ВУ «Ляхавічы» Бярозаўскага МКК. На новых рэйках

Тое, што Бярозаўскі мясакансервавы камбінат набыў некаторыя аб’екты райаграсэрвіса, вядома ўжо многім жыхарам Ляхавіччыны. А работнікі фермаў «Падбарочча», «Альхоўцы», комплексу «Малое Гарадзішча»  працуюць у новым статусе, як гаворыцца, на новых рэйках.

Юрый Стаднік і Таццяна Беляновіч.

Зараз ідзе пераафармленне і перарэгістрацыя прадпрыемства,
якая завершыцца напрыканцы  года. Тады яно будзе мець і сваю ўласную назву, падкрэслівае выконваючы абавязкі дырэктара вытворчага ўчастка «Ляхавічы» Міхаіл Мыслівец.
Вытворчыя аб’екты працуюць у звычайным рэжыме: палеткі дагледжаны, а статак накормлены. Сёння ён складаецца з 2397 галоў, з якіх дзевяць соцень – малочныя рагулі. У перспектыве павелічэнне статка да 5000 галоў. Менавіта бычкоў плануюць закупляць і пасля тут дагадоўваць.
Па словах выконваючага абавязкі дырэктара, рэканструкцыя пад патрэбы сельгасвытворчасці чакае ўсе набытыя будынкі. Зараз надзея на кадры – адказныя і працавітыя. А такія ў гаспадарцы маюцца. Добра зарэкамендавалі сябе на адвозцы кукурузы вадзіцелі Віктар Кульбіцкі і Віктар Шчука, на перавозцы збожжа – Аляксандр Маляр і іншыя. Ведае сваю справу заатэхнік-селекцыянер Таццяна Беляновіч. Пакуль у статусе маладога спецыяліста, але стараннага і добрасумленнага, дэманструе свае здольнасці галоўны заатэхнік Юрый Стаднік.
Заўтрашні дзень гаспадаркі будуецца сёння. І менавіта ад кожнага працаўніка, стараннасці і адданасці справе залежыць, якім ён будзе.