На вялікай лядовай арэне. У мінулую сераду ў Ляхавічы прыйшоў галалёд
У мінулую сераду раніцай тратуары, плошчы, дарогі нагадвалі суцэльную лядовую пляцоўку. Да нас прыйшоў галалёд з выцякаючымі ад гэтай прыроднай з’явы акалічнасцямі. Па іроніі лёсу, менавіта 15 снежня ў календары пазначана як Дзень прафілактыкі траўматызму.
Як паведаміў загадчык хірургічнага аддзялення Ляхавіцкай ЦРБ Андрэй Пуцілаў, пераломы і галалёдныя траўмы – распаўсюджаная зімовая з’ява.
– Сёлета з пачатку халадоў шэсць чалавек звярнуліся ў райбальніцу з галалёднымі траўмамі, двое – з абмаражэннямі. Ахвярай можа стаць кожны. Каб перасцерагчыся, варта ўважліва глядзець пад ногі, абыходзіць небяспечныя месцы – лёд, схілы, лесвіцы і г. д. Калі слізкае месца нельга мінуць, перамяшчацца па ім лепш невялікімі крокамі на крыху сагнутых нагах, наступаць на ўсю падэшву. Асаблівая парада модніцам: узімку не варта выбіраць абутак на высокім абцасе, лепш на нізкім з рэльефнай падэшвай. І яшчэ: большасць халадовых траўмаў атрымліваецца, калі чалавек знаходзіцца ў нецвярозым стане, – адзначае Андрэй Пуцілаў.
Але адной асцярожнасці і ўважлівасці пешаходаў мала. Пра бяспеку ў такіх выпадках павінны кла-паціцца і спецыялізаваныя службы, і арганізацыі, на чыім балансе ці ў арэндзе якіх знаходзяцца будынкі.
– Папярэдне вывучылі доўга-тэрміновы прагноз надвор’я і загадзя
пачалі рыхтавацца да сустрэчы з галалёдамі. Ужо некалькі разоў апрацоўвалі ўсе гарадскія дарогі з цвёрдым пакрыццём з дапамогай пескараскідвальніка. Тратуары, пешаходныя дарожкі, прыпынкі гарадскога транспарту пасыпаем спецыяльнай супрацьгалалёднай соллю, якой у наяўнасці 70 тон з 500 неабходных, запасы яе папаўняюцца рэгулярна. Звычайна апрацоўку пачынаем з пяці гадзін раніцы, каб лю-дзям было камфортна дабірацца на работу, вучобу і г. д. Тэхнікі і людскіх рэсурсаў у камунгаса дастаткова, – расказвае начальнік участка «Добраўпарадкаванне» КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзімір Несцяровіч.
Пакуль толькі слізка і мокра, але і снегапады не за гарамі, а потым і ледзяшы на дахах і казырках. І такая зімовая карціна не толькі
захапляльна-прыгожая, але і небяспечная.
– Рашэннем райвыканкама ў пералік работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на замацаваных за арганізацыямі і прадпрыемствамі тэрыторыях уваходзіць і расчыстка ад снегу і наледзі, апрацоўка супрацьгалалёднымі сродкамі па меры неабходнасці, ва ўмовах вялікіх снегападаў, завей, галалёдзіцы – пастаянна, але не радзей за адзін раз у суткі. Звяртаю ўвагу кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый на абавязковае выкананне рашэння. Тым самым вы зберагаеце здароўе не толькі сваіх работнікаў, але і наведвальнікаў вашых устаноў, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Супрацоўнікі райЦГіЭ праводзяць маніторынг не толькі санітарнага стану тэрыторый, але і супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, сітуацыя пад пастаянным кантролем санітарнай службы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.