Ствараць будучыню на трывалым фундаменце народнага адзінства

Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту, з якім Кіраўнік дзяржавы звярнуўся 28 студзеня, выклікала каласальны інтарэс.
Пасланне прагучала перад рэферэндумам па новай рэдакцыі Канстытуцыі і стала сапраўды гістарычным, праграмным, магутным пасылам, што абазначыў арыенціры ва ўнутранай і знешняй палітыцы, па якіх Беларусь жыве і будзе жыць у бліжэйшы час. 
Усяго Кіраўнік дзяржавы звяртаўся з Пасланнем на працягу больш  як дзвюх з паловай гадзін і яшчэ каля гадзіны адказваў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства. 

Пасланне сапраўды атрымалася незвычайным. Акрамя парламентарыяў, на яго запрасілі максімальна прадстаўнічую аўдыторыю. Гэта дэпутаты і кіраўнікі, вучоныя і практыкі, урачы і педагогі, рабочыя і аграрыі, ваенныя, медыйныя людзі, прадстаўнікі творчых прафесій, пенсіянеры і моладзь, людзі з усіх рэгіёнаў краіны. Такім чынам, па словах Аляксандра Лукашэнкі, была закладзена новая традыцыя, фармат будучых зваротаў Прэзідэнта (калі будзе падтрымана новая Канстытуцыя) – ужо не да Парламента, а да Усебеларускага народнага сходу.
Яшчэ адну асаблівасць Прэзідэнт патлумачыў так: «Я хацеў бы надаць новае гучанне гэтаму Пасланню і падтэкстам назваць яго як тры пытанні да беларускага народа. Мы прывыклі да таго, што беларускі народ, абраўшы свайго Прэзідэнта, мае права спытаць з яго, крытыкаваць, як толькі гэта магчыма, крыўдзіцца на яго, у радасці праводзіць час. Але, напэўна, і беларускі Прэзідэнт мае права ў пэўныя перыяды нашай гісторыі, асабліва вострыя перыяды, задаць тры хвалюючыя пытанні свайму народу. Пытанні, якія хвалююць Прэзідэнта і наша грамадства».

Мы справіліся  дзякуючы адзінству
Прэзідэнт заявіў, што Год народнага адзінства паказаў усяму свету з’яднанасць і стойкасць беларусаў: «Папярэдні год быў Годам народнага адзінства. Ён паказаў усяму свету з’яднанасць і стойкасць беларусаў. Што мы можам жыць сваім розумам, даражыць нашымі каштоўнасцямі і разам ствараць новыя. Мы вытрымалі шэраг сур’ёзных выпрабаванняў, перш за ўсё звязаных з каранавірусам, санкцыямі, хвалямі міграцыйнага крызісу. Ужо цяпер зразумела: мы справіліся толькі дзякуючы адзінству».
Cённяшнія ўмовы вымушаюць нас быць яшчэ больш сабранымі і мэтанакіраванымі, заявіў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што знаходзячыся ў добрай форме і ўпэўнена гледзячы ў будучыню, мы падышлі да найважнейшага перыяду нашай сучаснай гісторыі – абнаўлення палітычнай сістэмы, новага ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства. «Няўхільна прытрымліваючыся рашэнняў VІ Усебеларускага народнага сходу, мы ўвесь 2021 год старанна і скрупулёзна рыхтавалі праект новай Канстытуцыі, якая ў поўнай меры адпавядае запатрабаванням грамадства. І сёння на ўсенародны рэферэндум вынесены праект абноўленага Асноўнага Закона. Гэта амаль праз  пяць гадоў работы над Асноўным Законам.
Рэалізоўваючы высокі крэдыт даверу, які народ даў Прэзідэнту, разлічваю на актыўную падтрымку грамадзянамі нашай краіны пазіцыі дзяржавы ў такі адказны момант. Гэта датычыцца не толькі галасавання на рэферэндуме, але і тых дынамічных пераўтварэнняў, якія нам разам спатрэбіцца зрабіць. Мой заклік – быць гатовымі да напружанай работы, якая дасць магчымасць не толькі захаваць краіну ў жорнах новага перадзелу свету, але і пабудаваць нашу будучыню. І, самае галоўнае, будучыню  нашай краіны і нашых дзяцей», –  заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Мы хочам мірна жыць і працаваць
«Нашы заходнія суседзі, Польшча і Літва, актыўна дзейнічаюць у рэчышчы палітыкі Вашынгтона. Для іх гэта стратэгія выжывання.
