Ведай і перадай іншым: 27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту

І праз дзесяцігоддзі адкрываюцца ўсё новыя і новыя факты, перагортваюцца чарговыя старонкі яшчэ адной трагічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і на Ляхавіцкай зямлі. Назва яе – халакост. Колькі за гэтым словам болю, гора, адчаю, пакут, а яшчэ – прыкладаў мужнасці і няскоранасці, узаемападтрымкі і гераізму. Хіба гэта не подзвіг, калі, рызыкуючы не толькі сваім жыццём, але і жыццём родных і блізкіх, звычайны беларус хавае ў доме яўрэйскіх дзяцей. Калі нават пад дулам фашысцкага аўтамата, не звяртаючы ўвагі на крыкі паліцая, немаладая жанчына кідае клуначкі з варанай бульбай і акрайчыкам хлеба ў маўклівую калону старых, жанчын, дзяцей, на вопратцы кожнага з якіх гарыць просьбай аб дапамозе жоўтая зорка…

Напрыканцы чэрвеня 1941 года ў Ляхавічах усё яўрэйскае насельніцтва было сагнана гітлераўцамі ў гета, якое абсталявалі на тэрыторыі сучаснага кансервавага завода. А праз месяц першых ахвяр – знямоглых, знясіленых, галодных, – нібы жывёлу, гналі праз увесь горад да жалобнага месца, што стала апошнім прытулкам. «Людзей вялі па Малой Лотве, у канцы вуліцы ўсіх расстралялі і скінулі ў вялікі роў. Яшчэ некалькі дзён зямля там хадзіла хадуном, значыць, фашысты жывымі закапалі некаторых. Гэта страшна», –
успаміны відавочцаў тых падзей праз шмат гадоў з’явіліся і на старонках раённай газеты. У чым іх віна, чым яны не дагадзілі фашыстам і іх памагатыя – паліцаям? Толькі адным –
прыналежнасцю да яўрэйскай нацыі. Сёння на месцы масавага расстрэлу мірнага яўрэйскага насельніцтва на вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах узвышаецца помнік на адной з дзвюх брацкіх магіл, дзе пахаваны, па афіцыйных звестках, каля пяці тысяч яўрэяў, забітых гітлераўцамі, а таксама ў Востраве, Мядзведзічах, урочышчах Сінява, Броды, каля станцыі Рэйтанаў, у Залужжы. Наступныя масавыя расстрэлы вязняў Ляхавіцкага гета прайшлі напрыканцы ліпеня 1942 года і вясной 1943 года.
Як не ўзгадаць і тое, што ганаровага звання «Праведнік народаў свету» (усяго ў свеце яго маюць 26120 чалавек, у Беларусі – 795) за выратаванне яўрэйскай дзяўчыны Таццяны Арганд удастоены колішнія жыхары Улазавічаў Вікенцій і Марыя Грышчыкі. Але дапамагалі не толькі яны. Захаваліся ўспаміны, як хавалі яўрэяў ляхавічане Якуб Мурзіч, Ігнат Бурвель, Станіслаў Бяліцкі і іншыя.  
Да брацкіх магіл сапраўды не зарастае народная сцяжынка. І даніну памяці аддаюць не толькі землякі. Прыязджаюць сюды з розных краін свету, каб пакланіцца, успомніць сваіх продкаў, іх нашчадкі. З увагай і ўдзячнасцю яны ловяць кожнае слова з расказаў, як жыло яўрэйскае насельніцтва ў мястэчку Ляхавічы, чым займалася, як суседнічала з беларусамі, рускімі, татарамі, прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў.
І як пахмурнеюць твары, калі размова заходзіць пра апошні трагічны шлях тутэйшых яўрэяў.
