«Спутнік» супраць «амікрона». Першую дозу вакцыны атрымалі ўжо больш за 46 працэнтаў жыхароў Ляхавіцкага раёна
Па даных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у рэспубліцы пакуль не выяўлена выпадкаў новага каранавіруснага штама – «амікрона».
Што тычыцца распаўсюджвання каранавіруса, то колькасць новых выпадкаў кавіда адназначна змяншаецца, таму многія ўстановы аховы здароўя вяртаюцца да ранейшага рэжыму работы. І яшчэ адна прыемная навіна, як паказваюць даследаванні, расійская вакцына «Спутнік V» эфектыўна і супраць амікрон-штама.
Акрамя розных відаў расійскага «Спутніка», Міністэрства аховы здароўя Беларусі выдала дазвол на ўвоз і прымяненне вакцыны «КовіВак», якая, па сведчанні медыкаў, пераносіцца больш лёгка, аналагічна кітайскім прэпаратам.
300 тысяч доз вакцыны адпраўлены ва ўсе вобласці Беларусі.
– Якая б хваля COVID-19 не рэгістравалася, па-ранейшаму самы надзейны спосаб не падхапіць каранавірусную інфекцыю ці пера-несці яе ў нескладанай форме – прышчэпка. Незалежна ад таго, расійскія гэта прэпараты ці кітайскія. Па стане на 21 снежня, першую дозу вакцыны атрымалі ўжо больш за 46 працэнтаў жыхароў раёна. Напэўна, гэты факт паўплываў на змяншэнне колькасці зарэгістраваных выпадкаў інфекцыі і зніжэнне колькасці шпіталізаваных з сярэднім або цяжкім цячэннем каранавіруснай інфекцыі. Што тычыцца найбольш актыўных прыхільнікаў вакцынацыі, то гэта, не лічачы медыкаў, – работнікі ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», сацыяльнай службы, ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», гандлёвага дома «Уладзімір плюс», – адзначае дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Галіна КАНЬКО.