Спрабуючы выгадна прадаць свае палітычныя авантуры, літоўцы ідуць уразнос, прытым на шкоду самім сабе. Ва ўгоду Штатам кінулі пальчатку нават вялікаму Кітаю, увязаліся ў супрацьстаянне з Расіяй. Спробы дагадзіць куратарам – на мяжы знішчэння ўласнай дзяржаўнасці…
Польшча здаўна спрабуе рэалізаваць амбіцыі лідарства ва Усходняй Еўропе. Але лідарства разумее не як адказнасць і магчымасць быць сувязным звяном у рэгіёне, а як супрацьборства з Расіяй, у тым ліку праз умяшанне ва ўнутраныя справы яе суседзяў. Дзейнічае безапеляцыйна і бесцырымонна. Фінансавала і забяспечвала рэсурсамі радыкальную апазіцыю, гадамі стварала каардынацыйныя цэнтры нядаўна праваленага мяцяжу. У надзеі на рэванш прытуліла ў сябе збеглых з Беларусі, фарміруе інфраструктуру для іх падтрымкі… Але найбольшую асцярогу выклікае нават не гэта. Беспрэцэдэнтная мілітарызацыя дзяржавы, якая праводзіцца  Варшавай, нарошчванне ваенных рэсурсаў, запланаванае двухразовае павелічэнне колькасці арміі – усё гэта наўрад ці ў мірных мэтах. Пазіцыя Беларусі адназначная: такая эскалацыя ўздоўж нашых граніц недапушчальная», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Усё большую трывогу выклікае нарастанне напружанасці на паўднёвым напрамку. «Украіна становіцца прадметам закуліснага гандлю. Украінцаў штурхаюць у полымя канфлікту, ламаюць іх свядомасць, мэтанакіравана рыхтуюць да агрэсіі. Фарміруюць варожае стаўленне да брацкіх народаў, у тым ліку да беларусаў», – канстатаваў беларускі лідар.
«У нашым грамадстве (не з падачы нашай улады і маёй падачы) бытуе пытанне нумар адзін: дык будзе вайна ці не? Мы сабраліся для таго, каб шчыра абмеркаваць праблемы нашай дзяржавы і сумленна і адкрыта адказаць на ўсе пытанні. Дык будзе вайна ці не? Так, яна будзе. Але толькі ў двух выпадках. Адзін з іх – калі супраць Беларусі будзе ўчынена прамая агрэсія і развязана гарачая вайна. Мы ўсе як адзін і нават тыя, хто не хоча, станем на абарону нашай зямлі і нашай Айчыны. Другая падстава для вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі – магчымае нападзенне на саюзніка – Расію. Тады Беларусь падключыцца да абароны Расіі ў рамках саюзных дамоўленасцяў», – адзначыў Прэзідэнт.
«Але мы не жадаем вайны. Мір – гэта абсалютная каштоўнасць для беларусаў. І для яго захавання нам усім неабходна прыкласці намаганні.
Па-першае, захаваць адзінства грамадства і дзяржавы. Краіна здольная эфектыўна супрацьстаяць агрэсіі, толькі калі яна маналітная.
Па-другое, неабходна вывесці на якасна новы ўзровень сістэму забеспячэння нацыянальнай бяспекі, асабліва ў сферы абароны.
Да вас, беларускі народ, маё першае пытанне.
Ці гатовыя вы, беларусы, плаціць за ўласную  абарону, за ўласную дзяржаву?