У чэрвені 2017 года Ляхавіччыну – малую радзіму сваіх продкаў – наведаў грамадзянін Канады Мітчэл Катлер разам з жонкай Трэйсі. Яго дзядуля Мошэ Барнак перад самай вайной эмігрыраваў у Канаду, гэта дапамагло сям’і выратавацца ад фашысцкага генацыду. Але ў жорнавы фашыстаў трапілі яго сваякі. Гэта па іх і па іншых забітых яўрэях больш як праз сем дзесяцігоддзяў пасля тых страшных падзей 1942 года ціха плакалі Мітчэл і Трэйсі Катлеры і чыталі малітву ў памяць пра бязвінных ахвяр халакоста.
Летам 2019 года з горада Кейптаўн, што ў Паўднёвай Афрыцы, прыехала Эмі Міка Нтулі, каб пазнаёміцца з месцам, дзе нарадзілася яе бабуля, і дзе была расстраляна разам з іншымі яўрэямі з ляхавіцкага гета сям’я яе продкаў – Сімы і Макса Лосс. Пахаваны яны ў брацкай магіле на вуліцы Заходняй, над якой узвышаецца манумент з надпісам «Брацкая магіла яўрэяў горада Ляхавічы і наваколля, забітых гітлераўцамі ў 1941–1942 гадах». Менавіта тут 80 гадоў назад пад прыцэлам фашыстаў стаяла і прабабуля
Эмі…
Праз кароткі час зноў жа да гэтай брацкай магілы прыехалі з Ізраіля Хенан Гельфанд і яго пляменнік Рані. Бацька Рані ў 1915 годзе разам з братам пераехаў жыць у Ізраіль. Астатнія члены сямейства засталіся ў Ляхавічах і былі расстраляны гітлераўцамі ў 1942 годзе.
Нельга, немагчыма, недапушчальна забыць пра тое, што зрабілі карнікі з мільёнамі прадстаўнікоў яўрэйскага насельніцтва амаль ва ўсіх краінах Еўропы – расстралялі, закатавалі, па-
весілі, спалілі ў крэматорыях, закапалі жывымі. Пра гэта павінны ведаць і сённяшнія пакаленні, і наступныя.
Каб ніколі больш не дапусціць халакосту.
– Беларусь заўжды была і застаецца міралюбівай краінай, тут у згодзе і міры жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій. Мы, беларусы, беражом і шануем сваю гісторыю. Колькі падзей адбылося і на Ляхавіччыне. Частка іх звязана і з яўрэйскім насельніцтвам, яго трагічным лёсам у гады Вялікай Айчыннай. Распрацаваны сумесны з Баранавічамі і Баранавіцкім раёнам турыстычны маршрут, прысвечаны гісторыі яўрэяў «Ляхавічы – яўрэйскае мястэчка (штэтл)». Плануюцца наступныя прыпынкі: рыначная плошча, дзе калісьці знаходзілася першая сінагога, будынак загса – тут былі тракцір і гасцініца Файвеля Рыжага, каля магазіна «Родны кут» – былая аптэка Райфуса, магазін «Птушка» – былая сінагога рамеснікаў і іншае. Каля некаторых гарадскіх забудоў у мінулым годзе ўстаноўлены шыльды з інфармацыяй пра падзеі, звязаныя з гісторыяй пражывання яўрэяў. Падчас экскурсіі будуць гучаць расказы пра жыццё і традыцыі яўрэяў, іх ролю ў развіцці нашага горада. І, канешне ж, пройдземся па месцах, звязаных з жудаснымі падзеямі 1941–1943 гадоў праз гісторыю ляхавіцкага гета. За аснову маршруту ўзята маштабная, разнапланавая даследчая праца настаўніцы гісторыі СШ № 1 Алены Камко, – расказвае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту. Гэты дзень не толькі сведчанне павагі да тых, хто выжыў, але і даніна памяці загінулых, што заклікае не дапусціць зноў трагічных момантаў, змагацца з антысемітызмам і расізмам, выступаць за мірнае суіснаванне ўсіх народаў і ўсіх краін.

Галіна КАНЬКО.