Ад кадраў залежыць усё. Але як заручыцца кадрамі?

Па выніках 11 месяцаў года ў рабоце жывёлагадоўлі Ляхавіцкага раёна захоўваецца плюсавая дынаміка.

І хоць не такая яна ўжо і шпаркая, важным з’яўляецца сам факт яе прысутнасці.  Тым больш, што назіраецца ён фактычна на працягу ўсяго 2021-га. Яго своеасаблівасць у тым, што быў нелаяльным у плане раслінаводства. А апошняе, у сваю чаргу, – гэта кармы і, калі далей працягваць лагічны лунцужок, малако, прывагі  буйной рагатай жывёлы.
За перыяд са студзеня па лістапад бягучага года ў грамадскім сектары жывёлагадоўлі нашага раёна атрымана 50681 тона малака. Гэта рост на 1,3 працэнта ў параўнанні з тымі ж месяцамі года мінулага. Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, адной і ці не галоўнай прычынай такога становішча рэчаў можна лічыць дастатковасць і, варта асабліва падкрэсліць, палепшаную якасць травяністых кармоў у гаспадарках раёна. Нягледзячы на, як правіла, горшы, чым у 2020 годзе, травастой, аграрыі сёлета «разгарнуліся» – пастараліся, у некаторых выпадках прыцягнулі дадатковыя магчымасці і здолелі выйсці на больш высокія аб’ёмы травяністых корманарыхтовак. Яшчэ варта спыніцца на якасці закладзеных у сховішчы кармавых прадуктаў. Гаварыць, што ўсе яны і ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна адпавядаюць патрабаванням самых высокіх спажывецкіх характарыстык, на жаль, пакуль не атрымліваецца. Але ў параўнанні з мінулымі сезонамі сёлета зроблены пэўны якасны крок наперад. Яшчэ вяскоўцы дзякуюць кукурузе-2021, высокі ўраджай якой дазволіў значна папоўніць сіласныя запасы большасці сельгасарганізацый раёна.
Неабходна таксама адзначыць, што да найбольш складанага для сваёй вытворчасці перыяду жывёлаводы нядрэнна падрыхтаваліся не толькі ў плане наяўнасці кармоў. Статкі буйной рагатай жывёлы, як правіла, выводзіліся з пашы не адразу, а паступова. Пашавы дзень скарачаўся павольна на гадзіну-паўтары  з мэтай максімальна лаяльнай адаптацыі жывёлы да новых – стойлавых – умоў утрымання.
Адно да аднаго, і сёння можам гаварыць пра тэмп росту валавой вытворчасці малака за 11 месяцаў да 101,3 працэнта ў адносінах да аналагічнага папярэдняга перыяду.
У разрэзе асобных сельскагаспадарчых арганізацый асабліва хочацца адзначыць ААТ «Жарабковічы» і «Нача», у якіх валавая вытворчасць малака за 11 месяцаў ідзе апераджальнымі тэмпамі. Прычым «Жарабковічы» за апошнія пяць месяцаў некаль-
кі паскорыліся, а «Нача» ў параўнанні з сабой чэрвеньскай наадварот – некалькі здала ўзяты раней сапраўды высокі тэмп. На мяжы паўгоддзя гаспадарка дэманстравала больш як 108-працэнтную дынаміку вытворчасці малака, зараз паказчык «прасеў» да  104 з паловай працэнтаў. А вось «Жарабковічы» за той жа самы час на некалькі дзясятых доляў працэнта наадварот прыбавілі і ўзначалілі раённы рэйтынг па тэмпах росту вытворчасці малака.
Пры высокіх тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці і ў «Начы», і ў «Жарабковічах» працягвае заставацца высокай і якасць прадукцыі. Усё начаўскае малако рэалізуецца толькі «экстрай» ці вышэйшым гатункам. «Жарабковічы» па выніках  11 месяцаў 2021 года да гэтай лічбы крыху недабіраюць.
А найбольш і максімальна сціпла «глядзіцца» ліпнянская малочная «кухня». За 11 месяцаў года надоі гаспадаркі адчувальна знізіліся – склалі ўсяго 55 працэнтаў ад мінулагодніх на аналагічную дату аб’ёмаў. Валавая ўдойнасць сярэдняй ліпскай каровы за гэты час не выйшла нават на ўзровень паўтары тысячы кілаграмаў малака. Пры гэтым мінімуме гаспадарка яшчэ і шмат што страчвае на рэалізацыі малака нізкім гатункам. Толькі 17 з паловай працэнтаў яго аб’ёмаў адпавядаюць гутунку экстра ці вышэйшаму. Усё астатняе – ніжэй і значна танней.
– Адна з прычын такой сітуацыі ў КСУП «Ліпнянка» – адсутнасць у гаспадарцы спецыялістаў жывёлагадоўчага профілю. Няма ні ветэрынарнага ўрача, ні заатэхнічнага работніка… Кіраўніцтва гаспадаркі спрабуе хоць неяк паправіць кадравую сітуацыю, паўплываць на яе. Але пакуль не атрымліваецца, – гаворыць галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Наталля  Біза.

Іван КАВАЛЕНКА.