Рэальна-віртуальна пра мінулае
Самы бедны чалавек – той, хто не ведае гісторыю сваёй краіны. Менавіта збудаванні, якія ўзводзіў наш народ у розныя гады свайго існавання, могуць расказаць нам пра багатую культуру роднага краю. Каб мы ведалі, на якой зямлі жывем і чым можам ганарыцца.
Час не спыняецца, камп’ютарныя тэхналогіі сёння значна пашырылі сферу выкарыстання, а калі мы гаворым пра турызм, увогуле ўспрымаюцца як належнае. Асабліва камп’ютарнае мэдэліраванне, якое ўсё часцей дазваляе няхай і віртуальна, але ж наведаць мясціны, якія засталіся толькі ў гістарычных дакументах…
Гісторыя Ляхавіцкай фартэцыі здзіўляе. На жаль, пра тое, як яна выглядала, нам сведчаць толькі малюнкі з энцыклапедый і архіваў, расказы з гістарычных крыніц. Не застаецца наша ляхавіцкае збудаванне без інтрэсу гісторыкаў, даследчыкаў, краязнаўцаў, а цяпер і тых, хто цікавіцца архітэктурай. Навучэнка Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа Злата Карогвіч спыніла ўвагу менавіта на нашым гістарычным умацаванні. У выніку з дапамогай камп’ютарных тэхналогій, дасканалага вывучэння гістарычных крыніц зрабіла фотарэалістычныя малюнкі і відэасюжэт пра Ляхавіцкі замак. Нам вельмі прыемна, што ёсць такія нераўнадушныя людзі да гісторыі нашай Беларусі, прыемна, што мы пазнаёміліся, абмеркавалі макет і нават запланавалі нешта новенькае для нашага турыстычнага свету.
Чаму выбар спыніўся менавіта на нашай гістарычнай каштоўнасці? Злата адначае, што падчас курсаў па 3D-мадэляванні, што значна пашыраюць яе веды па атрыманай прафесіі, хацелася зрабіць мадэль такога гістарычнага аб’екта, які да сёння не захаваўся.
– У атрыманым відэасюжэце мы пастраліся зрабіць мантаж так, каб у кожнага была магчымасць нетаропка разглядзець замак. Унікальнасць гістарычнага збудавання ўражвае! Дзіўлюся, як будаўнікам удалося узвесці такое тытанічнае ўмацаванне. Працавалі над праектам крыху больш за месяц. Захапілася і гісторыяй Ляхавіччыны, і архітэктурнай спадчынай. Буду і далей працягваць працаваць над новымі мадэлямі.
Няхай на нашай Ляхавіччыне няма лазурнага мора або заснежаных гор, але ж прыродная прыгажосць утульнага куточка Беларусі не пакіне без эмоцый ніводнага турыста. Заязджайце на нашу маленькую радзіму, тым больш у нас столькі экскурсійных маршрутаў. На сайце “Спорт і турызм Ляхавіцкага раёна”, дарэчы, распрацавана пяць віртуальных тураў. А колькі яшчэ запланавана!
Таццяна ШЧУКА,
галоўны спецыяліст райвыканкама.