СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Прывучылі спажыўцоў да добрага

А вы любіце абноўкі? У дачыненні большасці з нас такое пытанне хутчэй рытарычнае: яны здольны істотна палепшыць настрой. СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» настрой спажыўцоў сваёй прадукцыі стараецца  паляпшаць рэгулярна. Напрыклад, тварог з лагатыпам «Ляхавічок» цяпер фасуецца ў двайную – сучасную і  прывабную – упакоўку, што не толькі прыгожа, але і  практычна з пункту гледжання захоўвання.

Алена Грыцкевіч і Інга Тупальская

Зараз на заводзе рыхтуюцца да запуску лініі па вытворчасці прадукцыі ва ўпакоўцы тэтрапак, у бліжэйшы час у кардонную тару пачнуць разліваць малако. На прадпрыемстве падзяліліся, што ў планах прапанаваць пакупнікам вяршкі 10- і 20-працэнтнай тлустасці. Распрацоўваецца яшчэ адзін новы прадукт – пітны ёгурт з фруктовымі напаўняльнікамі. І ў завадчан ёсць усе падставы спадзявацца, што ён таксама прыйдзецца даспадобы спажыўцам, як і іншая прадукцыя Ляхавіцкага малочнага.
Па даных аддзела эканомікі райвыканкама, летась доля малочнага завода ў агульным аб’ёме вытворчасці прамысловай прадукцыі раёна складала амаль 67 працэнтаў. Прадпрыемства – адзін з самых актыўных мясцовых экспарцёраў: за 2020 год за мяжу рэалізавана прадукцыі на суму 11 мільёнаў долараў, удзельная вага малочназаводскага экспарту перавысіла 38 працэнтаў у агульнараённым паказчыку. СААТ – абсалютны лідар на Ляхавіччыне па вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, на яго рахунку – 98 працэнтаў такой прадукцыі, вырабленай у раёне.
За аптымістычнай статыстыкай – напружаная штодзённая работа ўсяго калектыву, жорсткі кантроль якасці на кожным этапе вытворчасці – ад прыёму сыравіны да адгрузкі гатовай прадукцыі, а яшчэ пастаянная мадэрнізацыя і разуменне таго, што, каб ісці ў нагу з часам, трэба прапаноўваць запатрабаваны канкурэнтаздольны асартымент.
Тутэйшых работнікаў характарызуюць павышаная адказнасць, вытворчая дысцыпліна і высокі прафесіяналізм. Сапраўдны майстар-клас у сваёй справе паказваюць многія, і ў іх ліку начальнік цэха Алена Грыцкевіч, якой сёлета прысвоена званне «Чалавек года» Ляхавіччыны, маслароб Інга Тупальская, чый партрэт занесены на раённую Галерэю славы. Дарэчы, сярод самых паспяховых арганізацый раёна, што размясціліся на Галерэі славы, чарговы раз – Ляхавіцкі малочны завод.