Наша армія кампактная, манеўраная, баяздольная. Яе моц будзем умацоўваць. Ракетная вытворчасць, стварэнне беспілотнай авіяцыі, стралковай зброі і боепрыпасаў, сучасных сродкаў сувязі і аўтаматызацыі, ваеннай оптыкі і іншай прадукцыі беларускага ваенпрама пастаўлены ўжо на паток… Калі Беларусь не будзе мець і не будзе ўмець вырабляць элементарнае ўзбраенне і боепрыпасы, спадзеючыся на тое, што яго можна будзе недзе купіць ці нехта яго падорыць, гэта нясе вялікую рызыку. Таму пастаўлена задача: вырабляць усё неабходнае для абароны нашай Айчыны, для Узброеных Сіл і тэрытарыяльнай абароны (гэта вельмі важна: каля 300 тысяч чалавек будзе мабілізавана ў войскі тэрытарыяльнай абароны, іх трэба ўзброіць уласнай зброяй і боепрыпасамі). Больш за тое, мы замахнуліся на самае сучаснае ўзбраенне, у тым ліку ракетнае, у тым ліку з дапамогай нашых саюзнікаў.
Па-трэцяе, трэба больш актыўна развіваць узаемадзеянне з Расіяй і іншымі нашымі саюзнікамі па АДКБ. Прыклад Казахстана паказаў, наколькі аператыўна АДКБ можа рэагаваць на пагрозы бяспецы на еўразійскай прасторы… Сілы калектыўнай бяспекі сталі ключавым фактарам стабілізацыі абстаноўкі.
Трэба заўсёды памятаць, што мы – міратворцы. Не раз удзельнічалі ва ўрэгуляванні канфліктаў на постсавецкай прасторы, прапаноўвалі ўсе наяўныя рэсурсы, каб звесці за сталом перагавораў Арменію і Азербайджан (памятаеце, мінскі фармат), бакі супрацьстаяння ў канфлікце на ўсходзе Украіны, карпатліва выбудоўвалі архітэктуру пояса добрасуседства… Мы былі донарам стабільнасці і міру ў рэгіёне. Але ў 2020-м з нас пачалі ляпіць агрэсара…Захад зрабіў усё, каб Беларусь перастала быць крыніцай міру ў гэтым рэгіёне. Нягледзячы ні на што, мы будзем настойлівымі і паслядоўнымі на шляху да міру».


Праверка на трываласць
«Характэрнай рысай сучасных гібрыдных атак з’яўляецца правакаванне каскаду штучных крызісаў. Сітуацыя з мігрантамі каля нашай заходняй граніцы – чарговая праверка на трываласць. Калі глядзець глабальна, так званае вялікае перасяленне народаў – ні што іншае, як эфект бумеранга, справакаваны варварскімі дзеяннямі заходніх палітыкаў на Усходзе. Людзі пабеглі ад войн, голаду і разрухі, пачалі шукаць будучыню для сваіх дзяцей. Захад даў мільёнам людзей ілжывую надзею, а ў выніку пабудаваў заслон на шляху ўз’яднання сем’яў… Ніякія загароджы не стрымаюць маштабных плыняў мігрантаў, паколькі праблема застаецца не вырашанай у корані. І Беларусь – усяго толькі транзітны пункт у гэтых траекторыях.
Міграцыйны крызіс агаліў нежаданне нашых заходніх суседзяў дамаўляцца, слухаць разумныя довады. І ў сваёй жорсткасці яны перасягнулі варварства Сярэднявечча. Іх праславуты прыярытэт правоў чалавека аказаўся ўсяго толькі пыхлівай рыторыкай».
«Яшчэ адзін фронт атакі на Беларусь — санкцыі. Гэта сусветная тэндэнцыя, трэнд, фактычна тэхналогія глабальнай экспансіі. Санкцыі – традыцыйная практыка сусветнага манапаліста: ЗША і іх саюзніка – Еўрапейскага саюза. Менавіта такім чынам заўсёды спрабавалі вырашаць пытанні з канкурэнтамі. Так яны змагаюцца супраць Кітая, Расіі, Ірана, Венесуэлы, Сірыі, а зараз і Беларусі.
