У чаканні «амікрона». 10142 жыхары Ляхавіччыны атрымалі першую дозу вакцыны, 8146 землякоў прайшлі поўны прышчэпачны курс
Пакуль у нашай краіне дамінуе каранавірусная «дэльта». Аднак «амікрон» – чарговы штам – зарэгістраваны ўжо амаль у 60 краінах свету. У новага штама, як сведчаць медыкі, рэкордная колькасць мутацый. Аднак, як і пры папярэдніх штамах, усе напрацаваныя схемы лячэння дзейсныя.
Па даных, якімі медыцына валодае сёння, у тых, хто заразіўся «амікронам» назіраюцца наступныя сімптомы: моцная стамляльнасць, галаўны боль, боль у целе, невялікія скачкі тэмпературы, пяршэнне ў горле без кашлю ці пры слабым сухім кашлі. Пры новым штаме не знікаюць пахі і практычна няма рэс-піраторных сімптомаў, але застаюцца праблемы з сэрцам. Па назіраннях урачоў, «амікрон» выклікае больш лёгкае цячэнне каранавіруса, расказвае загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі Яўгеній Мудрагелаў.
І разам з тым, ва ўсіх рэгіёнах краіны бальніцы вяртаюцца да планавай работы. Ляхавіцкая ЦРБ не выключэнне.
– Паступова пераводзім на звычайны рэжым работы тыя падраздзяленні, што былі часова перапрафіляваны для лячэння каранавірус-ных хворых. У прыватнасці, з дня на дзень на поўную магутнасць запрацуе неўралагічнае аддзяленне райбальніцы. Заклікаю пацыентаў з хранічнымі захворваннямі не адкладваць візіт да ўрача, не запускаць хваробу. Паліклініка працуе па звычайным графіку, прыём вядуць усе спецыялісты. Па-ранейшаму актуальны папярэдні запіс, – тлумачыць галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
На арэлях – менавіта так можна ахарактарызаваць сітуацыю з COVID-19 у Беларусі. Колькасць тых, каму лабараторна пацверджаны дыягназ «каранавірус», то рэзка апускаецца да тысячы чалавек за суткі, то на наступны дзень перавышае 1700 чалавек. І па-ранейшаму няма больш дзейснага спосабу супрацьстаяць карана-вірусу, чым вакцынацыя, што дазваляе калі не захварэць, то перанесці хваробу ў лёгкай форме. – Таму, хто прышчапіўся шэсць і больш месяцаў назад, варта задумацца пра паўторную вакцына-цыю супраць COVID-19. Асабліва гэта важна для людзей старэйшых за 60 гадоў, тых, хто мае хранічныя захворванні, прымае гарманальную тэрапію, пацыентаў, якія прайшлі лячэнне анкалагічных хвароб, знаходзяцца на гемадыялізе. Асабліва звярну ўвагу на неабходнасць рэвакцынацыі работнікам устаноў аховы здароўя, сацыяльнай службы, якія непасрэдна кантактуюць з іншымі, бо ў іх вышэйшая рызыка інфіцыравання кавідам. Узмоцнены вакцынай імунітэт дапаможа абараніць арганізм прышчэплена-га чалавека ад цяжкага цячэння хваробы, што важна і ва ўмовах з’яўлення новых штамаў віруса, – адзначае Яўгеній Мудрагелаў. – Дакладных жорсткіх тэрмінаў для рэвакцынацыі няма, пажадана яе зрабіць праз 6–12 месяцаў пасля завяршэння поўнага курсу атрымання прышчэпкі.
Яўгеній Мудрагелаў нагадаў, што пабочныя з’явы пры рэвакцынацыі амаль аналагічныя тым, што ўзнікаюць пры першасным выкарыстанні вакцыны: боль у месцы ўвядзення ін’екцыі, нязначнае павышэнне тэм-пературы цела на працягу аднаго-двух дзён пасля вакцынацыі.
Як адзначылі ў райЦГіЭ, па стане на 10 снежня 10142 жыхары Ляхавіччыны атрымалі першую дозу вакцыны, 8146 землякоў прайшлі поўны прышчэпачны курс. Рэвакцынацыю зрабіў 381 чалавек.
Яшчэ адзін важны момант. Прадаўжаецца вакцынацыя супраць грыпу. Загадчык паліклінікі Анатолій Панько нагадвае, што ў нашым раёне бясплатна расійскай вакцынай «Грыпол плюс» прышчапляюць грамадзян з групы рызыкі: з хранічнымі захворваннямі, сталага ўзросту, цяжарных, дзяцей. Акрамя таго, вакцынавацца можна на платнай аснове – прэпаратамі французскай і расійскай вытворчасці.
Галіна КАНЬКО.