Такія ідэі патрэбны! Нашы маладыя землякі прадставілі свае праекты ў занальным туры рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі»

Калі ў 2011 годзе БРСМ ініцыяваў правядзенне акцыі на лепшую інавацыйную ідэю, карысную для сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны і цікавую для практычнай рэалізацыі, мала хто разлічваў на такі рэзананс і такую актыўнасць моладзі.
За дзесяць сезонаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі»  3000 маладзёжных стартапаў увасоблены ў жыццё.
Зараз у краіне конкурс праходзіць ужо адзінаццаты раз.  У ім удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. Свае ідэі для Беларусі прапанавалі і навучэнцы ўстаноў Ляхавіччыны.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Дар’я Марозава, нашых юных землякоў і іх педагогаў зацікавілі намінацыі «грамадства і сацыяльная сфера», «інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі», «аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства».
Напрыклад, навучэнка СШ № 1 Арына Страмавус разам з настаўніцай Таццянай Кузаковай даследавалі неньютонаўскую вадкасць, з якой прапануюць рабіць модныя сёння і экалагічна чыстыя развіваючыя цацкі, што патрэбны, у тым ліку, рабятам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Некаторыя вынікі свайго даследавання яны прадэманстравалі на мінулым тыдні журы падчас прэзентацыі праектаў-канкурсантаў у раённай купалаўцы.
А Яна Маліхтаровіч з СШ № 2  з педагогам Таццянай Місюк паспрабавалі практычна даказаць, што мульчыраванне газоннай свежаскошанай травой – эфектыўны агратэхнічны спосаб вырошчвання экалагічна чыстых таматаў у абароненым грунце. Гэтай тэмай, дарэчы, займаюцца яшчэ з 2019 года, так што ў іх на руках ёсць дакладныя разлікі расходу вады на паліў і сродкаў для апрацоўкі таматаў ад фітафтарозу, а таксама разлікі ўраджайнасці. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што прапанаваны імі спосаб дапаможа агароднікам эканоміць час і знізіць затраты на вырошчванне ўраджаю.


Навучэнка Ляхавіцкага агракаледжа Аляксандра Турыянская з выкладчыкам Таццянай Галіцкай прадставілі даследаванне пахо-
джання назваў населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна. А каляджанін Іван Ёрш пры дапамозе педагога Тамары Сакаловай прэзентаваў распрацоўку віртуальнага музея агракаледжа.
Дар’я Марозава адзначыла, што яшчэ два праекты, заяўленыя для ўдзелу ў занальным туры конкурсу, журы разглядала дыстанцыйна: іх аўтары – рабяты і настаўнікі Востраўскай СШ і Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча – па стане здароўя на вочную сустрэчу прыехаць не змаглі.
Журы на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама Васіліем Пыжыкам і намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч ацэньвала арыгінальнасць і ўнікальнасць тэмы, паўнату яе раскрыцця, складанасць работ, актуальнасць, магчымасць практычнай рэалізацыі ідэй і многае іншае. У выніку было прынята рашэнне, што на абласным туры 14 снежня Ляхавіччыну прадставяць Арына Страмавус і Яна Маліхтаровіч. Поспехаў нашым дзяўчынкам!

Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.