Шчыра пра малую радзіму. Старшакласнік Падлескага ВПК стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак
Старшакласнік Падлескага ВПК Ягор Бецька стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці «Патрыёт.by», які праходзіў у фармаце анлайн.
140 работ даслалі для ўдзелу ў творчым іспыце ўстановы агульнай і дадатковай адукацыі, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэстчыны.
Дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама ў намінацыі «маё месца ў гісторыі маёй краіны» за распрацоўку «Гісторыя маёй малой радзімы – Вялікае Падлессе» ўзнагароджаны дзевяцікласнік Падлескага ВПК «дзіцячы сад – базавая школа» Ягор Бецька. Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Таццяна Карповіч, пад кіраўніцтвам якой збіраўся і сістэматызаваўся матэрыял, цудоўную навіну пра дасягненне свайго выхаванца сустрэла з асаблівай радасцю.
– Камп’ютарная распрацоўка ўяўляе сабой інтэрактыўны плакат, у якім змешчана гісторыя аграгарадка Падлессе. Яе можна выкарыстоўваць на факультатыўных занятках, пазакласных мерапрыемствах і класных гадзінах. На слайдах, акрамя фотаздымкаў, маецца інфармацыя пра гісторыю школы і аграгарадка, расказваецца пра славутых людзей нашага краю. З вопыту ведаю, што дзеці лепш успрымаюць матэрыял, прадстаўлены наглядна. Гэта абуджае цікавасць і падштурхоўвае да далейшага вывучэння. Ягор змог прадставіць распрацоўку ярка і пераканаўча, як сапраўдны патрыёт сваёй малой радзімы, – дзеліцца Таццяна Карповіч.
Ягор вельмі цікаўны і мэтанакіраваны юнак. Інтарэсы ў яго рознабаковыя: іграе на гітары, піша музыку, а яшчэ вельмі любіць матэматыку.
На рэспубліканскім этапе конкурсу Ягор таксама з гонарам апавядаў пра родныя мясціны і сваіх землякоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва Падлескага ВПК.