Санкцыі пачынаюць выкарыстоўваць як элемент гібрыднай вайны. Па сутнасці, выбудоўваюць алгарытм: санкцыі – унутраны мяцеж – ваеннае ўварванне. Захад дабіўся зваротнага эфекту – рашуча настроіў супраць сябе нашых грамадзян, нават тых, якія верылі ў яго. Маштабныя сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя летась, паказалі, што грамадства не прымае дыктату звонку, рашуча не прымае такія спосабы ўздзеяння. Рэакцыя на санкцыі можа быць толькі адна — мабілізацыя, пошук новых магчымасцяў для развіцця. Іншага не дадзена. І мы гэтыя новыя кропкі выявілі. За кароткі перыяд станаўлення мы змаглі пабудаваць экспартна арыентаваную эканоміку. Няўжо нехта думае, што Беларусь не зможа ў яшчэ большым аб’ёме асвоіць азіяцкія, афрыканскія, паўднёваамерыканскія і іншыя рынкі далёкай дугі? Тым больш таго, што мы вырабляем, у тым ліку харчавання, катастрафічна не хапае ў свеце. Дынаміка тавараабароту з Кітаем і іншымі краінамі гэтых рэгіёнаў – на гэта адказ».
«Пандэмія каранавіруса выразна прадэманстравала безальтэрнатыўнасць моцнай дзяржавы ў барацьбе з крызісам і яго наступствамі. Беларусь не паддалася штучна раздзьмутай масавай істэрыі. Не спыніла эканоміку, не закрыла межы, не паспадзявалася выключна на знешнюю дапамогу.
Нашай перавагай стала эфектыўная сістэма аховы здароўя, якую мы бераглі як зрэнку вока. Вось ён, прыклад таго, што мы, атрымаўшы незалежную краіну, пакінулі ўсё найлепшае з таго, што было. Гэта не мы такія героі, стварылі такую сістэму аховы здароўя. Нам хапіла розуму захаваць усё лепшае, што было за савецкім часам. У кожным раёне – тую ж невялікую інфекцыйную бальніцу, якая нас сёння ратуе. Мы захавалі выдатную адукацыю ў ахове здароўя. Да нас едуць вучыцца быць урачамі і плацяць за гэта дзясяткі мільёнаў долараў. У нас добрая адукацыя і – як вынік – добрыя ўрачы.
У перыяд пандэміі ў краіне закупілі ўсё неабходнае, мабілізавалі прадпрыемствы на вытворчасць кіслароду, калі яго раптам аказалася недастаткова, і пры гэтым не перапынілі планавага лячэння людзей. На пераадоленне пандэміі і яе наступстваў толькі ў сферы аховы здароўя ўжо патрачана больш як $2 мільярды.
Сёння ўжо Захад і Расія не саромеюцца: слова ў слова паўтараюць тое, што я казаў два гады назад. Што трэба для таго, каб пераадолець COVІD? Першае – не павінна быць панікі, і другое – вакцына. Хто толькі нас за гэта ні крытыкаваў, а сёння ўвесь свет ідзе па беларускім шляху. І яны не могуць нам дараваць тое, што сёння самі змушаныя гэты шлях паўтараць, прызнаючы такім чынам нашу правату».

Крыніца каштоўнасцяў – гістарычная памяць
«Каштоўнасці – гэта код нацыі. Тое, без чаго не будзе нас, беларусаў.
