З днём нараджэння, Ляхавіцкі раён

Наш раён нарадзіўся роўна 82 гады назад: 15 студзеня 1940 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР сярод іншых раёнаў быў утвораны Ляхавіцкі, які  ўвайшоў у склад Баранавіцкай вобласці. З 1954 года Ляхавіччына – часцінка Брэсцкай вобласці.
Падзеі мінулых дзесяцігоддзяў склалі багатую і слаўную гісторыю, дасягненні і здабыткі многіх пакаленняў стварылі падмурак і магчымасці для сённяшняга развіцця рэгіёна, імёны многіх землякоў увайшлі ў ганаровы летапіс не толькі раёна, але і вобласці, краіны.
Сваю адметную старонку ў летапісе Ляхавіччыны вось ужо больш за 78 гадоў піша раёнка:  старанна занатоўвае добрыя справы дня сённяшняга, прыгадвае гісторыю, падштурхоўвае задумацца пра будучыню, стараецца расказаць пра складаныя рэчы простай мовай і робіць усё дзеля таго, каб павага і любоў да сваёй малой радзімы, да землякоў, да Айчыны  сталі для кожнага жыхара раёна пуцяводнай зоркай, жыццёвым арыенцірам, неад’емнай часткай светапогляду.