Правы і абавязкі крочаць разам. Штогод у Начаўскай СШ у пачатку снежня праводзіцца тыдзень прававых ведаў
Правы чалавека – аснова дэмакратычнага жыцця грамадства. Чалавецтва прайшло доўгі шлях для заваявання розных правоў, і зараз яны – неад’емная частка жыцця грамадства. Але не трэба забываць, што кожны чалавек мае не толькі правы, але павінен ведаць і выконваць абавязкі перад дзяржавай і грамадствам. Гэтаму неабходна з дзіцячага садка, школы вучыць маленькага грамадзяніна.
Штогод у Начаўскай СШ у пачатку снежня праводзіцца тыдзень прававых ведаў, прымеркаваны да Дня правоў чалавека.
Сёлета падчас яго адкрыцця рабяты пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення і фарміравання сістэмы правоў чалавека. Цікава прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі пракуратуры, РАУС, райвыканкама. З інтарэсам школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсе-выставе малюнкаў, інфармацыйных гадзінах прававой тэматыкі, інтэрактыўнай гульні-віктарыне. Пазнавальнымі сталі інфармацыйныя гадзіны па тэмах «Дзецям аб правах дзіцяці», «Мае правы і абавязкі», «Правы чалавека ў Рэспубліцы Беларусь». Асаблівая ўвага – знаёмству з заканадаўчымі дакументамі па правах чалавека і дзіцяці, якія дзейнічаюць у нашай краіне. Дзеці самастойна змаглі даказаць сваім аднакласнікам тое, што сапраўды без абавязкаў не можа быць і правоў. Гаварылі і пра тое, што свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаюцца правы іншага.
Трэці дзень тыдня быў прысвечаны самым юным знаўцам права – вучням пачатковай школы. Лектарская група арганізавала цудоўнае мерапрыемства на тэму «Я дзіця – я маю правы» і інтэрактыўны турнір-віктарыну на званне лепшага юнага знаўцы правоў дзіцяці.
З самага ранку чацвёртага дня на стэндзе ў фае першага паверха пачалі з’яўляцца малюнкі па тэме «Правы дзіцяці». Колькі эмоцый было падчас правядзення інтэлектуальных спаборніцтваў, у паядынку сустрэліся каманды з прадстаўнікоў 5–10-х класаў «Знатакі права» і «Эксперты права». Удзельнікі актыўна адказвалі на пытанні і выконвалі практычныя заданні. У напружанай барацьбе з невялікай перавагай перамагла каманда «Знатакі права».
Падчас урачыстай лінейкі, прысвечанай закрыццю тыдня прававых ведаў, самыя актыўныя ўдзельнікі ўзнагароджаны граматамі і дыпломамі.
Уладзімір ПОГАС, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
Начаўскай СШ.