Наша Беларусь! І наша задача зрабіць яе лепшай. У мінулую пятніцу адбыўся сход гаспадарчага актыву Ляхавіцкага раёна

Кіраўніцтва раёна, арганізацый  і прадпрыемстваў Ляхавіччыны ў мінулую пятніцу трымала справаздачу: у гарадскім Доме культуры адбыўся сход гаспадарчага актыву раёна, удзел  у якім прынялі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык.
Першыя 365 дзён пяцігодкі 2021–2025 адзначыліся важкімі дасягненнямі, падзеямі, датамі, вынікамі, якімі мы ганарымся, планамі, якія будуем, і імкнёмся намечанае рэалізаваць. Галоўная задача гэтых пяці гадоў, пастаўленая  на Усебеларускім народным сходзе, – забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці  ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэння камфортных умоў для жыцця, працы  і самарэалізацыі.

Да пачатку пасяджэння ўвагу прысутных прыцягвалі шматлікія выставы, што разгарнуліся ў фае. Старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка дасканала і дэталёва пазнаёміўся з кожнай: сваю прадукцыю прэзентавалі кансервавы і малочны заводы, райпо, адукацыйная прастора разгарнулася ў выставах  СШ № 1 і ясляў-сада № 3, агракаледжа, не менш ярка заявілі пра сябе ТЦСАН, ільнозавод, райкам БРСМ. Як заўжды, творча прадставілі сябе рамеснікі і народныя ўмельцы раёна. Старшыня аблвыканкама падчас наведвання выстаў цікавіўся планамі ў рабоце, што атрымліваецца, якія ёсць праблемы.


На парадку дня сходу – пытанні важныя. Час падвесці вынікі, прызнаць недахопы і зрабіць усё магчымае, каб у будучым атрымаць лепшы рэзультат.
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна за мінулы год агучыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Па выніках 11 месяцаў 2021 года ў цэлым раён з’яўляецца прыбытковым. Напрыклад, у параўнанні з аналагічным перыядам 2020-га выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг павялічылася на 22,7 працэнта.
Варта адзначыць, што бюджэт раёна сбалансаваны, забяспечана своечасовасць і паўната бюджэтных разлікаў. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць адсутнічае. Вырасла сярэднямесячная заработная плата на  11,8 працэнта, але да сярэднеабласнога, а тым больш – сярэднерэспубліканскага яшчэ працаваць і працаваць.
Сёння перад прамысловасцю раёна стаіць важная задача, якую і агучыў Андрэй Навагран: актывізаваць перапрацоўчыя прадпрыемствы ў пытаннях развіцця сыравіннай базы.
Старшыня аблвыканкама таксама акцэнтаваў увагу на гэтым пытанні, адзначыў, што ўмацаванне сыравіннай базы – гэта гарант паспяховасці заўтрашняга дня.
У 2021 годзе прадукцыя раёна экспартавалася ў 26 краін свету.
Безумоўна, ёсць пазіцыі, дзе недапрацавалі, але ёсць і добры задзел для рэалізацыі задуманага.


