Дапаможныя службы. Самы неабходны элемент
Высокая ўраджайнасць, бяспечныя ўмовы працы, якаснае насенне, скаардынаваныя дзеянні… А галоўнае, што аб’ядноўвае гэтыя службы, – работа на агульны раённы вынік. І хаця іх дзейнасць часцей застаецца па-за грамадскай увагай, без дапаможных службаў немагчыма ўявіць механізм сельскагаспадарчага жыцця Ляхавіччыны.

Ляхавіцкая раённая дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін заўсёды на варце будучага якаснага ўраджаю. Абследаваць насенны і пасадачны матэрыял, каб вызначыць, ці можна яго выкарыстоўваць на пасяўныя мэты або рэалізацыю, – зона іх адказнасці. Пад увагай службы сельскагаспадарчыя ўгоддзі, сады, а таксама месцы захоўвання і перапрацоўкі падкаранціннай прадукцыі. Як адзначае начальнік інспекцыі Таццяна Лойка, праверкі на якасць пасадачнага матэрыялу – адказны этап сельскагаспадарчага працэсу, які ў многім праектуе будучую пасяўную кампанію.
Сярод службаў, без якіх немагчыма ўявіць работу льнозаводаў, – ільнонасенстанцыя. Вырошчванне льну-даўгунцу высокага рэпрадукцыйнага саставу, насенне якога – неад’емны складнік будучага высокага ўраджаю гэтай культуры, – адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі. На сваіх амаль 400 гектарах супрацоўнікі льнонасенстанцыі прадэманстравалі шыкоўны вынік, з якім прэтэндуюць на рэспубліканскае першынство. Сёлетняя ўраджайнасць ільнонасення склала сем цэнтнераў з гектара, трасты сабралі 44 цэнтнеры з гектара. Вынік выдатны, калі ўлічыць, што валавы збор насення склаў 273 тоны. Кіраўнік прадпрыемства Аляксей Раманаў вынікам задаволены, адзначае, што на такі прыемны рэкорд ідуць ужо трэці год запар. Высокі попыт на насенне дазваляе забяспечваць насенным матэрыялам не толькі наш мясцовы льнозавод, але і іншыя прадпрыемствы краіны.
Іх «гранд», «лада», «рубін», «талер» ведаюць як насенне са знакам якасці. Як і сабраная траста, што прадаецца з нумарам 1,33. Гэта, дарэчы, вельмі высокі ўзровень якасці прадукцыі такога тыпу.
На сваім працоўным участку ветстанцыя раёна займае асаблівае месца. Своечасовыя лячэнне і прафілактыка хвароб жывёлы гарантуюць, што жывёлагадоўчая прадукцыя адпавядае ветэрынарна-санітарным патрабаванням.
У зоне адказнасці – кантроль за рацыёнам кармлення жывёл, увогуле ўвесь працэс корманарыхтоўкі.
За дзесяць месяцаў дыягнастычныя даследаванні на туберкулёз былі праведзены больш чым 52 тысячам галоў БРЖ, на лейкоз – амаль дзевяці тысячам, бруцэлёз – больш чым шасці тысячам.
Пагалоўе сельгаспрадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак раёна, прыватных падвор’яў – таксама іх сфера дзейнасці і павышанай працоўнай увагі. Хуткасць і аператыўнасць ветслужбы забяспечваюць гарадская ўчастковая лячэбніца і раённая ветстанцыя, дыягнастычная работа вядзецца раённай лабараторыяй. Зачасцілі на прыём да ветурача і хатнія любімцы. Сабачкі, коцікі, папугаі, хамячкі, марскія свінкі – каму за планавай прышчэпкай, каму на прафілактычны агляд, хто захварэў –
прафесійная дапамога аказваецца кожнаму асабліваму пацыенту. Напрыклад, за гэты год праведзена прафілактыка шаленства ў 724 сабак і 705 кошак. За дзень спецыялісты ветлячэбніцы атрымліваюць да двух дзясяткаў выклікаў, аказваюць дапамогу жывёлам і амбулаторна, і на даму.
Які атрымаецца ўраджай, залежыць не толькі ад рупліўцаў, якасці насення, умоў надвор’я і іншых сельскагаспадарчых фактараў, але яшчэ ад адной немалаважнай акалічнасці. Высокая якасць глебы – гэта вялікі пласт работы. Запраўка глебы, мінералізацыя зямельных угоддзяў, утрыманне пажыўных элементаў – усё падкантрольна мясцоваму аддзелу станцыі хімізацыі.
Каардынацыйны цэнтр сельскагаспадарчых спраў – упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Тут даныя кожнай гаспадаркі падсумоўваюцца ў раённы вынік, адсюль каардынуецца дзейнасць кожнага элемента ў палявым раскладзе Ляхавіччыны. Зладжанасць і арыенцір на якасць – вось чым кіруюцца спецыялісты ўпраўлення.
Маргарыта Кухта.