Работу шукаюць, вакансіі чакаюць. На Ляхавіччыне распаўсюджаны розныя формы работы, каб дапамагчы землякам знайсці дастойнае месца працы

На кірмаш можна адпраўляцца не толькі за пакупкамі ці прадаць тавар. Ёсць і іншыя кірмашы, дзе таксама дзейнічае прынцып «купі-прадай». Размова пра кірмашы вакансій.

– Кірмашы вакансій – гэта такая форма працаўладкавання, дзе свае прапановы выстаўляюць прадпрыемствы і арганізацыі, а тыя, хто ў пошуку работы – пастаяннай ці часовай, – могуць нешта выбраць для сябе. Не першы год у нашым раёне праходзяць такога кшталту мерапрыемствы. Арганізоўваем разнастайныя варыянты кірмашоў, у тым ліку электронныя, аб’яву пра якія даём у «Ляхавіцкім весніку», а таксама на сайтах. Добрым дапаможнікам у пошуку новага месца працы з’яўляецца агульнарэспубліканскі банк вакансій, са зместам якога можна азнаёміцца ў тым ліку і на старонцы Ляхавіцкага райвыканкама на сайце аблвыканкама, – адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла.
Першы сёлета кірмаш вакансій прайшоў напрыканцы студзеня ў будынку аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.
Спачатку пра суіскальнікаў. Паспрабаваць працаўладкавацца прыйшлі 16 чалавек, у асноўным гараджане. Адразу некалькі чалавек прапанавалі свае паслугі ў якасці прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Але ў працаўладкаванні ім было адмоўлена па прычыне таго, што грамадзяне, хоць і маюць адпаведны дыплом, але істотны час не працавалі па медыцынскай спецыяльнасці. Каб вярнуцца на працу ў медустановы менавіта па медыцынскай спецыяльнасці, ім неабходна прайсці курсы павышэння кваліфікацыі. Адна з прэтэндэнтак згадзілася на працаўладкаванне санітаркай.
У якасці патэнцыяльных работадаўцаў выступілі Ляхавіцкая райбальніца, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», райпо, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», «Шлях новы»,
КСУП «Ліпнянка», СУП «Белазем’е» і іншыя. Былі прадстаўлены наступныя вакансіі: санітаркі, раздатчыцы, слесары, жывёлаводы, прыбіральшчыкі.
Напэўна, з дня на дзень новыя работнікі з’явяцца: слесар – у камунгасе, прыбіральшчыца – у райпо. Жыхару вёскі Гашчын было прапанавана ўладкавацца жывёлаводам у фермерскую гаспадарку «ЛагуЦін».
Ірына Пабягайла расказала, што ўзровень беспрацоўя ў Ляхавіцкім раёне складае 0,2 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва і адпавядае сярэднеабласному.

Галіна КАНЬКО