Глядзім сваё кіно. Тэма апытання «ЛВ» — Дзень беларускага кіно
Напэўна, у кожнага з нас свае асацыяцыі, звязаныя з беларускім кіно. Адны пакаленні і сёння ў захапленні ад дзіцячых фільмаў, знятых на кінастудыі «Беларусьфільм» у перыяд СССР: «Корцік», «Бронзавая птушка», «Апошняе лета дзяцінства», «Прыгоды Бураціна», «Пра Чырвоную Шапачку», «Не пакідай», «Па сакрэце ўсяму свету»… Для некаторых беларускае кіно – гэта багатая фільмаграфія знакамітых айчынных рэжысёраў Уладзіміра Корш-Сабліна, Міхаіла Пташука, Ігара Дабралюбава, Аляксандра Яфрэмава, Валерыя Рубінчыка, Леаніда Нячаева, Віктара Турава… Хтосьці зноў і зноў пераглядае фільмы, што сталі класікай: «Ідзі і глядзі», «Я родам з дзяцінства»,
«Белыя росы», «Мяне завуць Арлекіна» (дарэчы, гэта самы касавы фільм, зняты на беларускай кінастудыі ў савецкі час) і многія іншыя. Нягледзячы на розныя густы, мы любім беларускія фільмы – яны цікавыя, з запамінальным сюжэтам, падабаюцца прадстаўнікам розных узростаў і запытаў.
Дарэчы, Ляхавіцкі раён таксама мае пэўныя адносіны да кіно. Наш зямляк Міхаіл Пташук – сусветна вядомы кінарэжысёр, і адзін са сваіх фільмаў – «Вазьму твой боль» – здымаў, у тым ліку, на тэрыторыі Ляхавіччыны. Дарэчы, гэта не адзіная кінастужка, здымкі якой праходзілі ў нас. Так, некаторыя эпізоды фільма «Лісіная нара» серыяла «Смерць шпіёнам» зняты ў ваколіцах Савеек.
17 снежня ў нашай краіне пазначана як Дзень беларускага кіно. Менавіта гэта тэма і стала чарговай нагодай для традыцыйнага апытання «ЛВ».
Людміла ЛУЗЯНІНА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Конькаўскага ВПК:
– Для мяне беларускае кіно – гэта перш за ўсё наш зямляк народны артыст Беларусі, кінарэжысёр, з якім звязана цэлая эпоха беларускага кіно, – Міхаіл Мікалаевіч Пташук.
Зараз на ўроках якраз вывучаем твор Васіля Быкава «Знак бяды». І ў якасці суправаджальнага матэрыялу паказваю рабятам кадры з аднайменнай кінастужкі, знятай Міхаілам Пташуком.
У Конькаўскай школе створана экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Міхаіла Пташука. Штогод у снежні (да Дня беларускага кіно) і ў студзені (да дня нараджэння славутага кінарэжысёра) арганізоўваем імпрэзу каля дома, дзе ён нарадзіўся, жыў, куды часта прыязджаў да маці.
Пташука вельмі любілі, паважалі землякі і сёння вельмі ганарацца.
Кожны – ад малога да вялікага – ведае, што на старым мосце ў Дараве і ў самой вёсцы здымаліся эпізоды фільма «Вазьму твой боль». У мінулым годзе на тым мосце праводзілі сумеснае мерапрыемства па творчасці Міхаіла Пташука для вучняў Конькаўскай і Дараўскай школ. А ў шматсерыйным фільме «Час выбраў нас» успамінаюцца і Ляхавічы, дзе адзін з герояў у даваенны час служыў участковым міліцыянерам. Асабіста я перагледзела амаль усе фільмы нашага земляка, а іх больш за 30. І ад кожнага свае ўражанні, перажыванні, асацыяцыі, бо ў аснове кожнага – чалавек, яго лёс. Нездарма Міхаіла Мікалаевіча называюць адным з лепшых беларускіх кінарэжысёраў. Яго фільмы адзначаны ўзнагародамі шматлікіх міжнародных кінафестываляў.
Цікава глядзець стужкі, знятыя па творах беларускіх пісьменнікаў. Напрыклад, «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Альпійская балада» і іншыя.
Я настаўнік, таму люблю глядзець фільмы пра школу. «Расклад на паслязаўтра», зняты Ігарам Дабралюбавым у 1979 годзе, адзін з такіх.
Аляксандр МЯДЗВЕЦКІ, дырэктар кінатэатра «Кастрычнік»:
– У нашым кінатэатры падабрана вялікая змястоўная панарама дакументальных беларускіх фільмаў для рабят розных узроставых груп. Я таксама захапляюся дакументальным кіно. Сярод маіх фаварытаў – «Мяжа» – пра ахову гістарычных каштоўнасцей, «Азбука навін» – пазнавальная стужка, «22 чэрвеня – самы доўгі дзень» – пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Бясспрэчна, люблю і мастацкае кіно. У тым ліку і беларускае. Як кадраваму ваеннаму, падабаюцца адпаведныя фільмы: «Брэсцкая крэпасць», «У жніўні 1944-га», «Дняпроўскі рубеж», «Час выбраў нас».
Часта, калі глядзіш кіно, знятае па матывах таго ці іншага мастацкага твора, узнікае жаданне пачытаць гэты твор. Напрыклад, Івана Шамякіна «Вазьму твой боль» ці Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць», «Партызаны», «Карнікі», па якіх зняты фільм «Ідзі і глядзі».
Лічу, што бацькам неабходна як мага часцей паказваць сваім дзецям беларускія кінафільмы, у тым ліку
і гэтым выхоўваць пачуццё патрыя-
тызму, гонару за сваю краіну і яе гісторыю.
Святлана СТАЛЯРЧУК, галоўны спецыяліст аддзела загса:
– Памятаю, як у гадоў восем упершыню ўбачыла кінастужку «Дзяўчынка шукае бацьку» пра маленькую дзяўчынку, чыю маці забілі фашысты, а яна шукала свайго бацьку – камандзіра партызанскага атрада. Знаходзілася пад такім уражаннем, што не перадаць словамі… Нядаўна прачытала, што ў першы год пасля выхаду на вялікі экран у 1959 годзе карціну паглядзелі больш за
35 мільёнаў чалавек.
Кожны раз, калі гляджу фільмы з серыі «Дзяржаўная граніца», адкрываю для сябе нешта новае, а любімыя эпізоды магу глядзець па некалькі разоў.
Творы Алеся Адамовіча сталі асновай для фільмаў Віктара Турава «Вайна пад дахамі» і «Сыны ідуць у бой». Фільмы запомніліся не толькі таму, што расказваюць пра подзвіг звычайных людзей у гады вайны, але і таму, што там гучаць песні Уладзіміра Высоцкага.
А «Белыя росы» Ігара Дабралюбава – увогуле фільм фільмаў – лёгкі, але ў той жа час колькі ў ім сэнсу, любві да сваёй малой радзімы, сямейныя каштоўнасці. А якія цудоўныя акцёры там здымаліся!
Таксама мне падабаюцца фільмы, знятыя і ў ХХІ стагоддзі, – «Сляды на вадзе» пра барацьбу савецкіх міліцыянераў з бандытамі на Гродзеншчыне ў першы пасляваенны год; ваенная драма «Вам – заданне» па аповесці беларускага пісьменніка Мікалая Чаргінца.
Падабаецца і серыял «Талаш», у аснове якога твор «Дрыгва» класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Колькі перажыванняў заўжды падчас прагляду «Рыфмуецца з любоўю». Пералічваць можна доўга. У нас сапраўды ёсць што паглядзець…
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.