Гісторыя натхняе патрыётаў. Ляхавічане абмяркоўваюць праект Канстытуцыі
У мінулым годзе актыўна далучыўся да абмеркавання праекта новай Канстытуцыі і нават ўнёс сваю прапанову ў грамадскую прыёмную райвыканкама. Дарэчы, часткова яна адлюстравана ў артыкуле 21 праекта Канстытуцыі: кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы.
Праект Канстытуцыі адлюстроўвае інтарэсы усіх груп насельніцтва. І гэта адчувальна па пашырэнні пытанняў, звязаных з правамі чалавека, годнасцю асобы.
Важны момант асабіста для мяне, як для настаўніка, сем’яніна. У Канстытуцыі абаронены, у тым ліку, і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, духоўнасць. І гэта асабліва важна ў святле тых падзей, што адбываюцца зараз у многіх краінах захаду і ЗША. У артыкуле 32 праекта Канстытуцыі шлюб пазначаны як саюз жанчыны і мужчыны, якія маюць роўныя правы ў шлюбе і сям’і.
Неаднойчы падчас абмеркавання змяненняў у Асноўны Закон краіны ў тым ліку і нашы землякі ўносілі прапановы аб павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне сваіх дзяцей, дарослых дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў.
Дапаўненне ў артыкул 53: праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа з’яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна Беларусі. А ў артыкуле 15 пазначана, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Педагогі і вучні СШ № 2 захоўваюць памяць пра гераічныя і трагічныя падзеі вайны, пастаянна дапаўняюць матэрыялы музея новымі экспанатамі. Увогуле, патрыятычнаму выхаванню ў нашай навучальнай установе надаецца першачарговая ўвага.
Зараз у нашай краіне актыўна абмяркоўваецца надзвычай трагічная старонка ў беларускай гісторыі – генацыд у адносінах беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. З 1941 па 1944 гады каля 50 населеных пунктаў Ляхавіччыны былі зніш-чаны карнікамі, некаторыя дашчэнту. А колькі людзей фашысты і паліцаі замучалі, расстралялі, адправілі на прымусовыя работы і ў канцлагеры…
І гэта не канчатковыя даныя пра зверствы фашызму. І сёння пракуратура, краязнаўцы знаходзяць усё новыя і новыя факты і адкрываюць чарговыя трагічныя старонкі гісторыі той вайны. Літаральна нядаўна карта спаленых вёсак раёна папоўнілася яшчэ адным адрасам – Гайнінскімі хутарамі, што каля вёскі Савейкі. Гэта злачынства фашыстаў расследуе пракуратура Ляхавіцкага раёна, матэрыялы накіраваны ў спецыялізаваны пошукавы батальён, які, дарэчы, неаднойчы працаваў на тэрыторыі раёна.
У Год гістарычнай памяці, якім стаў для Беларусі 2022-і, нам належыць правесці вялікую работу па аднаўленні гістарычнай справядлівасці і праўды.
2021 год у нашай краіне быў аб’яўлены Годам народнага адзінства. І сапраўды, мы, беларусы, пасля падзей другой паловы 2020 года асэнсавалі, што без адзінства, агульных стваральных памкненняў мы не зможам будаваць мірную квітнеючую краіну. І менавіта на замацаванне адзінства ўсяго беларускага народа, захаванне суверэнітэту Беларусі накіраваны праект Асноўнага Закона краіны.
Віталій ТОЛКАЧ, настаўнік СШ № 2.