Жыццяздольнасць нацыі напрамую залежыць ад глыбіні і багацця духоўнай спадчыны, якую мы прымножым і перададзім будучым пакаленням. Наш арыенцір – не грамадства спажывання, а грамадства адукаваных і свядомых грама-
дзян, асэнсавана ўцягнутых у стварэнне роднага дома – Беларусі. У нашай традыцыі прыярытэт грамадскіх інтарэсаў над асабістымі. Хоць нас доўгі час «апраменьвалі» наймагутнейшым уплывам ідэй індывідуалізму і спажывецтва, гэта робяць і цяпер. У ментальнасці беларусаў – шанаванне старэйшых і павага да дзяржавы. Але нашу моладзь мэтанакіравана падштурхоўваюць да канфлікту пакаленняў, усёдазволенасці і анархіі. Беларусы разабраліся, што ім трэба. Каштоўнасная ўстойлівасць стала асновай для згоды. Нам трэба будаваць дзяржаву, зыходзячы з нашых ментальных традыцый. Гэта фарватар дзяржаўнага развіцця. Як толькі адхілімся ад яго, прымераем на сябе чужыя лякалы – звалімся ў
бездань…», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што крыніца нашых каштоўнасцяў – гістарычная памяць. «У найскладанейшых умовах загартаваліся нашы шматвяковыя духоўна-маральныя арыенціры, сфарміраваўся сапраўдны беларускі характар. Сёння мы больш гаворым аб Вялікай Айчыннай вайне, але гэта не азначае забыццё або непрыманне іншых этапаў развіцця нашай дзяржаўнасці. На працягу гэтага года мы павінны да гэтага вярнуцца, каб паказаць усім, а асабліва нашым дзецям і моладзі, – хто мы і адкуль,
што мы прайшлі і колькі страцілі чалавечых жыццяў, імкнучыся да нашай незалежнасці», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Грамадзяне адчулі  адказнасць за будучыню
Для захавання краіны, яе незалежнасці і суб’ектнасці, прагрэсіўнага руху наперад дзяржава прапанавала стваральную кансалідацыю ўлады і грамадства. За мінулы год прынята 22 заканадаўчыя акты, накіраваныя на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Узмоцнены прававыя механізмы абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу.
«Так, прававое асяроддзе стала больш жорсткім, чым было раней. Але гэтыя новыя правілы знізяць уразлівасць нашага грамадства, створаць платформу для развіцця. Урэшце абароняць людзей ад нестабільнасці.
На аснове рашэнняў шостага Усебеларускага народнага сходу прынята і рэалізоўваецца Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады. За мінулы год выпрацаваны прававыя механізмы, якія даюць магчымасць удасканаліць сістэму адукацыі, падатковае заканадаўства, зямельныя адносіны, жыллёвую сферу, турыстычную галіну, сістэму кіравання дзяржаўнай маёмасцю. Рэалізоўваюцца прагрэсіўныя падыходы да развіцця інавацыйнай сферы, высокатэхналагічнага прадпрымальніцтва ў рэгіёнах. Пашыраны меры падтрымкі шматдзетных і сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян пры будаўніцтве жылля, у сферы пенсіённага забеспячэння.
Людзі ацанілі нашыя дзеянні. Сацыялагічныя апытанні паказваюць высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, адзінства і згуртаванасці. Відавочныя падтрымка сацыяльнай палітыкі, адабрэнне інтэграцыйных працэсаў, нашай пазіцыі па сусветных праблемах.
Многія кардынальна перагледзелі свае погляды, зразумелі, што незалежная Беларусь — найвышэйшае дабро, і нам нельга яе страціць. Грамадзяне адчулі  сваю адказнасць за будучыню, усвядомілі каштоўнасць міру».
«У новых канстытуцыйных рэаліях імкліва змяняцца належыць і нашай дзяржаве, і грамадскім інстытутам. Час, калі крытэрыем поспеху была адсутнасць правалаў і няўдач, прайшоў беззваротна. Сучасная сістэма кіравання павінна стаць манеўранай, наступальнай, праактыўнай — арыентаванай на апярэджанне і эфектыўнае вырашэнне праблем, якія ўзнікаюць. Патрэбны ініцыятыва, уменне браць на сябе адказнасць, чуць грамадства. Гэта
трэба ўлічваць пры ўдасканаленні сістэмы кадравай палітыкі ў дзяржаве».

Прэзідэнт адказаў тым, хто асцерагаецца, што ў выніку абнаўлення Канстытуцыі і замацавання статусу УНС узнікне нейкае двоеўладдзе: «Усебеларускі народны сход будзе мець паўнамоцтвы, якія не перасякаюцца з паўнамоцтвамі іншых галін улады. Больш за тое, каб не спарадзіць канфлікт, ва УНС будуць удзельнічаць і дэпутаты, і сенатары, і Кіраўнік дзяржавы, і мясцовыя органы ўлады. Мы разам будзем збірацца тут і вызначаць шляхі нашага развіцця. Але калі камусьці захочацца з гэтых шляхоў звярнуць, мы дадзім гэтаму адпор – законна, не на вуліцах. Вось у чым сэнс. УНС – гэта не надуманая форма ўлады, не з космасу ўзятая структура. Гэтае народнае веча ўжо ратавала краіну ў папярэднія гады, навучыла тых, хто хацеў разбурыць дзяржаву, а таму заслужыла канстытуцыйны статус».
