Эканамічны аналіз і прагноз на заўтра
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па рабоце эканомікі ў 2021 годзе і праектах прагнозу развіцця краіны на 2022-і.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: спектр вынесеных на нараду пытанняў вельмі шырокі – ад дасягнутых цяпер рэзультатаў, ацэнкі вынікаў бягучага года да мер фінансава-эканамічнай палітыкі, якую Савет Міністраў і Нацыянальны банк прапануюць на наступны год.
«Наша эканоміка зведвае беспрэцэдэнтны па маштабе і глыбіні націск звонку. Агрэсіўныя не толькі рыторыка, але і дзеянні захоўваюцца. А значыць, трэба правесці сур’ёзны аналіз прымаемых намі мер. Думаю, што гэта ўжо зроблена», – сказаў Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што Беларусь не ўпершыню сутыкнулася з санкцыйным націскам. Больш таго, у краіне да гэтага рыхтаваліся як мінімум паўгода, і ва Урадзе існуе так званы антыкрызісны штаб. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і ў цэлым Урад павінен займацца гэтымі пытаннямі прынцыпова, без валакіты, дакладна і па-ваеннаму.
«Аб сённяшніх мерах. Якія з іх у нас былі эфектыўныя, якія не? Якія не даюць чаканага выніку? Што трэба будзе рабіць яшчэ?» – абазначыў шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што пакуль у краіне здолелі захаваць эканамічны рост і не дапусціць пераносу большасці праблем на штодзённае жыццё людзей.
«Вось гэта галоўная задача. Якія б ні былі санкцыі, як бы на нас ні націскалі, што б з намі ні спрабавалі зрабіць, мы павінны прымаць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі. Прынамсі, каб гэтыя санкцыі і меры звонку не вызначалі жыццё людзей. Запомніце: гэта галоўнае», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, вынікі дзесяці месяцаў дэманструюць, што валавы ўнутраны прадукт павялічыўся прыкладна на 2,5 працэнта, расце прамысловая вытворчасць (больш за 7 працэнтаў), прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах.
Больш за 60 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін. Такія даныя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці, растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
«Экспарт тавараў і паслуг павялічыўся прыкладна на
33 працэнты, у краіну дадаткова паступіла 8,5 мільярда долараў. Склаўся рэкордны дадатны знешнегандлёвы баланс –
больш як 2,7 мільярда долараў», – звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў многім дзякуючы такой узважанай макраэканамічнай палітыцы ў краіне нядрэнныя паказчыкі плацежнага балансу, а значыць, устойлівы курс і спакой на фінансавым рынку.
«Усё гэта добра, але мы не павінны думаць, што вырашылі ўсе праблемы. Тут і вельмі напружаная работа дзяржаўнага апарату, усяго народа, і збег абставін: у нечым нам і пашанцавала. Я ўжо гаварыў: тое, што мы выбралі свой беларускі шлях у пандэміі мінулага года – не закрываліся, не крычалі, проста працавалі. Гэта дае сёння свае вынікі. Беларускім шляхам у 2021 годзе пайшоў увесь свет», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і праблем у краіне нямала. Але на 90 працэнтаў яны прыўнесены звонку. Прэзідэнт спыніўся на негатыўных тэндэнцыях, якія непакояць не толькі яго. «Гэта перш за ўсё датычыцца цэн», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне 5 працэнтаў, а цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7 працэнтаў, па некаторых таварах першай неабходнасці зафіксавана павышэнне ад 10 да 100 пра-
цэнтаў. Пры гэтым вытворцы сацыяльна значных тавараў і суб’екты гандлю знайшлі пралазы, якія даюць магчымасць абыходзіць уведзеныя цэнавыя абмежаванні і павышаць цэны.
Прэзідэнт падкрэсліў: нельга дапусціць таго, каб цэнавыя фактары пераходзілі ў наступны год. «Там і без гэтага хопіць праблем: пачынаючы ад рызык пашырэння так званых санкцый, да якіх рэгулярна заклікае Захад, і заканчваючы пагрозай распаўсюджвання пандэміі, гэтага муціруючага віруса, – сказаў ён. – Гэта дадатковы цяжар на і без таго перагружаны фонд сацыяльнай абароны і медыцынскую сферу ў цэлым».
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі ў краіне гатовы процістаяць гэтым рызыкам, у якой ступені прагнозныя да-кументы адаптаваны да існуючых выклікаў, якія сістэмныя падыходы закладае Урад не толькі для прадухілення негатыўнага ўплыву недружалюбных дзеянняў, але і для развіцця краіны.
Прэзідэнт выказаўся аб праекце бюджэту на 2022 год і падкрэсліў неабходнасць эканоміі і скарачэння неабавязковых расходаў.
«Варта памятаць, што людзям патрэбны не лічбы і паказчыкі. Нашых грамадзян хвалююць блізкія ім пытанні: зарплата, работа, цэны. У гэтым кантэксце і прашу весці наш дыялог – ці дастаткова запланавана мер па кантралюемых мной пытаннях», – звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады.
Ён звярнуў увагу, што праект бюджэту на 2022 год фарміруецца дэфіцытным. «З аднаго боку, зразумела чаму. Мы нясём незапланаваныя расходы, якія складана прадугадаць. Але з іншага, пытанне – ці ўсе эканомяць і напружваюцца па скарачэнні неабавязковых расходаў, якіх у нас шмат. Таму пытанне эканоміі, беражлівасці зноў выступае на першы план. Ці ёсць крыніцы на пакрыццё дэфіцыту? Ці не прывядзе гэта да напружанасці пры выкананні сацыяльных абавязацельстваў?» –
абазначыў шэраг прыярытэтных пытанняў Прэзідэнт.
«На практыцы для нас гэта значыць, што спатрэбіцца ўзмацніць дысцыпліну і гібкасць: пераарыентавацца на дружалюбныя гандлёвыя і фінансавыя рынкі, не звяртаючы ўвагі на выпады Захаду», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Асобным пытаннем на нарадзе абмяркоўвалася сітуацыя з дзяржаўным доўгам і планамі па яго пагашэнні. «Беларусь заўсёды была і будзе бездакорным плацельшчыкам па сваіх абавязацельствах. Нягледзячы ні на якія складанасці, мы не маем права страціць гэту рэпутацыю», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паставіў задачу перад Урадам і эканамічным блокам краіны ў наступным годзе захаваць цяперашні ўзровень абароненасці насельніцтва, знізіўшы інфляцыю.
Па матэрыялах БЕЛТА.