Выбар будзем рабіць мы, а не хтосьці!
Канстытуцыя – Асноўны Закон дзяржавы. І змяненні, што плануецца ўносіць у гэты вызначальны для далейшага развіцця краіны дакумент, датычацца ўсіх і кожнага – тых, хто сёння жыве ў Беларусі, наступных пакаленняў – нашых дзяцей і ўнукаў. Па якім шляху будзе развівацца рэспубліка, якімі будуць асноўныя прыярытэты дзяржаўнай палітыкі, правы і абавязкі грамадзян, гарантыі дзяржавы – усё занатавана ў Канстытуцыі. І кожны з нас, незалежна ад сацыяльнага статусу і прафесіі, узросту і нацыянальнай прыналежнасці, месца жыхарства і поглядаў, павінен адчуць, зразумець тую высокую адказнасць, што стаіць перад усімі грамадзянамі пры вывучэнні праекта абноўленага Асноўнага Закона і, канешне, пры галасаванні на рэферэндуме па прыняцці змяненняў у Канстытуцыю. Гэта якраз тыя моманты, калі толькі ты сам, а не хтосьці іншы павінен зрабіць асэнсаваны выбар.
Азірніцеся на гісторыю нашай суверэннай Беларусі, на тое, як жыве наш народ, як на працягу дзесяцігоддзяў дзяржава праводзіць сацыяльна арыентаваную палітыку, як актыўна развіваецца эканоміка, усе сферы жыццядзейнасці.
Шмат гадоў назіраю за жыццём сваіх землякоў і з упэўненасцю магу сказаць, умовы ў сельскай мясцовасці ўсё больш набліжаюцца да гарадскіх. Вяскоўцы забяспечаны работай, атрымліваюць усе небходныя камунальныя паслугі, развіваецца гандаль, развітая сацыяльная інфраструктура. Але разам з тым, яшчэ нямала і нявыкарыстанага патэнцыялу, магчымасцяў, паўплываць на вырашэнне якіх можа кожны.
Заклікаю таксама ацаніць сітуацыю, што назіраецца вакол нашай краіны на сусветнай прасторы і зрабіць выбар на карысць моцнай, квітнеючай краіны, якая, нягледзячы на разнастайныя выпрабаванні як знешнія, так і ўнутраныя, шматлікія санкцыі, прадаўжае развівацца, будавацца, удасканальвацца.
І ні ў якім разе не варта слухаць розных «добразычліўцаў», якія заклікаюць не ўдзельнічаць у рэферэндуме. Яны ўжо паказалі свой антыбеларускі твар падчас мінулагодніх выбараў. Сумленныя беларусы ніколі не скакалі пад чыюсьці замежную дудку. Кожны сапраўдны грамадзянін аддасць голас за стваральную будучыню, аснова якой закладзена мінулымі пакаленнямі, і ў адказе за якую перад наступнымі пакаленнямі – усе мы.
Аляксандр МАЦЮШЭНКА,
старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама.