Суд ідзе. 5 снежня прафесійнае свята адзначаюць юрысты
5 снежня прафесійнае свята адзначаюць юрысты. Іх задача – захаваць нашы правы і законныя інтарэсы, а калі ўзнікла спрэчная сітуацыя – дапамагчы вырашыць яе выключна прадугледжанымі законам спосабамі і метадамі.
«Устаць, суд ідзе!» – фраза, знаёмая большасці па фільмах і серыялах, для работнікаў суда Ляхавіцкага раёна – працоўныя будні.
Тут штодня разглядаюцца справы, якія датычаць, у тым ліку забойстваў, махлярства, пазбаўлення бацькоўскіх правоў, падзелу маёмасці і г. д. За дзесяць месяцаў разгледжана каля пяці сотняў грамадзянскіх спраў і матэрыялаў, 174 крымінальныя справы і
матэрыялы, 1013 адміністрацыйных. Павялічылася колькасць спраў, звязаных з насіллем у быце: такіх сёлета 300.
Галоўная ацэнка дзейнасці Ляхавіцкага суда ў тым, што зваротаў пра неналежную работу суддзяў няма.
Больш за год на пасадзе старшыні суда Таццяна Жэрко. Сёлета мінула 12 гадоў з моманту, калі апранула судзейскую мантыю. А прафесійны шлях пачынала амаль 20 гадоў назад кансультантам суда. Ужо тады зразумела, што дзейнасць суддзі не абмяжоўваецца васьмігадзінным працоўным днём і звязана з вялікай колькасцю абавязкаў і спраў. Але цяжкасці не спалохалі. Таццяна Іванаўна адзначае, што пра колішні выбар не пашкадавала. І хоць працэс можа доўжыцца ў залежнасці ад катэгорыі цяжкасці ад пары гадзін да некалькіх дзён, а ў дзень іх можа быць больш за дзесяць – усе складанасці саступаюць, калі невінаваты апраўданы, а злачынца панясе пакаранне.
Вопыт і прафесіяналізм – гэта пра суддзю Наталлю Буднік. Юрыст вышэйшага класа, яна шмат гадоў узначальвала раённы суд. І сёння вядзе працэс згодна з літарай закону: застаецца непрадузятай і ацэньвае ўчынкі падсуднага з пункту гледжання заканадаўства.
Вядучага спецыяліста суда Ірыну Камко кіраўніцтва характарызуе як супрацоўніка юрыдычна граматнага, нераўнадушнага і мэтанакіраванага. Яе ўчастак дзейнасці – кадравы, а таксама прыём грамадзян і работа са зваротамі, многае іншае. У сучасным судаводстве актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі. Вядучы спецыяліст адказвае таксама і за запаўненне спе-
цыяльнага модуля абязлічвання тэкстаў судовых пастаноў – работа гэта карпатлівая і руцінная. Але і тут вызначаецца адказным стаўленнем. Вікторыя Сакалоўская больш за 15 гадоў памочнік суддзі, а юрыдычнай мовай кажучы – сакратар судовага пасяджэння. З пералікам абавязкаў спраўляецца на выдатна.
Унушальны стаж работы сакратара суда Веры Дацко – больш за тры дзесяцігоддзі – толькі падкрэслівае яе высокакваліфікаванасць і кампетэнтнасць.
Зараз, дарэчы, вядзецца аўтаматызаваны ўлік разглядаемых спраў усіх катэгорый. Унясеннем звестак у базу займаюцца ўсе юрысты суда.
– Калектыў у нас невялікі, але вызначаецца працаздольнасцю. Дзейнасць патрабуе не толькі юрыдычных ведаў і ўмення расставіць правільна кропкі і браць адказнасць на сябе, але і эмацыянальнага напружання. Гэтым якасцям адпавядаюць усе супрацоўнікі суда Ляхавіцкага раёна, – падкрэслівае Таццяна Жэрко.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.