Сямідзёнка для паліклінікі. Ляхавіцкая паліклініка часова перайшла на сямідзёнку
Чарговая каранавірусная хваля б’е свае ж сутачныя рэкорды. З кожным днём колькасць тых, хто падхапіў кавідную інфекцыю, расце. Медыкі такую актыўнасць COVID-19 тлумачаць надзвычай заразным штамам «амікрон».
У сувязі з павелічэннем нагрузкі на амбулаторна-паліклінічныя службы ў многіх рэгіёнах краіны паліклінікі перапрафілявалі графік работы, прыём пацыентаў у чырвоных зонах вядзецца дадаткова па выхадных. Ляхавіцкая паліклініка таксама часова перайшла на сямідзёнку.
– Рост захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і ў нашым раёне адчувальны. Пік гэта ці не, пакуль сказаць нельга. Аднак паліклініка, калі гаварыць пра наплыў пацыентаў у чырвонай зоне, не пустуе. Напрыклад, у мінулую суботу з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі да ўрача агульнай практыкі прыйшлі 36 дарослых і да педыятра – 32 дзіцяці, у нядзелю – 49 і 10 чалавек адпаведна. У панядзелак колькасць яшчэ больш павялічылася. Нагадаю, што ў выхадныя таксама выязджаюць спецыялізаваныя брыгады на дом да захварэлых на кавід, працуе і кол-цэнтр.
Паліклініка без выхадных будзе працаваць да таго часу, пакуль не стабілізуецца сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19, – тлумачыць загадчык паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Анатолій Панько.
Як паведамілі ў ЦРБ, пакуль часова спынена планавая шпіталізацыя ў аддзяленні стацыянара райбальніцы.
Галіна КАНЬКО.