Для сям’і і агульнага дабрабыту

Сёння Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму  сходу – самая, бадай, абмяркоўваемая ў грамадстве тэма. І гэта зразумела.
Кожны са змястоўнага і адкрытага выступлення пачуў асабліва важнае для сябе. Кагосьці цікавяць змяненні ў адукацыі, даступнасць медыцыны, мір і згода, іншых хвалююць знешнія выклікі і нацыянальная бяспека. У мяне, маці пецярых дзяцей і працаўніцы завода, галоўныя клопаты – здароўе і будучыня маіх сыноў і дочак, упэўненасць у заўтрашнім дні і стабільная праца прадпрыемства.
Прэзідэнт надаў асаблівую ўвагу пытанням адказнасці кожнага з нас за сваё здароўе. І гэта правільна. Чалавек павінен выразна разумець, што ад ладу яго жыцця залежыць многае. І ніхто не будзе сачыць за тым, ці своечасова ён звярнуўся да ўрача, ці правільна харчуецца і ці робіць, напрыклад, зарадку раніцай. Трое маіх дзяцей – Ульяна, Аляксандра і Данііл – займаюцца спортам – дзюдаісты. Таму не на словах ведаю, што такое рэжым дня, заняткі фізкультурай і здаровы лад жыцця.
Спорту ў нашай краіне нададзена, лічу, вялікая ўвага. Працуюць разнастайныя фізкультурна-спартыўныя і аздараўленчыя ўстановы, праводзіцца шмат спаборніцтваў, створаны ўмовы для адпаведных заняткаў. У нашай ляхавіцкай СДЮШАР заняткі па відах спорту для рабят бясплатныя. Забяспечваюцца яны і формай, інвентаром. А спартыўныя дасягненні вельмі падтрымліваюцца і стымулююцца. Так, дачка Аляксандра сёлета атрымлівае па рашэнні райсавета дэпутатаў стыпендыю за другое месца на Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь па дзюдо. Такую ж прэмію за спартыўныя перамогі мела летась і Ульяна.
Вельмі парадавала, што і далей дзяржава будзе актыўна падтрымліваць сем’і. Дапамога бацькам аказваецца даволі важкая, пачынаючы з моманту пастаноўкі маці на ўлік ва ўстанове аховы здароўя і не спыняецца і далей – выплаты адчувальныя. Адзін сямейны капітал чаго варты! Маім дзецям, напрыклад, як мнагадзетнай сям’і, штогод бясплатна прадастаўляюцца падручнікі і харчаванне ў школе.
Але важна не спадзявацца на іншых, а самім працаваць аддана і плённа. Ад кожнага залежыць, што будзе ў яго на стале заўтра. Працую майстрам цэха на льнозаводзе і не на словах ведаю, як актуальна сёння зацікаўленасць кожнага ў справе, нераўнадушнасць і адказнасць.
Марына ШЧАРБАКОВА,
мнагадзетная маці, майстар цэха Ляхавіцкага льнозавода.