Хутка. Марозна. Трапна. «Снежны снайпер» завітаў у Ляхавічы

Біятлон – папулярны ў нашай краіне від спорту. І не дзіўна, бо беларускія біятланісты на працягу апошніх дзесяцігоддзяў паказваюць нядрэнныя спартыўныя вынікі і радуюць перамогамі на самых высокіх міжнародных стартах. Вылучаюцца масавасцю разнастайныя спаборніцтвы – школьныя, раённыя, абласныя, рэспубліканскія, дзе выяўляюць мацнейшых на лыжні і на стрэльбішчы.

У мінулую суботу на гарадскім стадыёне «Колас» стартаваў раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў «Снежны снайпер». Удзел у ім узялі прадстаўнікі ўсіх 14 устаноў адукацыі раёна ў трох узроставых катэгорыях, якія спаборнічалі як у камандным, так і ў асабістым заліку.
Адназначна, спаборніцтвы ўдаліся, пра што сведчаць выдатны бадзёры настрой і мноства станоўчых эмоцый удзельнікаў і балельшчыкаў. Канешне ж, вызначаны і пераможцы. У камандным заліку першынствавалі снежныя снайперы СШ № 2, на другім месцы – Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча, на трэцім – Навасёлкаўская СШ.
Залатыя медалі ў сваіх узроставых катэгорыях заваявалі Іван Фірусь, Максім Галіцкі, Ксенія Жукава з СШ № 2, Соф’я Столяр з  Малагарадзішчанскага ВПК, Ягор Ксёнжык з Жарабковіцкай СШ імя
М. Г. Мінкевіча, Кацярына Грыгаран з Навасёлкаўскай СШ.
Наперадзе ў самых хуткіх і трапных – чарговыя старты. Па шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак прадставяць Ляхавіччыну спартыўную на абласным этапе «Снежнага снайпера». Балеем за нашых.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.