Вынікі работы і задачы на 2022-і год ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» дэталёва прааналізаваў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько.
Сельскагаспадарчы расклад раёна –  у выступленні першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілія Пыжыка. Сярод актуалій – будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў. Такія аб’екты ўводзяцца ў ААТ «Жарабковічы» (на 1000 галоў) і СВК «Ляхавіцкі» (на 720 галоў). За мінулы год аб’ём інвестыцый па МТФ склаў больш за 8,5 мільёна рублёў.
Але не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна вытворчасць плюсуе. Сітуацыя з «Ліпнянкай», чыя маёмасць выстаўлена на продаж, застаецца на кантролі ўлады, адзначыў Юрый  Шулейка. Важна захаваць прадпрыемства, даць магчымасці выйсці са складанага эканамічнага становішча, зберагчы працоўныя месцы, даць імпульс для развіцця.
Таксама Васілій Пыжык адзначыў, што раён значна адстае па тэмпах росту вытворчасці малака. Асноўныя прычыны мінусаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі – недапрацоўкі ў пытаннях кармлення і ўтрымання жывёл. А з гэтага выцякаюць праблемы ў аднаўленні і захаванні пагалоўя статка.
Юрый Шулейка адзначыў: у ліку прыярытэтных і кадравае пытанне, пацікавіўся, ці практыкуецца ў сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны навучанне па мэтавым накіраванні, ці павышаюць кваліфікацыю працаўнікі. Сёння важна рабіць упор на кадры, выхоўваць іх і даваць магчымасці рэалізацыі на месцы, падтрымліваць матэрыяльна маладых спецыялістаў, дапамагаць вырашаць праблемы з жыллём. Сёння, між іншым, расце колькасць каляджан, якія размяркоўваюцца на першае працоўнае месца ў Ляхавіцкі раён. Такой практыкай можа пахваліцца, напрыклад,
ААТ «Жарабковічы». Яго дырэктар Антон Булаты пацвердзіў, што маладым спецыялістам – адпаведная ўвага: матэрыяльныя даплаты, жыллёвы клопат, прадастаўленне магчымасцей для далейшага прафесійнага ўдасканалення.
Старшыня аблвыканкама асабіста пагаварыў пра перспектывы на бліжэйшы год з кіраўніком кожнага сельгаспрадпрыемства. Адзначыў: у актыву раёна ёсць і зацікаўленасць, і жаданне працаваць, ёсць моцны характар. А значыць, і вынікі павінны быць адпаведныя.
Ёсць у раёна і значныя будаўнічыя перспектывы. Пра мінулы год і планы на бліжэйшы час расказаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк. У 2021 годзе пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю больш за дзесяць тысяч квадратных метраў жылля, што
склала 121,5 працэнта ад устаноўленага задання. Летась аказана дзяржаўная падтрымка 72 сем’ям, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і якія з’яўляюцца індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Нямала зроблена ў сферы якаснага водазабеспячэння (пабудаваны тры станцыі абязжалезвання), работы цеплавых сетак, добраўпарадкавання вуліц і пешаходных дарожак. Аднак шэраг праблемных пытанняў ёсць: пустуючыя арэндныя жылыя памяшканні (198 адзінак на пачатак года). Ёсць пытанні да работы камунальнікаў са зваротамі грамадзян, патрабуюць рамонту аўтамабільныя дарогі і вуліцы населеных пунктаў. Асаблівая ўвага ў гэтым годзе будзе нададзена змяншэнню чаргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Чакаецца будаўніцтва 60-кватэрнага дома па вуліцы Южакова. Шмат задач
прадугледжана для КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і філіала КУП «Брэстаблдарбуд» Ляхавіцкае ДРБУ-200.
Сацыяльная сфера закранае штодзённае, таму аспектаў для аналізу і перспектыў шмат. Дэмаграфічная сітуацыя, ахова здароўя, спорт і турызм, адукацыя, бяспека насельніцтва і крымінагенная абстаноўка, канфесіянальная сітуацыя, сацыяльнае забеспячэнне і іншае. Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, нягледзячы на знешнеэканамічны, палітычны і інфармацыйны націск, Беларусь ідзе па шляху будаўніцтва сацыяльнай дзяржавы, асноўнымі прыярытэтамі якой з’яўляюцца сямейная палітыка, сацыяльная абарона, умацаванне сацыяльнай інфраструктуры, падтрымка беспрацоўных, павышэнне рэальнай заработнай платы.
Сярод асноўных задач на гэты год, што стаяць перад ляхавіцкай медыцынай, – выкананне падрыхтоўчых мерапрыемстваў для ўстаноўкі рэнтгенаўскага камп’ютарнага тамографа. Дарэчы, Святлана Юрлевіч агучыла задачы для кожнай галіны сацыяльнага накірунку. Сярод самага галоўнага – правесці на высокім узроўні электаральную кампанію – рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Сёння важна разумець, што ў перыяд знешніх выклікаў і пагроз канстытуцыйныя нормы будуць свайго роду страхоўкай у захаванні дзяржаўнасці і міру, грамадзянскай згоды на беларускай зямлі.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык нагадала, якім стаў для раёна 2021 год: шмат падзей, што па праве можна назваць вызначальнымі, яркія ўспаміны адкрыццяў розных сацыяльна значных аб’ектаў, шмат сустрэч у працоўных калектывах, абмеркаванняў грамадска-палітычных актуалій. Людміла Жалнерчык падзякавала кожнаму за сумесную работу, актыўнасць, любоў да Беларусі і самаадданасць у сваёй штодзённай рабоце. Шмат над чым давядзецца працаваць. І галоўны абавязак грамадзяніна сваёй краіны – праявіць актыўнасць 27 лютага.
Ніхто іншы, толькі мы самі вырашаем лёс сваёй краіны. Наш Асноўны Закон – самы важны дакумент дзяржавы: ці можна глядзець на гэты працэс абыякава?
Старшыня аблвыканкама падсумаваў вынікі сходу гаспадарчага актыву. Шмат слоў падзякі гучала за работу кіраўнікам прадпрыемстваў, медыкам раёна, адукацыйнай прасторы.
– Асноўныя планавыя паказчыкі ў раёне дасягнуты. Усе параметры мінімальных сацыяльных стандартаў выконваюцца… Падцягнем дорогі за год-два, як і ў іншых раёнах. Удзяляецца ўвага людзям шаноўнага ўзросту, асабліва адзінокім і адзінока пражываючым, на ўзроўні медабслугоўванне і адукацыя. Сёння важна развіваць вытворчасць, той жа кансервавы завод, які працуе з прыбыткам. Добра працуе льнозавод, ёсць прадпрыемства па перапрацоўцы малака, развіваецца гандаль, у тым ліку спажывецкая кааперацыя. Будзьце гаспадарамі на сваёй зямлі, – адзначыў Юрый Шулейка. – У раёне нізкі ўзровень беспрацоўя, варта працаваць над павышэннем узроўню заработнай платы. Пры гэтым не проста чакаць, што яна вырасце сама па сабе, – працаваць сумленна, на вынік, на паляпшэнне вытворчых паказчыкаў.
Таксама кіраўнік вобласці шчыра заклікаў кожнага берагчы Беларусь, захаваць яе ўнікальнасць, далей умацоў-
ваць суверэнітэт. Мы адказваем за свае дзеянні, а яны павінны быць на карысць нашай Беларусі, таму зразумела, што
27 лютага кожны з сумленнем і клопатам пра будучыню павінен зрабіць свой  выбар. Гэта, у першую чаргу, неабходна нам, беларусам.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.