«Унесеныя ў Канстытуцыю змяненні і дапаўненні адпавядаюць глыбінным запытам грамадства. Гэта таксама пацвярджаюць вынікі сацыялагічных даследаванняў, па якіх аб неабходнасці абнаўлення Асноўнага Закона заяўляе каля 60 працэнтаў грамадзян. Яны лічаць найбольш важным захаванне асноўных сацыяльных гарантый (ахова здароўя, падтрымка пажылых, працоўныя месцы, адукацыя і гэтак далей), гарантаванне бяспекі, пашырэнне рэальных правоў і свабод грамадзян.
Несумненна, у Канстытуцыі павінен быць замацаваны прыярытэт такіх базавых запатрабаванняў і абавязкова будзе замацаваны.
Дынаміка грамадскіх адносін задае новыя стандарты жыцця. Нараўне з базавымі патрэбамі існуюць каштоўнасці найвышэйшага парадку: самарэалізацыя, самапавага, свае месца і голас у свеце. Усё гэта максімальна ўлічана ў праекце, які выносіцца на рэферэндум».

Беларусь адбылася  як сацыяльная дзяржава
«У краіне створаны трывалы, бесперабойны механізм дапамогі і клопату аб людзях, узаемападтрымкі, забеспячэнні сацыяльнай справядлівасці. На гэтым выхоўваецца грамадства.
У адпаведнасці з прынцыпамі справядлівасці, адказнасці і клопату ў Беларусі рэалізоўваецца шырокі пакет сацыяльных мер і гарантый. Гэта бясплатныя адукацыя і ахова здароўя, пенсіённае забеспячэнне, падтрымка ўразлівых катэгорый насельніцтва, дапамогі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Беларусь уваходзіць у 50 найлепшых краін па паказчыках эфектыўнасці нацыянальных сістэм аховы здароўя, апярэджваючы ЗША і Расію. Знаходзіцца ў ліку 25 найлепшых краін у рэйтынгу камфортных умоў для мацярынства.
Праграмай сямейнага капіталу з 2015 года скарысталася больш за 107 тысяч шматдзетных сем’яў, а іх колькасць за апошнія дзесяць гадоў павялічылася ўдвая. Дзяржава бярэ на сябе значную частку расходаў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: капітальны рамонт жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, бягучы рамонт дарог, паркаў, сквераў. Субсідзіруюцца выдаткі на праезд у грамадскім транспарце. У 2022 годзе сацыяльны блок выдаткаў кансалідаванага бюджэту не толькі захаваны, але і істотна прырос, склаўшы амаль палову (каля 50 працэнтаў) усіх расходаў. Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава рэальна клапоціцца аб патрэбах грамадзян. Павышэнне іх дабрабыту застаецца ў ліку прыярытэтаў.
Каля 70 працэнтаў усіх расходаў у ахове здароўя застанецца за дзяржавай, а гэта амаль Br9 мільярдаў. Не менш будзе патрачана на адукацыю – таксама каля
Br9 мільярдаў. Каб было больш зразумела: уклад дзяржавы ў бюджэт сям’і за год навучання аднаго дзіцяці ў гарадской школе – Br2,3 тысячы, а ў сельскай, дзе навучэнцаў менш, – Br5,2 тысячы.
Расходы на заработную плату бюджэтнікаў павялічацца амаль на Br2 мільярды».

Незалежнасць каштуе дорага
«Нашы грамадзяне адзіныя ў імкненні да суверэнітэту і незалежнасці. Але незалежнасць каштуе дорага ў літаральным сэнсе гэтага слова. Гэта абарона і бяспека, уласная фінансавая сістэма, развітыя і эфектыўныя дзяржаўныя інстытуты – усё вельмі дорага. І ў мяне да вас наступнае пытанне,
паважаныя беларусы: вы гатовы плаціць за гэтую дарагую рэч, імя якой – суверэнітэт і незалежнасць?
Незалежнасць – гэта ўмова для захавання нацыі, магчымасць вызначаць сваю будучыню. І мы гэтае права нікому аддаць не павінны», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў: «У нас створаны ўсе магчымасці для таго, каб зрабіць Беларусь краінай, якая дынамічна развіваецца. Сутнасць нашай эканамічнай мадэлі – эвалюцыйныя пераўтварэнні, захаванне разумнага ўзроўню ўдзелу дзяржавы ў вытворчасці тавараў і паслуг, справядлівае размеркаванне даброт. На VІ Усебеларускім народным сходзе народ выказаўся за захаванне такога эканамічнага курсу. Мы яго прынялі. Гэты курс забяспечваецца агульнымі намаганнямі і ўкладам кожнага ў эканоміку і бюджэт краіны. Без моцнай эканомікі не будзе Беларусі як самастойнай дзяржавы».
«Не спраўдзіўся ні адзін са змрочных прагнозаў так званых незалежных экспертаў і міжнародных фінансавых інстытутаў. Мы перасягнулі планавыя паказчыкі 2021 года па ВУП. Лакаматывам выступіла прамысловасць, якую мы не спынілі. Як вынік – небывалы за дзесяць гадоў тэмп  росту вытворчасці (107 працэнтаў). Ажыўленне сусветнай эканомікі нарадзіла вялікі попыт на беларускія тавары, таму што мы не спыніліся. Айчынныя прадпрыемствы выкарысталі такую знешнюю кан’юнктуру, атрымаўшы нядрэнныя фінансавыя вынікі і практычна поўнасцю разгрузіўшы склады.
Аналагічная тэндэнцыя і ў АПК: экспарт галіны дасягнуў максімальнага аб’ёму за апошнія дзесяць гадоў. Мы атрымалі добры прыбытак і ад сельскай гаспадаркі, і ад лесапрадуктаў. Гэтыя дзве галіны, якія працуюць на мясцовай аднаўляльнай сыравіне, забяспечваюць чвэрць знешнегандлёвых паставак».
Сёння ў эканоміцы вытрымліваюцца ўсе тры ключавыя індыкатары збалансаванага росту. Валютны курс стабільны, рост золатавалютных рэзерваў апярэджвае прагнозы, прафіцыт знешняга гандлю максімальны з  2012 года (плюс $4 мільярды). Усё гэта дало магчымасць нават ва ўмовах санкцый скараціць знешні дзярждоўг.
Як заканамерны вынік – захавалі станоўчую дынаміку рэальных даходаў насельніцтва (102 працэнты), рэальнай зарплаты (амаль 105 працэнтаў). Не ўрэзалі ніводнай сацыяльнай праграмы, пабудавалі на 14 працэнтаў больш жылля з дзяржпадтрымкай. Увогуле, уведзены ў эксплуатацыю 45 тысяч новых кватэр».
«Такую дынаміку неабходна забяспечыць, нягледзячы на санкцыі. Мы многае, калі не ўсё, зможам зрабіць самі. Гэта ўмова захавання нашага суверэнітэту. Патрэбна толькі сістэмная і ўпарадкаваная работа па забеспячэнні эканамічнай самадастатковасці краіны. Найпершая задача – як мага хутчэй адысці ад залежнасці і замяніць беларускімі аналагамі ключавыя кампаненты для рэальнага сектара эканомікі. Намечаныя планы па імпартазамяшчэнні з’яўляюцца асновай выжывання большасці галін, дадуць магчымасць адысці ад санкцыйнай уразлівасці. Заробленыя на добрай кан’юнктуры грошы мы ні ў якім разе не павінны патраціць толькі на спажыванне. Крытычна важна выкарыстоўваць іх на павышэнне канкурэнтаздольнасці там, дзе мы не дасягнулі сучаснага ўзроўню развіцця. Інвестыцыі – адзіная  бяспечная крыніца эканамічнага росту».
Прыярытэт дзяржпалітыкі – пераадоленне міжрэгіяналь-
ных адрозненняў, падкрэсліў Прэзідэнт: «Сфарміраваны ў рамках праграмы на пяцігодку пералік праектаў павінен быць абавязкова рэалізаваны, асабліва ў рэгіёнах. Менавіта там трэба зрабіць прарыў. Гэтага чакаюць. 30 гадоў асноўныя рэсурсы спажывалі Мінск і буйныя абласныя гарады. Мы сур’ёзна завінаваціліся людзям на месцах. Да канца пяцігодкі стандарт якасці жыцця павінен ісці менавіта адтуль – з раённых цэнтраў, маленькіх пасёлкаў, аграгарадкоў. Пераадоленне міжрэгіянальных адрозненняў застанецца прыярытэтам дзяржпалітыкі».
Вёска заўсёды будзе ў фокусе ўвагі і падтрымкі дзяржавы: беларуская аграрная палітыка і ў далейшым будзе зыходзіць з таго, што сельская гаспадарка з’яўляецца шматфункцыянальнай сістэмай, якая забяспечвае не толькі харчовую бяспеку, але і асваенне тэрыторыі краіны, захаванне самабытнай сельскай культуры, далучэнне да працы моладзі.

«Час распранацца  і працаваць!»
Трэцяе пытанне – ці гатовыя вы быць ініцыятыўнымі і працаваць на сябе?
«Ці гатовы беларусы сёння адарвацца па-сапраўднаму, адвязацца, паставіць перад сабой, перад сваёй сям’ёй задачу і папрацаваць хаця б на сябе. А ўсё астатняе, што ад дзяржавы, мы захаваем. І як толькі гэты ўнутраны патэнцыял нашага народа, кожнага беларуса задзейнічаем, мы ў два разы будзем багацейшымі. Час распранацца і працаваць!
«Азіраючыся вакол і аналізуючы сучасныя тэндэнцыі, мы разумеем, наколькі ўразлівым можа быць свет і як хутка, раптоўна можна страціць тое, што стваралася стагоддзямі. Ва ўмовах глабальнай нявызначанасці беларуская стратэгія развіцця можа быць толькі адна: ісці сваім шляхам, думаць сваёй галавой, жыць уласным розумам, будаваць будучыню на трывалым падмурку народнага адзінства. Усе беларусы, хто згодны са мной ці не, памятайце: іншай зямлі ў нас не будзе. Гэта – Богам да-
дзеная, іншай зямлі не заваюем і не трэба. Краіна ўпэўнена
рухаецца наперад, у яе ёсць неабходныя для гэтага рэсурсы, воля, сілы, падтрымка саюзнікаў і партнёраў. Я ганаруся ўсімі вамі! Беларусы пераадолелі кінутыя выклікі, сталі мацнейшыя, мудрэйшыя. Зразумелі: сіла ў адзінстве, і нам ёсць за што змагацца і ёсць што губляць.
Мы зберажом і прымножым матэрыяльную і духоўную спадчыну пакаленняў, перададзім нашчадкам суверэнную і незалежную дзяржаву, наш агульны дом, дзе яны заўсёды будуць адчуваць сябе ў бяспецы і камфорце. Гэта і ёсць наш шлях! І праўда (а ў ёй сіла) – на нашым баку!
Гэты палітычны год, нягледзячы на ўсе цяжкасці, стане годам абнаўлення і пазітыўных пераўтварэнняў, нягледзячы ні на якія санкцыі. Вось пабачыце. Гэта напоўніць новым зместам беларускую мадэль развіцця, разняволіць рэзервы ва ўсіх сферах жыцця. Я перакананы, што за мяжой будуць вучыцца ў Беларусі, пераймаць беларускую мадэль развіцця, у аснове якой – справядлівасць і чалавечнасць.
Мы смела гаворым пра будучыню, таму што чэрпаем сілы з вечных вытокаў, якія сфарміравалі непаўторнае аблічча і шлях беларускай нацыі. Мы багатыя нашай гісторыяй. Пераемнасцю каштоўнасцяў, традыцый, звычаяў, уяўленняў аб дабры і зле, аб належным і непрымальным. Мы ўзгадаваны нашай зямлёй – непаўторнай беларускай прыродай, лясамі, азёрамі, палямі, чыстым паветрам. Гэта сапраўды ідэальнае месца для жыцця чалавека. І гэта заўжды будзе з намі».
Па матэрыялах БЕЛТА.