Дысконт сацыяльнай важнасці. У многіх гандлёвых сетках краіны сёлета з 17 студзеня пачала дзейнічаць праграма 10-працэнтнай скідкі для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва

Днямі ў магазіне «Санта» назірала наступную карціну. На касе пажылая пакупніца з поўным кошыкам разнастайных прадуктаў спытала ў прадаўца: «А мне на ўсе тавары будзе 10-працэнтная скідка? Чула па тэлевізары, што цяпер для пенсіянераў будуць даваць такія скідкі ва ўсіх гандлёвых кропках». Прадавец адказала, што, сапраўды, у магазінах іх сеткі прадугледжана 10-працэнтная скідка на пэўныя тавары і пэўным катэгорыям грамадзян, у тым ліку пенсіянерам.

Што гэта за льгота, хто можа ёю скарыстацца, якія для атрымання скідак патрабуюцца дакументы, дзе прадастаўляюць такія прэферэнцыі? За каментарыямі «ЛВ» звяр-нуўся ў аддзел эканомікі райвыканкама.
– У многіх гандлёвых сетках краіны сёлета з 17 сту-дзеня пачала дзейнічаць праграма 10-працэнтнай скідкі для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва. Плануецца, што такі сацыяльны дысконт прадоўжыцца да 17 ліпеня 2022 года. Гэта стала магчымым дзякуючы пагадненню, якое падпісалі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і 16 буйнейшых гандлёвых сетак, у тым ліку «Еўраопт», «Віталюр», «Суседзі», «Белспажыўсаюз», «Санта», «Белмаркет», «Гіпа», «Дабраном», «Алмі», «Карона», «Прастор», «ДарОРС», плануецца пашырэнне спіса. Гэта агульная ініцыятыва дзяржавы і бізнесу па падтрымцы некаторых катэгорый насельніцтва. На скідку могуць разлічваць пенсіянеры, мнагадзетныя сем’і, атрымальнікі дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, інваліды і сем’і з дзецьмі-інвалідамі. У пералік прадуктаў, на якія распаўсюджваецца скідка, трапілі 29 пазіцый: мука, хлеб, свініна, ялавічына, куры, малако, кефір, смятана, тварог, бульба, морква, цыбуля, буракі, капуста свежая, яблыкі, цукар, мясныя і фруктовыя кансервы для дзіцячага і дыетычнага харчавання і іншае. Адзначу, што кожная гандлёвая сетка сама распрацоўвае механізм атрымання скідак. Часцей за ўсё атрымальнік ільготы павінен запоўніць спецыяльную заяву на пры-сваенне яго картцы статусу «сацыяльная» ў магазіне і абавязкова прадаставіць дакумент, што пацвярджае прыналежнасць да сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян. Сама скідка даецца пасля таго, як касіру прадастаўляецца дысконтная картка, – тлумачыць начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня.
На тэрыторыі раёна дзейнічае шэраг гандлёвых сетак, якія трапілі ў гэту праграму, і прадастаўленне скідак стала ўжо рэальнасцю.
Так, у райцэнтры ёсць магазіны «Суседзі», «Санта», «Дабраном», «Еўраопт», дзе скідачнымі карткамі ўжо актыўна карыс-
таюцца нашы землякі.
Так, у дыскаўнтары «Капеечка» расказалі, што каб атрымаць 10-працэнтную скідку, неабходна запоўніць заяву (зрабіць гэта можна непасрэдна ў магазіне, а таксама ўзяць аркуш на касе дамоў), пакупнік прад’яўляе пенсійнае пасведчанне ці іншы дакумент, што пацвярджае прыналежнасць да катэгорыі сацыяльна неабароненых грамадзян, пасля выдаецца бонусная картка з сацыяльным статусам, па ёй і налічваецца скідка. Дарэчы, у гэтым магазіне за першыя чатыры дні пасля ўвядзення скідачнай праграмы выдадзена больш за 200 картак. У асноўным пакупнікі бяруць са скідкамі муку, цукар, смятану, крупы, тварог, садавіну.
– Пра тое, што магу куп-ляць тавары з 10-працэнтнай скідкай, даведаўся з навін па тэлебачанні. Потым унучка падрабязна расказала, у якіх магазінах і, галоўнае, на якія тавары можна атрымаць скідку. Яна нам з жонкай дакладна лішняй не будзе – або-два даўно пенсіянеры. Калі агароднінай запасліся на зіму – маем свой невялікі агародзік, то ўсё астатняе купляем. Лічу такую акцыю толькі плюсам. Дзякуй усім, хто яе распрацаваў. Схадзіў сёння ў магазін, купіў малако, кефір, цукар, цыпляня, хлеб, яшчэ сяго-таго па спісе, што жонка склала, – выйшла на 25,8 рубля, пры гэтым скідка склала 2,2 руб-ля. Няхай і не так многа, але ўсё ж бонус, – гаворыць 73-гадовы ляхавічанін Аляксей Пятровіч.
Попыт на скідачную праграму відавочны. У тым жа дыскаўнтары давялося бачыць, як адна жанчына растлумачвала сваёй суразмоўцы, як выбіраць і які тавар купляць па акцыі.
– Важная акалічнасць: штомесячная сума пакупак у атрымальніка картак з 10-працэнтнай скідкай не павінна перавышаць памер бюджэту пражытачнага мінімуму – цяпер гэта
288,01 рубля. Такім чынам, з дапамогай праграмы за месяц можна будзе сэканоміць да 29 рублёў, – дадае Людміла Матчэня.
Пасля невялікага мані-торынгу, хочацца адзначыць, што не хапае рэкламы ў магазінах, дзе працуе скідачная праграма. Магчыма, трэба вывесіць такога кшталту аб’явы пры ўваходзе ці на касе, прыдумаць іншыя рэкламныя ролікі ці крокі, бо не кожны ведае, як правільна скарыстацца бонусам на пакупку.
Галіна КАНЬКО.