Бухгалтарскі залік для камунгаса. Галоўны бухгалтар Ляхавіцкага камунгаса сёлета ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года»

Галоўны бухгалтар Ляхавіцкага камунгаса Таццяна Шчука сёлета ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года».

Лепшая ў сваёй справе: вопытная і кампетэнтная, старанная і адказная. Пра прафесійныя якасці галоўнага бухгалтара КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Таццяны Шчукі можна разважаць доўга. Для сваіх калег-бухгалтараў яна метадыст-профі, які дасканала валодае фінансава-гаспадарчай дзейнасцю прадпрыемства, ведае нарматыўна-прававую базу і пастаянна ўдасканальвае свае веды. Прычым шчыра дзеліцца імі з супрацоўнікамі.

Да сённяшняй пасады Таццяна Іосіфаўна ішла паступова, напрацоўваючы вопыт і павышаючы класнасць. 28 гадоў назад яна з эканаміста Ляхавіцкага міжраённага ўпраўлення асушальных і арашальных сістэм перапрафілявалася на бухгалтара па зарплаце камунгаса –  спецыяльнасць па дыпломе «эканоміка і арганізацыя сельскай гаспадаркі» адчыняла дзверы ў многія прадпрыемствы. А праз пяць гадоў узначаліла бухгалтарскую службу ЖКГ. Адзнакай якасці яе работы сталі, у тым ліку, і атрыманыя ўзнагароды: удастоена знака «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі», партрэт быў занесены на раённую Галерэю славы, мае шматлікія граматы і падзякі рознага ўзроўню. Сёлета галоўны бухгалтар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» удастоена ганаровага звання «Чалавек года» ў намінацыі «архітэктура, будаўніцтва, жыллёва-камунальная і дарожная гаспадарка, транспарт і сувязь». Днямі стала вядома, што за шматгадовую добрасумленную працу (працоўны стаж складае без малога чатыры дзесяцігоддзі) у сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, прафесіяналізм Таццяна Шчука адзначана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Таццяна Іосіфаўна любіць сваю работу і ў кампаніі лічбаў адчувае сябе вельмі ўпэўнена. Паважае калег, якія ў райцэнтры галоўныя па навядзенні чысціні і добраўпарадкавання. Камунальнікі стараюцца здзіўляць гараджан адметнымі навінкамі, робяць Ляхавічы ўтульнымі і камфортнымі для жыцця. І ў гэтым маецца таксама ўклад і бухгалтарскай службы камунгаса, якую ўзначальвае Таццяна Шчука.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.