Уважлівы вадзіцель і паважлівы пешаход. Узаемная ветлівасць і выкананне ПДР – умова бяспекі на дарозе
Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў, што адзначаецца ў трэцюю нядзелю лістапада – яшчэ адна спроба прыцягнуць увагу вадзіцеляў і пешаходаў да жыццёва важнай неабходнасці бяспечных паводзін на дарозе, а таксама разумення непапраўнасці ўчыненых дзеянняў. Аўтамабіль – не толькі зручны спосаб перамяшчэння, але і фактар небяспекі. З пачатку года на Брэстчыне ўчынена 338 ДТЗ, у якіх 66 чалавек загінулі і 345 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. У Ляхавіцкім раёне за дзесяць месяцаў зарэгістравана восем аварый, у якіх два чалавекі загінулі.
Супрацоўнікі АДАІ РАУС са свяшчэннаслужыцелямі Ляхавіцкага благачыння ўшанавалі памяць загінулых на дарогах, а таксама маліліся за здароўе ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. У Крыжаўзвіжанскай царкве прайшоў малебен, а пасля адбылося асвячэнне аварыйна-небяспечных перакрыжаванняў і месцаў, дзе часцей за ўсё адбываюцца аварыі. На маршруце – пешаходныя пераходы каля гарадскіх школ і гімназіі, аўтадарога Ляхавічы – Баранавічы з прыпынкам у Дараве, паварот на Русінавічы.
АДАІ праводзіць сістэматычную мэтанакіраваную работу па прафілактыцы дарожнага траўматызму. Так, з 19 па 21 лістапада ў цэнтры ўвагі супрацоўнікаў міліцыі былі дарогі вёсак і аграгарадкоў раёна. За тры дні дзяжурства выяўлена 29 парушэнняў правілаў дарожнага руху, 20 з якіх на рахунку пешаходаў і веласіпедыстаў, прычым чацвёра з іх знаходзіліся ў нецвярозым стане.
Спынены адзін бяспраўнік, адзін чалавек кіраваў аўтамабілем без дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, яшчэ адзін не меў страхоўку на машыну. Сярод парушэнняў –няпропуск пешахода і няправільная перавозка пасажыра.
АДАІ РАУС просіць землякоў быць нераўнадушнымі і пры выяўленні нецвярозых вадзіцеляў за рулём машыны, што ствараюць небяспеку руху, тэлефанаваць па нумары 6-09-37 ці 102.
Яўгеній ВАЙШЭВІЧ, начальнік АДАІ РАУС.