Лёс краіны ў руках беларусаў!
Снежань, самы чаканы і святочны, авеяны цудамі і марамі, пад бой курантаў усё самае непажаданае мы пакінем у 2021-м і загадаем бязмерна многа шчасця на новы год.
Па традыцыі мы падсумоўваем, што за гэтыя 365 дзён мы зрабілі, перажылі, хто застаўся з намі на адным шляху, каб далей крочыць разам, і што яшчэ нам належыць дасягнуць…
Па-першае, дзякуй, 2021-ы, за вопыт, за кожную падзею, дзе мы адчулі радасць, гонар, шчасце. За кожную зорачку, што стала ззяць на нашым жыццёвым небасхіле. Шкада адпускаць, успомніце Усебеларускі народны сход, Дзень народнага адзінства, шматлікія патрыятычныя аўтапрабегі… Можна многа пералічваць. Але ўсё гэта стала моцным і надзейным падмуркам да падзеі, якой мы сустрэнем 2022-і.
Наша краіна развіваецца, наша гісторыя – гэта яркі прыклад, як маленькая дзяржава можа звярнуць на сябе ўвагу ўсяго свету, выстаяць у складаны перыяд інфармацыйнай вайны, санкцыйнага націску.
І сёння мы стаім на парозе важнай падзеі. Беларусы заўжды самі вырашалі лёс сваёй краіны, як жыць далей, як будуць размеркаваны галіны ўлады, на якой мове размаўляць, якія святы стануць дзяржаўнымі. І сёння мы рыхтуемся да новага вітка ў гісторыі суверэннай Беларусі. Рэферэндум па новай рэдакцыі Канстытуцыі Беларусі стане адлікам новага жыцця. І гэта тое, што кранае кожнага сапраўднага беларуса. Вось так выглядае дэмакратыя – зрабіць выбар, які для сябе лічыш лепшым, толькі народ вырашае, у якой краіне жыць. Тым больш сацыялагічныя даследаванні дэманструюць, што людзі пазітыўна настроены да гэтай падзеі. Важна быць палітычна актыўным, нераўнадушным, не паддавацца на шматлікія правакацыі. Гісторыя паказала, што зламаць лёс, зрабіць непапраўную памылку вельмі проста.
Мы бачым паслядоўнасць у дзеяннях Кіраўніка дзяржавы, вывераную і стойкую пазіцыю, дзе у прыярытэце наша Незалежнасць. Час даўно зрабіць вынікі і сачыць не за словамі, а за справамі. У прапанаванай магчымасці прыняць удзел у вырашэнні далейшага лёсу – вось, што варта зрабіць кожнаму, хто не жадае назіраць палітычны працэс з боку.
Так хочацца, каб наш год пачаўся шчасліва, усё ў нашых руках.
Маргарыта КУХТА, галоўны рэдактар «ЛВ».