліклініцы.
Давайце разам фарміраваць калектыўны імунітэт, каб супрацьстаяць кавіду.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Кансультацыі спецыялістаў па пытаннях дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі цукровага дыябету ў Ляхавіцкай ЦРБ: урач-эндакрынолаг Барташэвіч Вольга Анатольеўна – тэл. 6-01-63
з 8.00 да 12.00; урач, адказны за здаровы лад жыцця,
Пташнік Анастасія Юр’еўна – тэл. 6-04-03 з 14.00 да 16.00.
Званіць у рабочыя дні.