Кропкай росту выступіла кукуруза. На разгляд пасяджэння Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта былі вынесены пытанні вытворчага, эканамічнага і прававога характару

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта адбылося ў мінулую пятніцу. На разгляд былі вынесены пытанні вытворчага, эканамічнага і прававога характару. Размова вялася аб выкананні суб’ектамі прафілактыкі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», аб вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў разрэзе збалансаванасці і дастатковасці нарыхтаваных сельгасарганізацыямі раёна кармоў. А першым значылася пытанне аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны за перыяд са студзеня па верасень бягучага года.

За дзевяць месяцаў 2021 года гаспадарчы комплекс раёна справіўся з выкананнем усіх трох устаноўленых рашэннем Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Да такіх адносяцца інвестыцыі ў асноўны капітал, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата і сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна.
А вось з сямі даведзеных заданняў выкананымі аказаліся толькі два. Зрэшты, яшчэ ёсць невялікі час, і існуюць перадпасылкі, што па некаторых з гэтых пакуль не выкананых заданнях да канца 2021-га атрымаецца выйсці на прагноз.
Што для сельскай гаспадаркі, на якой у прыярытэтным значэнні трымаецца і эканоміка, і «сацыялка» раёна, гэты год быў не самым спрыяльным у плане надвор’я – абсалютна бясспрэчны факт. Як вынік – недаўраджай збожжавых палеткаў адзначаны ва ўсіх гаспадарках раёна. Так, за студзень – верасень аб’ём атрыманай валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях у супастаўных цэнах склаў крыху больш за 97 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам года мінулага. Але ўжо дзесяць месяцаў года – студзень – кастрычнік – адзначыліся некаторай дынамікай. На даведзеныя заданнем тэмпы ў 103 працэнты выйсці хоць і не атрымалася, але і  102,5 паказаныя працэнты выглядаюць дастаткова прывабна. Асабліва раслінаводчая галіна, якая адзначылася тэмпам росту амаль у 106 працэнтных пунктаў.
Павелічэнне аб’ёму вытворчасці прадукцыі раслінаводства ў асноўным адбылося за кошт павелічэння збору зерня кукурузы, якога атрымана ў  15 разоў больш леташняга. На 26 працэнтаў таксама павялічыліся і сіласныя нарыхтоўкі. Як бачым, кукуруза ў гэтым сельскагаспадарчым годзе выступіла ў ролі кропкі росту. Не адзінай, адзначым, але, вельмі верагодна, што самай значнай, найбольш уплывовай на агульную сітуацыю.
Ніжэй сябе леташніх за дзесяць месяцаў года спрацавала большасць нашых сельгасвытворцаў. ААТ «Жарабковічы», ААТ «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», былое ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Больш за сем працэнтаў здаў ЗТАА «БелДан», яшчэ больш у плане вытворчасці льнотрасты – ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
А вось выручка ад рэалізацыі прадукцыі па сельгасарганізацыях павялічылася за дзевяць месяцаў на 34 працэнты. Узрасла ў працаўнікоў палёў і фермаў і сярэднямесячная заработная плата.
Па выніках работы ў справаздачныя месяцы стратных сельскагаспадарчых арганізацый у раёне няма. Неплацежаздольнае адно – КСУП «Ліпнянка».
Працягваючы тэму стратнасці, нельга не ўзгадаць УБП «ПМК-13» – адзінае на гэтым часе прадпрыемства ў раёне, якое характарызуецца стратнасцю. Прычына – недазагрузка, недахоп вытворчых падрадаў.
Большасць падрыхтаваных праектаў рашэнняў райвыканкам у той дзень не зацвердзіў – адправіў на дапрацоўку. Як канстатаваў старшыня Мікалай Мароз, рашэнні пішуцца не канкрэтна, «абцякальна», іх неабходна дапрацаваць.

Іван КАВАЛЕНКА.