З дзяцінства ў ваеннай форме. Рабяты з Востраўскай СШ пабывалі ў гасцях у кадэтаў
На ўрачыстых мерапрыемствах увагу прыцягваюць юнакі і дзяўчаты, апранутыя ў ваенную форму з маляўнічай эмблемай кадэцкага вучылішча. Іх адрозніваюць падцягнуты і ахайны выгляд, стрыманасць і нават некаторая самадастатковасць. Многія хлапчукі і дзяўчынкі мараць быць падобнымі на іх. І гэтыя мары цалкам могуць стаць явай.
Недасведчаны чалавек, пачуўшы пра такую ўстанову, як кадэцкае вучылішча, можа ўявіць сабе нешта накшталт казармы, “арміі ў мініяцюры”. Каб даведацца ці так гэта і зразумець, чым жыццё яго выхаванцаў адрозніваецца ад жыцця іх аднагодкаў, якія вучацца ў звычайных школах, навучэнцы 8-11-х класаў Востраўскай сярэдняй школы 12 лістапада пабывалі на экскурсіі ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча”, размешчанае ў в. Ястрамбель Баранавіцкага раёна.
Экскурсія пачалася з агляду дзіўнага архітэктурнага помніка ХІХ ст. – сядзібы Катлубаяў, размешчанай на тэрыторыі вучылішча. У сувязі з тым, што яна мае незвычайны дызайн, сядзіба некаторымі даследчыкамі завецца “неўмацаваны замак”. Сапраўды, непадрыхтаванага гледача, які не бачыў фатаграфій дадзенага архітэктурнага цуду, з першага погляду ўражвае востраканцовая вежа і калоны. Менавіта такімі мы прывыклі ўяўляць сабе казачныя і чарадзейныя замкі.
Затым рабят запрасілі на экскурсію па кадэцкаму вучылішчу, паказалі ўмовы пражывання выхаванцаў, навучальныя кабінеты, спартзалу, плавальны басейн, страявы пляц, трэнажорную залу, дзе хлапчукі не ўпусцілі магчымасці выпрабаваць сваю сілу і вынослівасць.
Масу эмоцый выклікала наведванне ціра, дзе жадаючыя маглі прадэманстраваць свае снайперскія здольнасці. Не засталіся ўбаку і дзяўчаты, якія не горш за хлопцаў траплялі ў “дзясятачку”.
Наведванне музея гісторыі дазволіла рабятам акунуцца ў мінулае, даведацца пра традыцыі піянерыі і камсамола ХХ стагоддзя, дакрануцца да рарытэтных рэчаў, пасядзець за партай таго часу, калі ў школу хадзілі іх бацькі.
Экскурсія атрымалася цікавай і запамінальнай. Дзеці на прыкладзе жыцця выхаванцаў кадэцкага вучылішча ўбачылі, што такое калектыў, сяброўства і ўзаемадапамога.
Юрый ДЗЕМІД, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Востраўскай СШ.