Першынцы снежня. Які ў снежні ў Ляхавіцкім раёне сярэдні ўзрост татаў?
У снежні на Ляхавіччыне зарэгістравана 14 нараджэнняў, палова з якіх у райцэнтры, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік. Дзяўчынак і хлопчыкаў у апошні месяц года прыбавілася ў аднолькавай колькасці – па сем.
Ганна, Вікторыя, Ева, Яўгенія, Марыя, Сафія і Эмінэ – так назвалі сваіх дачушак бацькі. Сынам далі імёны Арцём, Уладзімір, Ягор, Елісей, Максім, Мікалай, Алег.
Сярэдні ўзрост татаў – 35 гадоў, мамы маладзейшыя на пяць гадоў.
Першынец зарэгістраваны ў чатырох сем’ях, другое дзіця – у пяці. Тры сям’і атрымалі статус мнагадзетных, у адной сям’і дзіця стала чацвёртым і яшчэ ў адной – пятым.
Самай прадстаўнічай у снежні стала дзяўчынка Яўгенія, вага якой пры нараджэнні склала 4230 грамаў пры росце 54 сантыметры.
У 12-м месяцы года восем пар згулялі вяселле. Сярэдні ўзрост жаніхоў – 35 гадоў, нявест – 31. Самы юны жаніх – 17-гадовы, нявеста за яго на год малодшая. Сталі мужам і жонкай 63-гадовы жаніх і 60-гадовая нявеста.
Дарэчы, у першым сямейным дакуменце – пасведчанні аб шлюбе – у адной з новаствораных сем’яў нашых землякоў будзе стаяць дата 31 снежня 2021 года.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.