Куды «паехаў» веласіпед, зніклі металічныя пліты і хто спісаў грошы з карткі? Крымінал, злачынствы Ляхавіччыны
Доўгія рукі
РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу невядомай асобай з гаспабудовы вясковага дома 13 металічных слупкоў і двух варот. Сума страты ацэнена ў 525 рублёў.
Жыхар Ляхавіцкага раёна 1977 г. н. у вёсцы Заліпенне выставіў у доме аконную раму і выкраў адтуль прадукты харчавання. З двара дома ў Зубелевічах неўстаноўленая асоба выкрала тры акумулятарныя батарэі на суму 135 рублёў.
У Гаслаўшчыне з гаспадарчай пабудовы зніклі інструменты на суму 350 рублёў. З двара дома ў Тухавічах «паехаў» веласіпед. Устаноўлена, што выкраў яго жыхар раёна 1968 г. н. Каму ў Тухавічах прыглянуўся яшчэ адзін двухколавы, зараз вызначаюць супрацоўнікі райаддзела СК, якія па факце крадзяжу напрыканцы снежня ўзбудзілі крымінальную справу па ч.1 арт. 205.
Фігурантам крымінальнай справы стаў і жыхар аграгарадка Жарабковічы, які летась выкраў з двара дома металічныя пліты вагой больш за сем сотняў кілаграмаў на суму амаль 400 рублёў. РАСК праводзіць расследаванне.
Узбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу, учыненага шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў адносінах ляхавічанкі 1983 г.н., якая працавала галоўным бухгалтарам аднаго з прадпрыемстваў райцэнтра. Выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, у 2019–2020 гадах яна выкрала 1170 рублёў.
Ляхавічанка 1959 г. н. яшчэ ў сярэдзіне лістапада ў адным з банкаматаў райцэнтра знайшла банкаўскую картку і адправілася з ёй у магазін, дзе патраціла з яе 71 рубель… РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.
Інтэрнэт-злачынства
РАСК узбудзіў крымінальную справу па факце ўзлому акаўнта ў сацсетках. Ад імя ляхавічанкі 1986 г. н. былі разасланы не менш за сем дзясяткаў паведамленняў з просьбай дапамагчы з грашовымі сродкамі быццам на лячэнне роднага чалавека. Да тэксту прыклалі і даныя банкаўскай карткі расійскага банка.
З карт-рахунка жыхаркі вёскі Гаслаўшчыны зніклі 700 рублёў.
У ляхавічаніна гісторыя іншая: яму патрабаваліся аўтазапчасткі, якія прадаваў праз інтэрнэт мінчанін 1975 г. н. Наш зямляк зрабіў папярэднюю аплату, але ні тавару, ні грошай не атрымаў.
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах неўстаноўленай асобы, якая падманам падчас перапіскі ў мэсэнджары выманіла ў жыхаркі раёна 370 рублёў. Невядомая асоба запэўніла ўладальніцу банкаўскай карткі, што пластык падвяргаецца небяспецы. І каб захаваць грошы, неабходна іх перавесці на ўказаны рахунак, а пасля праверкі, яны будуць вернуты назад.
П’яны вадзіцель – небяспека
Ляхавічанін 1989 г. н. кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. І гэта другі такі выпадак на працягу года. Па даным факце ўзбуджана крымінальная справа. Транспартны сродак канфіскаваны, аматару паездкі пад градусам, згодна з заканадаўствам, давядзецца заплаціць і штраф.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.