Мастацтва кінуць . Адбыўся чарговы турнір па дзюдо памяці земляка – кавалера ордэна «За асабістую мужнасць» Сяргея Свянтэцкага

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Чацвёртыя па ліку (а, нагадаем, у мінулым годзе спаборніцтвы не праводзіліся з-за пандэміі) былі дастаткова маштабнымі: праходзілі ў фармаце трох дзён і з прадстаўніцтвам школ дзюдо з амаль паўтара дзясятка гарадоў краіны. Першы дзень каляндарнай зімы можна разглядаць як арганізацыйную размінку: каманды падцягваліся ў Ляхавічы, ажыццяўлялася іх размяшчэнне, узважванне спартсменаў. Два наступныя дні – напружаныя схваткі, час гарачай, з перапынкамі на цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў і прызёраў, барацьбы.

Мінск, Брэст, Баранавічы, Гродна, Драгічын, Валкавыск, Кобрын, Камянец, Давыд-Гарадок, Івацэвічы, Жодзіна, Клецк, Светлагорск і, канешне ж, Ляхавічы – такое геаграфічнае прадстаўніцтва меў сёлетні мемарыял Свянтэцкага. А з улікам таго факта, што некаторыя гарады (Брэст і Баранавічы, напрыклад)
прыехалі не адной камандай, агульная колькасць спартыўных дружын набліжалася да двух дзясяткаў. Множым на дзясятак-паўтара дзюдаістаў і дзюдаістак у складзе кожнай – і атрымліваем унушальнае агульнае кола ўдзельнікаў узростам ад 10 да 16 гадоў.
Але перш, чым прагучаць судзейскаму «хаджымэ!» – каманда да пачатку паядынка ў дзюдо, – адбылася ўрачыста-хвалюючая цырымонія адкрыцця турніру мужнасці. На ёй па традыцыі прысутнічала маці  Сяргея Свянтэцкага Ала Іванаўна. Сярод ганаровых гасцей – намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, камандаванне вайсковай часці Унутраных войскаў МУС, у радах якой праходзіў тэрміновую службу і здзейсніў свой подзвіг ураджэнец вёскі Крывошын, а таксама благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі, заслужаны трэнер, майстар дзюдо і іншыя. Урачыстасць суправаджаў аркестр вайсковай часці, які, у тым ліку, выступіў са сваім фірменным дэфіле – гэтакім міні-плац-канцэртам.


Але галоўны, відовішчны і ніколькі не пастановачны канцэрт-выступленне адбыўся адразу за адкрыццём. Сцэнай стала барцоўскае татамі, дзе ў ролі асноўных выканаўцаў выступалі адзінаборцы ўсходняга стылю барацьбы, майстры па-мастацку прыгожа, «чыста» па правілах і з высокай амплітудай кінуць свайго саперніка. І заслужыць пры гэтым пераможнае «іпон» – вышэйшую ў дзюдо судзейскую ацэнку.
І гэтая каманда над ляхавіцкім татамі гучала не так ужо і рэдка, абвяшчаючы перамогу ў спарынгу таго ці іншага дзюдаіста-дзюдаісткі.
Дзюдо ў Ляхавічах «давалі» адразу на трох татамі. Што, канешне ж, для глядацкага сэрца і інтарэсу ўяўляе пэўныя перавагі. Дае магчымасць аддавацца відовішчу ў параўнанні. На кожным татамі адбываецца, як правіла, сваё дзюдо. У залежнасці ад узросту пар барцоў, узроўню іх спецыяльнай і фізічнай падрыхтоўкі, абранай на паядынак тактыкі саперніцтва, у рэшце рэшт – юнакі перад намі ці «танец» у выкананні дзяўчат. Можна перамяшчацца, спыняцца, аддавацца найбольш цікавым для канкрэтнага гледача момантам. З другога боку, распыляецца ўвага, здараецца няпростым затрымацца поглядам на канкрэтным спарынгу, у моманты гарачых і гучных праяўленняў, узнікаючых на суседнім татамі.
Першы дзень спаборніцтваў прынёс ляхавіцкім дзюдаістам некалькі турнірных тытулаў. Аляксандра Шчарбакова выступала на мемарыяле Свянтэцкага ў ліку першых пар удзельніц. Засяродзіла ўвагу публікі адметнай грацыёзнасцю, плаўнасцю рухаў, іх, калі так можна сказаць, даўжынёй і ў той жа час рэзкасцю. Як вынік, выхаванка трэнера-выкладчыка СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Віктара Богуша пакінула татамі ў званні пераможцы. А выступала Аляксандра сярод дзяўчат 2005–2006 гадоў нараджэння ў вагавай катэгорыі 48 кілаграмаў.

Яшчэ з адным нашым пераможцам-чэмпіёнам атрымалася дастаткова шчыльна пагутарыць у перапынку паміж схваткамі. На той момант Мацвей Анікей ужо гарантаваў сабе другое прызавое месца турніру, настройваўся на фінальны бой, але ад гутаркі і фота не адмовіўся. Расказаў, што зараз з’яўляецца навучэнцам Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Трэніруецца пад кіраўніцтвам нядаўняга трэнера нацыянальнай зборнай, першага і пакуль адзінага ў Беларусі пераможцы сусветнага першынства Дзяніса Кунцэвіча. Свой «свет» ён заваяваў у няблізкім ужо 2002-м у Карэі, у спаборніцтве сярод маладых – да 20-ці гадоў спартсменаў. Пра свайго саперніка па маючым адбыцца фінале Мацвей расказаў наступнае:
– Вельмі моцны спартсмен. Сустракаемся не ўпершыню, і неаднойчы яму прайграваў, прадстаўляе Гродзенскае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Хто выйдзе мацнейшым на гэты раз? Зараз паглядзім.
Ну, мы і паглядзелі – на прыгожае дзюдо, напружаную схватку, мацнейшым у якой быў кандыдат у майстры спорту Мацвей Анікей, першым спартыўным настаўнікам якога з’яўляецца таксама Віктар Богуш.
Наперадзе былі яшчэ амаль два дні дзюдо ў рэжыме, фактычна, анлайн. Былі прыгожыя паядынкі, перамогі, у тым ліку ляхавіцкія і, магчыма, расчараванні. Гэта спорт, дзюдо, турнір-прысвячэнне мужнасці.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.