Малочны год паказаў ход. Летась сельгасарганізацыі Ляхавіцкага раёна надаілі 55164 тоны малака

З завяршэннем каляндарнага года прынята вызначацца з вынікамі, ацэньваць іх і сваю работу на прадмет паспяховасці, вытворчых здабыткаў, эканамічнай эфектыўнасці. Сёння гутарка пойдзе пра сельскую гаспадарку з акцэнтам на жывёлагадоўлю.

Асемянатар СВК «Ляхавіцкі» Сяргей Белавус у сваёй прафесіі – адзін з лепшых у раёне, па выніках 2020 года быў занесены на раённую Галерэю славы.

Жывыя лічбы
Жывёлагадоўля – вядучая падгаліна ў сістэме не толькі сельскай гаспадаркі рэгіёна – эканомікі ў цэлым. Для нашай аграрнай Ляхавіччыны ад работы фермаў і комплексаў залежыць надзвычай многа.
– У мінулым годзе паказчыкі работы жывёлагадоўлі раёна аказаліся найбольш прывабныя за апошні час. Але зрабіць атрымалася далёка не максімум. Рэзервы і магчымасці для росту застаюцца. Як і ёсць шчырае жаданне стаць на шлях іх практычнага выкарыстання. Аснова – кармы, да якіх у бягучым годзе месцамі ёсць прэтэнзіі адносна якасці, але нарыхтавана іх прыкметна больш, чым годам раней. Гэта азначае, што леташняй сітуацыі, калі асобныя сельгас-
прадпрыемствы ўжо ў сакавіку вымушаны былі працаваць на пакупных травяністых кармах, не здарыцца. Якая эканоміка, калі адсутнічае сянаж-сілас уласнай вытворчасці, – падсумоўвае
першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілій Пыжык.
У мінулым, не самым «раслінаводчым», нагадаем, сезоне сельгасарганізацыі нарыхтавалі больш за 58 тысяч тон зерня ў вазе пасля дапрацоўкі, больш за восем тысяч тон насення рапсу, 61 з лішнім тысячу тон цукровых буракоў і дзесяць – бульбы. Апроч свайго асноўнага харчовага прызначэння, частка гэтага багацця ідзе на малако і мяса – у тым або іншым выглядзе выкарыстоўваецца ў якасці корму для буйной рагатай жывёлы. І колькасная залежнасць паміж першым і другім самая што ні ёсць прамая. А яшчэ аснова
рацыёну – травяністыя кармы ўласнай вытворчасці. Пад зімоўку 2021–2022 гадоў у Ляхавіцкім раёне быў нарыхтаваны 31 цэнтнер кармавых адзінак у разліку на ўмоўную галаву жывёлы.
Або плюс пяць пунктаў у параўнанні з леташнім кармавым раскладам.
За 2021 год сельгасарганізацыі раёна валава надаілі 55 тысяч 164 тоны малака. Тым самым аналагічны мінулагодні паказчык быў апярэджаны больш як на адзін працэнтны пункт. Не ўнушальна, але паказальна – працуем з паскарэннем. З гаспадарак валава праселі толькі СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Шлях новы» зусім крыху, а КСУП «Ліпнянка» вельмі істотна. Усе астатнія ляхавіцкія малакавытворцы паказваюць дынаміку. У тым ліку і нядаўні аўтсайдар малочнай гонкі райаграсэрвіс, які сёння працуе пад іншым ужо кіраваннем, новым брэндам СУП «Белазем’е» і, як бачым, палепшанымі вынікамі.

