101 пытанне і кампетэнтныя адказы на іх. Справаздачу аб пажарах і надзвычайных сітуацыях на тэрыторыі раёна трымаў начальнік Ляхавіцкага РАНС
На першай у гэтым годзе апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама справаздачу аб пажарах і надзвычайных сітуацыях на тэрыторыі раёна трымаў начальнік Ляхавіцкага РАНС.
Сваё выступленне Юрый Буйкевіч пачаў са статыстыкі:
– У 2021 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 33 пажары, што на два выпадкі ці 5,8 працэнта менш, чым за аналагічны перыяд 2020-га. Тры пажары адбыліся на асабістым транспарце грамадзян, у двух выпадках прычынай узгарання стаў факт аварыйнай работы электрычнай сеткі аўтамабіляў, у адным – неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Але галоўнае – людзі, іх здароўе і жыццё. У мінулым годзе выратавальнікі папярэдзілі знішчэнне ў пажарах 16-ці
пабудоў, адной адзінкі тэхнікі, быў выратаваны адзін чалавек. Аднак, на вялікі жаль, ёсць і іншая статыстыка: у пяці пажарах загінулі пяць чалавек. Гэта на чатыры менш, чым за папярэдні справаздачнаму перыяд часу, калі з сямі пажараў «не выйшла» дзевяць чалавек.
У мінулым годзе падраздзяленні РАНС 512 разоў выязджалі на рознага роду сітуацыі. У тым ліку 396 – па паведамленнях аб пажарах і іншых сітуацыях надзвычайнага характару. Апроч іншага, у 2021 годзе было зарэгістравана 68 узгаранняў у экасістэмах (лясныя і тарфяныя пажары), дзясяткі выпадкаў узгаранняў сухой расліннасці.
Таксама раённыя выратавальнікі не раз прыходзілі на дапамогу як насельніцтву раёна, так і ў складаных выпадках падраздзяленням па НС суседніх з Ляхавіцкім гарнізонаў.
Што тычыцца ўзгаранняў у экасістэмах, найбольшая іх колькасць у 2021 годзе адбылася на тэрыторыях Крывошынскага і Востраўскага сельсаветаў – 20 і 16 выпадкаў адпаведна, ці больш як палова з масіву падобных здарэнняў у цэлым па раёне. І, безумоўна, адной з прычын такога «лідарства» з’яўляецца наяўнасць на гэтых прасторах неўпарадкаваных зямель. У тым ліку не задзейнічаных у вытворча-гаспадарчых мэтах водна-балотных.
Як адзначыў начальнік РАНС, асноўнымі прычынамі пажараў у нашым раёне ў мінулым годзе сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры ўладкаванні або эксплуатацыі электрычнага абсталявання, ацяпляльных печаў і іншых прыстасаванняў. Мелі месца падпалы, невыкананне нарматываў бяспекі ў ходзе правядзення зварачных работ.
– З мэтай фарміравання асноў бяспечнай жыццядзейнасці на пастаяннай аснове ажыццяўляецца інфармаванне насельніцтва аб пажарах і іншых надзвычайных сітуацыях, патрабаваннях нормаў і правілаў пажарнай бяспекі. У тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі, – адзначыў Юрый Буйкевіч. А да грамадзян, што дазваляюць сабе паслабленні ў гэтых пытаннях, выкарыстоўваюцца меры, у тым ліку, і адміністрацыйнага характару. Так у 2021-м да матэрыяльнай адказнасці за гэта былі прыцягнуты тры з паловай дзясяткі жыхароў раёна.
Таксама прагучала яшчэ адна, але, як здаецца, вельмі «моцная» лічба: за перыяд з 2017 па 2021 год Ляхавіччына страціла ў пажарах 26 чалавек…
Іван КАВАЛЕНКА.