Навасёлкі – аграгарадок будучыні. ПРАШУ СЛОВА!
Я вяскоўка, чым бязмежна ганаруся. Маё жыццё непарыўна звязана з сельскай мясцовасцю, дзе нарадзілася, вучылася ў школе, а зараз працую. Тут жывуць мае родныя, сябры, суседзі, мы – землякі. Таму ў сёлетнім Пасланні Прэзідэнта Беларусі з асаблівай уважлівасцю слухала менавіта меркаванні Кіраўніка дзяржавы наконт развіцця беларускіх вёсак і аграгарадкоў.
Наш Прэзідэнт зазначыў, што неабходна выпрацаваць адзіныя крытэрыі да вызначэння «вёскі будучыні», ён выказаў упэўненасць, што развіццё аграгарадкоў і перспектыўных населеных пунктаў павінна працягвацца. Навасёлкі – адзін з першых аграгарадкоў у Ляхавіцкім раёне. І сапраўды, умовы жыцця тут рэальна набліжаныя да гарадскіх. Выдатная інфраструктура –
аддзяленні ашчаднага банка, паштовай сувязі, магазіны, сярэдняя школа, дзе вучацца 78 хлопчыкаў і дзяўчынак, дзіцячы садок (тут выхоўваюцца 29 маленькіх вяскоўцаў), амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які аб’яднаў пад адным дахам Дом культуры, бібліятэку, дзіцячую школу мастацтваў і спартыўны аб’ект.
Закранулі душу словы, сказаныя Прэзідэнтам: «Прыгожыя катэджы на месцы старых дамоў, дагледжаны падворкі, заасфальтаваныя вуліцы, газ, водазабеспячэнне і іншая неабходная інфраструктура сталі прыцягваць тысячы людзей, якія гатовыя працаваць на зямлі, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей». Гэта нібы і пра нашы Навасёлкі. Сапраўды, большасць маіх землякоў – руплівыя, дбайныя гаспадары, якія стараюцца, каб было чыста, утульна не толькі каля іх дамоў і прысядзібных участкаў, яны клапоцяцца і пра агульны аграгарадскі пейзаж.
Талакой любая справа ладзіцца. Напрыклад, агульнымі намаганнямі Навасёлкаўскага сельвыканкама, службаў і арганізацый, землякоў вырашана калектыўнае пытанне па абсталяванні прыпыначнага пункта рэйсавага аўтобуса, заасфальтавана дарога ад Малога Падлесся да Навасёлак, вуліца Школьная і частка Калгаснай у аграгарадку, плануецца і асфальтаванне іншых аграгарадскіх вуліц, праведзена добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі. Трэба ведаць і бачыць, з якім азартам, цікавасцю аграгараджане чакаюць іх, рыхтуюцца да штогадовага традыцыйнага конкурсу на лепшага гаспадара падворка, вынікі якога заўжды праводзяцца падчас любімага многімі землякамі свята – Дня вёскі.
Таксама Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што асаблівы кантроль па-ранейшаму будзе нада-
дзены яшчэ адной важнай для вёскі тэме – знос старых дамоў. На тэрыторыі сельсавета такія пабудовы яшчэ ёсць, а вось непасрэдна ў Навасёлках іх няма. Наадварот, прыязджаюць маладыя сем’я і купляюць дамы, значыць, у Навасёлак ёсць будучыня, і яна, упэўнена, будзе шчаслівай. Яшчэ адно пацвярджэнне – той факт, што ў Навасёлкі прыязджае моладзь – жыць, працаваць, ствараюць сем’і, нараджаюць дзяцей, вырашаюць жыллёвае пытанне. Толькі летась у аграгарадку нарадзіліся шасцёра дзетак. Маладыя спецыялісты прыйшлі працаваць у школу, урачэбную амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, у ААТ «Шлях новы». Пасля службы ва Узброеных Сілах краіны вярнуўся на малую радзіму інструктарам фізкультурна- аздараўленчага комплексу Раман Станчык.
У Пасланні Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць стварэння стымулаў, каб людзі імкнуліся жыць не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. І тут, лічу, вызначальныя фактары – работа і жыллё. Не сакрэт, што апошнім часам у ААТ «Шлях новы» справы ішлі далёка не лепшым чынам, што, адпаведна, прывяло да заняпаду прадпрыемства, часта мяняліся кіраўнікі. І, здавалася, што вось-вось некалі вядомаму на ўсю краіну перадавому сельгаспрадпрыемству пагражае банкроцтва. Аднак, дзякуючы і раёнай уладзе, а таксама энергіі, жаданню выправіць сітуацыю з боку новага дырэктара ААТ Андрэя Коктыша, гаспадарка пачала выходзіць з крызіснай сітуацыі, што паспрыяла не толькі прытоку маладых кадраў, але і таму, што работнікі, якія раней працавалі ў мясцовай гаспадарцы, вяртаюцца сюды. А калі развіваецца сельгаспрадпрыемства – гэта толькі на карысць населеным пунктам, на чыёй тэрыторыі яно знаходзіцца.
2022 год аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Пра тое, што важна шанаваць гісторыю, гаварыў Кіраўнік дзяржавы і ў Пасланні. І ў праекце абноўленай Канстытуцыі ёсць дапаўненне ў артыкул 54 – «праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна». Мы, навасёлкаўцы, будзем заўжды помніць і перадаваць з пакалення ў пакаленне той вялікі подзвіг, які здзейснілі савецкія воіны, якія вызвалялі вёску ад фашыстаў. Помнім таксама пра мірных ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Не зарастае сцяжынка памяці да двух помнікаў, якія знаходзяцца ў Навасёлках (дарэчы, шэфства над імі ўзялі на сябе вучні і настаўнікі Навасёлкаўскай СШ. А летась за кошт сродкаў сельвыканкама праведзены капітальны рамонт помнікаў), а непасрэдна ў дзень вызвалення Навасёлак – 7 ліпеня праводзіцца Свята вёскі. Яшчэ адна слаўная традыцыя – абавязкова напярэдадні Дня Перамогі наведваем ветэранаў Вялікай Айчыннай, на жаль, іх становіцца ўсё менш, віншуем, гаворым па душах, спяваем песні. Іх вуснамі гаворыць гісторыя.
З году ў год выпускнікі, развітваючыся са школай, спяшаюцца да помнікаў і ўскладаюць кветкі – ведаюць, шануюць, помняць. Вёска жыла, жыве і, упэўнена, будзе жыць і жыць шчасліва.
Таццяна ПІШЧ,
стараста аграгарадка Навасёлкі.