Галоўнае – пагалоўе
Акрамя кармоў, у тэхналагічным ланцугу вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі крытычна важнымі момантамі з’яўляюцца мэтанакіраваная селекцыйная работа, пастаяннае ўкараненне на фермах перадавых дасягненняў навукі-тэхнікі, штодзённы шматступеньчаты кантроль вытворчага цыкла. І, канешне ж, высокапрадукцыйная жывёла, запраграмаваны на вынік калектыў. На такі баланс складана выйсці, але хто здолеў, той здымае багаты ўраджай, зарабляе грошы і славу лепшага працаўніка. Сёння ў Брэсцкай вобласці ўжо ёсць вытворчыя комплексы, а то і цэлыя сельгасарганізацыі, дзе ўдойнасць сярэдняй каровы перавышае 12 тысяч кілаграмаў малака ў год.
– 12 і больш тон малака ад каровы не з’яўляюцца нечым незвычайным. Але дарога да такога выніку не хуткая і не простая. Патрэбна мэтакіраваная работа на вынік. Тое ж «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна прыйшло да сваіх амаль 12,4 тысячы кілаграмаў далёка не адразу, – адзначае кіраўнік райсельгасхарчу.
Самы высокі валавы надой у раёне паказала ААТ «Жарабковічы», дзе ў 2021 годзе атрымана больш за 18 тысяч тон малака – амаль трэцяя частка ад агульнараённага валавога надою. А вось самыя ўдойныя сярод сельгасарганізацый каровы «прапісаны» ў ЗАТ «Белпрампрыбор» (8717 кілаграмаў у год) і СВК «Ляхавіцкі», дзе нягледзячы на факт некаторага зніжэння ўдзельнай прадукцыйнасці ў параўнанні з 2020 годам, сярэдняя карова гаспадаркі прынесла ёй 8664 кілаграмы малака. Упаўне сабе вартыя вынікі.
Малочны рэйтынг асобных фермаў (комплексаў) раёна пачынаецца таксама з «Ляхавіцкага» і выглядае ледзь ці не на тону малака больш выгадна. На жывёлагадоўчым аб’екце ў Русінавічах за апошні год атрымалася выйсці на 9499 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. Далей у гэтым рэйтынгу паспяховасці значацца МТФ «Чашчы» і «Зарытава» ААТ «Жарабковічы», начаўскія «Зубелевічы» і іншыя. Просіцца выснова, што названыя зараз жывёлагадоўчыя аб’екты з’яўляюцца «навадзеламі» – узведзены, адбудаваны, капітальна мадэрнізаваны ўжо цяперашнім часам – у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі, нормамі і тэхналогіямі жывёлагадоўлі. За імі ці такімі ж, але яшчэ больш свежымі аб’ектамі і цяперашняе, і, канешне ж, будучае малочнай галіны. Ды і сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым. Таму…

Сельгасарганізацыі працягваюць будавацца
Будуюцца, як ў плане ўзвядзення сцен і дахаў, так і ў значэнні перспектыўнага выстройвання, паляпшэння статкаў буйной рагатай жывёлы.
Што тычыцца апошняга, работы на ўзнаўленні статкаў, то гэта, па меркаванні Васілія Пыжыка, бесперапынны, раскладзены ледзь ці не па дзясятках мінут працэс, што патрабуе высокай і ў розных сэнсах акуратнасці, ашчаднай дакладнасці, следавання нормам і спецыяль-
ным тэхналогіям. Але вынік заўсёды апраўдвае ўкладзеныя сілы і сродкі, запэўнівае спецыяліст.
Даволі стабільна ў пытаннях атрымання цялят выглядаюць СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы» і «Нача». Лічбы атрыманага ў мінулым годзе прыплоду буйной рагатай жывёлы ў названых арганізацыях выглядаюць неаднолькава добра, аднак выйгрышна ў параўнанні з такой статыстыкай 2020 года. Аднак, «мінусы» астатніх гаспадарак не дазволілі АПК раёна выйсці па гэтым вельмі важным вытворчым паказчыку ў плюс. Летась цялят у раёне было атрымана амаль на паўсотні менш, чым годам раней.
У дзвюх нашых сельскагаспадарчых арганізацыях у 2021 годзе пачалося будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў: у ААТ «Жарабковічы», дзе ў аграгарадку Падлессе ўзводзіцца аб’ект на тысячу пастановачных месцаў, і СВК «Ляхавіцкі», дзе ў Русінавічах узводзіцца ферма на 720 галоў БРЖ. І па першым, і па другім адрасе зроблена ўжо вельмі многае. Аб’ём інвестыцый па гэтых аб’ектах толькі за 2021 год склаў больш за восем з паловай мільёнаў рублёў.
З увядзеннем у 2022 годзе названых аб’ектаў у эксплуатацыю плануецца малочная прыбаўка:
у «Жарабковічах» на 6,8 працэнта, у «Ляхавіцкім» амаль на сем з паловай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.