Дзе чалавечнасць?..

Не трэба быць палітыкам, каб зразумець, што сёння адбываецца на беларуска-польскай граніцы. Талерантныя, неабыякавыя да гора іншых беларусы, як заўсёды, прадэманстравалі сваю міралюбівую пазіцыю. У кожнай дзяржавы свой погляд на міграцыйныя працэсы, свая палітыка паводзін, але ўсё ж у прыярытэце павінна быць жыццё чалавека.

Фото БЕЛТА

Бежанцы, што транзітам праходзяць праз нашу мяжу, жадаюць лепшага жыцця, ідуць туды, дзе іх гатовы прыняць. І гэта зразумела: іх радзіма не можа ім гарантаваць годнае, а, самае галоўнае, бяспечнае жыццё. Не аднойчы ў інтэрв’ю розным СМІ бежанцы разважалі пра будучае сваіх дзяцей, іх адукацыю, далейшае працаўладкаванне. Кожны дзень мы назіраем, як яны мараць знайсці паразуменне ў суседніх краінах, літаральна зранку пачынаюць дзяжурства ў так званым стыхійным лагеры каля пунктаў пропуску, дзеляцца думкамі пра магчымасць хутчэйшага адкрыцця гуманітарнага калідора. Тым больш, зразумела, канчатковая мэта бежанцаў не Польшча, а Германія, куды канцлер Ангела Меркель запрашала ўсіх бежанцаў з Блізкага Усходу схавацца ад вайны яшчэ некалькі гадоў назад.
Сказаць, што душа баліць за кожныя дзіцячыя вочкі, якія проста не разумеюць, што адбываецца вакол, якія не павінны ў мінусавую тэмпературу знаходзіцца не ў самых, мякка кажучы, камфортных умовах для пражывання, – гэта нічога не сказаць. А цяжарныя жанчыны, што вымушаны начаваць на ледзяным бетонным пакрыцці, грэбаваць санітарнымі ўмовамі, абыходзіцца без нармальнага для свайго становішча харчавання і іншага?! Гэта ўвогуле недапушчальна. Дзе сусветная супольнасць? І чаму
яна не заўважае катастрофу ў плане правоў на дастойнае жыццё?
Многія беларускія грамадскія арганізацыі, аб’яднанні, прафсаюзы, Чырвоны Крыж… адрэагавалі не ФЭЙКАВЫМ словам, а неабходнай
СПРАВАЙ. Самай са-праўднай падтрымкай тых, хто сёння аказаўся ў пастцы еўрапейскай неспра-вядлівасці. І кіруе такімі добрымі памкненнямі не палітычны погляд, а звычайнае чалавечае жаданне не назіраць збоку і думаць, што цябе гэта не датычыць, а жаданне дапамагчы. І гэта беларусы.
 Дзе справядлівасць? Няўжо справядліва ў бок нашай краіны чуць абвінавачванні ў жорсткіх адносінах да бежанцаў? Адкрыты ў прыгранічным транспартна-лагістычным цэнтры пункт часовага размяшчэння сёння дае прытулак тысячам бежанцаў. Літаральна кругласутачна падвозіцца гарачая вада, арганізавана харчаванне, гуманітарная дапамога аказваецца і ў плане цёплага адзення. Не засталіся ўбаку і нашы медыкі, якія аказваюць кожнаму, каму неабходна, меддапамогу. Прытым не радавую, сітуацыі былі розныя, і на рахунку беларускіх урачоў не адно выратаванае жыццё. Ці ж гэта ўсё можа параўнацца з адносінамі з боку суседняй краіны?
Вельмі крыўдна, ведаючы тое, як беларусы мабілізаваліся, каб дапамагчы блізкаму, праявілі самы сапраўдны гуманізм, бачаць, што мы аказаліся ў еўрапейскай супольнасці без віны вінаватымі. Гэта сапраўды праблема, толькі беларусы ў аснову пытання ўсё ж ставяць каштоўнасць чалавечага жыцця. Якія б  умовы ні дыктаваліся, чалавек заслугоўвае да сябе чалавечыя адносіны, тым больш замацаваныя ў шматлікіх міжнародных дакументах.
Сітуацыя на беларуска-польскай граніцы хвалюе лідараў многіх дзяржаў. Расійскі Прэзідэнт Уладзімір Пуцін таксама раскрытыкаваў Польшчу за прымяненне вадамётаў і слёзатачывага газу супраць бежанцаў з дзецьмі на польска-беларускай граніцы.
… Дзе чалавечнасць?

Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.