У кавіда – …канкурэнт. Як і ў дачыненні COVID-19, супраць грыпу лепшага сродку прафілактыкі, чым прышчэпка, няма

Нягледзячы на тое, што сёння сярод вострых рэспіраторных інфекцый лідзіруе каранавірус, ніхто не адмяняў іншыя ВРІ, у тым ліку і грып. Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у краіне зараз назіраецца тэндэнцыя росту захворвання на грып. Як і ў дачыненні COVID-19, супраць грыпу лепшага сродку прафілактыкі, чым прышчэпка, няма.

– У дакавідны час самым спрыяльным перыядам для вакцынацыі лічыўся канец кастрычніка – лістапад, цяпер, у сувязі з чарговымі хвалямі захворвання COVID-19, медыкі пачалі прышчэпачную кампанію ў верасні, каб у людзей своечасова выпрацаваўся імунітэт да грыпу. Прэпарат вакцыны пачынае дзейнічаць праз
два-тры тыдні пасля ўвядзення і абараняе арганізм на працягу наступных шасці – дзевяці месяцаў. Для фарміравання паўнацэннага імунітэту прышчапіцца пажадана, калі грып яшчэ не рэгіструецца, – адзначае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
– У Ляхавіцкім раёне можна прайсці вакцынацыю не толькі ў медустановах, на прышчэпачным пункце ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, а і непасрэдна па месцы работы, вучобы, нават дома. Прычым адначасова можна вакцынавацца і супраць грыпу, і супраць каранавіруса. Прышчэпка супраць грыпу неабходна ўсім, асабліва людзям з хранічнымі захворваннямі. Вакцынаваны чалавек нават калі і захварэе, то ў лягчэйшай форме перанясе хваробу, ды і ступень ускладненняў будзе значна меншай, – расказвае загадчык паліклінікі Анатолій Панько.
Медыкі ў масках і спецыяльных ахоўных касцюмах, на руках пальчаткі, інструмент выключна аднаразовы – карціна звыклая для сённяшняй эпідэмічнай сітуацыі назіралася і падчас прышчэпачнай кампаніі: усё для бяспекі тых, хто будзе прышчапляць, і тых, хто вакцынуецца.
– Раблю прышчэпку супраць грыпу з году ў год, сёлета, акрамя таго, прайшла поўны курс вакцынацыі і супраць каранавіруса. Мяркую на пачатку наступнага года яшчэ зрабіць і рэвакцынацыю. Лічу, што дзякуючы менавіта прышчэпцы грыпам не хварэю даўно.
Увогуле, лічу прышчэпкі вельмі значным і неабходным спосабам прафілактыкі розных хвароб, – гаворыць ляхавічанка Алена Сяргееўна.
Галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч паведаміў, што за кошт бюджэту ў раёне прышчапляюць расійскай вакцынай «Грыпол плюс». Па даных райбальніцы, па стане на 10 снежня такую імунізацыю прайшлі ўжо 5315 землякоў. Вакцынацыя таксама праводзіцца за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый, уласныя сродкі грамадзян. Медыкі ідуць насустрач і ўвялі ў практыку выезды на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
– Усяго са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў плануем вакцынаваць 7780 чалавек. Яшчэ 1892 землякі плануецца прышчапіць за кошт прадпрыемстваў і ўстаноў. Пакуль такой магчымасцю скарысталіся 511 землякоў, – патлумачыў Анатолій Панько. – Найбольш актыўна прышчэпачная кампанія супраць
грыпу прайшла ў камунгасе, ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», «ТБЗ Ляхавіцкі»,  ТАА «Трансэлектракамплект», «Ібіра», лясгасе.
Пераважная колькасць грамадзян прышчапляецца супраць грыпу за бюджэтныя сродкі, адпаведна самі прышчэпленыя з уласнага кашалька за вакцынацыю не плацяць. Бясплатна прышчэпку атрымліваюць тыя, хто ўваходзіць у групу рызыкі: дашкольнікі, школьнікі, навучэнцы ЛАКа, дарослыя з хранічнымі захворваннямі
дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, парушэннямі функцый нырак, асобы старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, работнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, грамадскага харчавання, сферы абслугоўвання і іншыя. За ўласныя сродкі прышчапіліся французскай вакцынай  18 землякоў: 16 дарослых і двое дзяцей.
– І ў Ляхавіцкім раёне расце захворванне вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі сярод дашкольнікаў і школьнікаў. Гэта адзначаецца і па колькасці дзяцей на прыёме ў педыятра, і па колькасці выклікаў урача на дом. Амаль запоўнена педыятрычнае аддзяленне райбальніцы. Хачу звярнуцца да бацькоў: калі заўважылі ў дзіцяці прыкметы прастуды (кашаль, насмарк), не адпраўляйце сына ці дачку ў дзіцячы сад, школу, каб не даць распаўсюдзіцца віруснай інфекцыі ў дзіцячым калектыве. Тым больш, што распараджэннем Міністэрства аховы здароўя непаўналетнія з прыкметамі хваробы могуць не наведваць заняткі да пяці дзён і потым не прадастаўляць даведку ад урача. Памятайце, што ВРІ можа даць ускладненне: развіваюцца пнеўманія, атыт і іншыя хваробы. Калі дзіця хварэе ў лёгкай форме, бацькі могуць справіцца з лячэннем самастойна, а вось пры ўскладненнях абавязкова звяртайцеся за кваліфікаванай медыцынскай дапамогай. Тут самалячэнне недапушчальна, – тлумачыць сітуацыю ўчастковы ўрач-педыятр  Надзея Кірыковіч.

Галіна КАНЬКО.