Сіла нашага адзінства. Ляхавіцкая раённая арганізацыя Беларускага фонда міру – за мірную Беларусь

Беларускі фонд міру – за мірную Беларусь! З такім міратворчым дэвізам праводзяць свае сустрэчы члены грамадскага аб’яднання. Ляхавіцкая раённая арганізацыя таксама ў гэтай плыні і вылучаецца дабрачыннымі і патрыятычнымі справамі, садзейнічаннем згодзе і адзінству.

У грамадскай прыёмнай па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона, якая працавала ў райвыканкаме 31 студзеня, дзяжурыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонда міру Ларыса Юшкевіч. Правам выказаць свой пункт погляду на абноўлены дакумент скарысталася і актывістка БФМ ляхавічанка Юлія Бацкалевіч.
Што закранула і зацікавіла ў праекце Канстытуцыі?
У цэнтры ўвагі – кожны артыкул Закона, але асабліва – пункт 15, які дапоўнены важнымі радкамі пра тое, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Сярод унесеных змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон нашай дзяржавы, лічу, асаблівая роля належыць захаванню гістарычнай памяці. Пра масавы гераізм савецкага народа, сапраўдны твар фашызму павінны ведаць сенняшнія школьнікі, моладзь. Мы павінны вучыцца і вучыць на прыкладах гістарычнага мінулага. Мірная Беларусь – гэта наша багацце, бясцэнная спадчына, завешчаная нам пакаленнем пераможцаў. Наш абавязак – перадаць гістарычную праўду нашым дзецям і ўнукам,  свята памятаць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, захаваць мір на нашай зямлі, – адзначыла Ларыса Юшкевіч. Яна падкрэсліла, што абавязак кожнага грамадзяніна – прыйсці на выбарчы ўчастак
27 лютага – у дзень рэспубліканскага рэферэндуму – і прагаласаваць.
Яшчэ адна важная тэма для размовы – Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
– Выступленне Прэзідэнта было моцным па змесце і яркім па эмацыянальнасці. Мяне, як прадстаўніка грамадскага аб’яднання і маці, вельмі хвалюе сённяшняя знешнепалітычная сітуацыя. На фоне ўзмацнення напружання каля межаў Беларусі выразна разумееш каштоўнасць міру і спакою, важнасць адчування ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. І для захавання гэтых даброт нам усім неабходна прыкласці максімум намаганняў. Праз усё Пасланне Прэзідэнта праходзіць думка, што краіна здольная эфектыўна супрацьстаяць агрэсіі, толькі калі яна маналітная. Падзеі пацвярджаюць – наша сіла ў адзінстве і згодзе, – выказала свае меркаванні пра Пасланне Прэзідэнта старшыня раённай арганізацыі Беларускага фонда міру Ларыса Юшкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.