Ведаць, каб зберагчы. 11 аб’ектаў Ляхавіцкага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі

Артыкул 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, што выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум:
«Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднага развіцця культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь.
Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці пра гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».
У артыкуле 54 дзеючай Канстытуцыі Беларусі сказана «Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці».
Пасля грамадскага абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны гэты артыкул дапоўнены наступным абзацам:
«Захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Палацава-паркавыя комплексы ў Грушаўцы, Начы, ансамбль «Савейкі», брацкія магілы ў Завінні, Падлессі, Ляхавічах, тры курганныя магільнікі перыяду ранняга сярэднявечча ў Гулічах, Навасёлках, Куршынавічах, Пакроўская царква ў Крывошыне, касцёл у Ліпску – гэтыя 11 аб’ектаў нашага раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, на іх устаноўлены ахоўныя дошкі. Усяго на тэрыторыі Ляхавіччыны каля сотні матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей. Пра кожную ведаюць, помняць, да кожнай свая сцяжынка памяці, якая не павінна зарастаць няведаннем і абыякавасцю. Гэта наша памяць, наша гісторыя, нашы продкі, і ўсё гэта мы павінны, абавязаны захаваць для наступных пакаленняў.

Рэстаўрыруем, добраўпарадкуем

– Клопат пра захаванне спадчыны стаў добрай традыцыяй, своеасаблівай удзячнасцю нашчадкаў. Спынюся на аб’екце, дзе праводзіцца маштабная работа. Комплекс былой сядзібы Рэйтанаў у вёсцы Грушаўцы ўключаны ў праграму трансгранічнага супрацоўніцтва міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Польшча – Беларусь – Украіна». У чэрвені  2019 года быў атрыманы першы транш у суме 415 тысяч еўра, пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У жніўні 2020 года ў сувязі са спыненнем фінансавання
работы былі прыпынены. У лютым мінулага года прыйшоў другі транш, і, калі ўсё пойдзе па графіку, то завяршэнне першай чаргі рэстаўрацыі плануецца да чэрвеня 2022 года, – расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Комплекс былой сядзібы ў Начы – яшчэ адна гісторыка-культурная каштоўнасць. Яе ўладальнікам на даны момант з’яўляецца ААТ «Нача». У кастрычніку 2018 года падпісаны ахоўны абавязак. І хоць будынкі не выкарыстоўваюцца, сельгаспрадпрыемства не толькі падтрымлівае парадак, але і праводзіць шэраг мерапрыемстваў па захаванасці аб’екта. У прыватнасці, за два мінулыя гады расчышчана тэрыторыя парку ад паваленых дрэў, праведзена высечка хмызняку. Пастаянна абкошваецца тэрыторыя сядзібы, добраўпарадкавана ад расліннасці і смецця сажалка. Толькі на вышэйазначанае «Нача» выдаткавала звыш чатырох тысяч рублёў. Таксама за кошт гаспадаркі выраблены і ўстаноўлены 12 лавачак на алеі, аформлена зона адпачынку. Акрамя таго, у належны стан прыведзены памятныя камяні, каменны стол, камень кахання. Устаноўлены інфармацыйныя шыльды да кожнага аб’екта з апісаннем яго гістарычнай значнасці. На ўваходзе ў парк вывешана яго схема-план.
На сённяшні дзень праблемным пытаннем па захаванні гэтага аб’екта з’яўляецца адсутнасць фінансаў на кансервацыю будынка афіцыйна, які знаходзіцца ў аварыйным стане, патрабуе рамонту і фасад сядзібы.
Куды больш складаная сітуацыя з палацава-паркавым ансамблем «Савейкі» – комплексам былой сядзібы Навіцкіх. У лютым 2013 года аб’ект быў набыты  СЗАТ «ЛадаГарант». Адпаведна з дагаворам куплі-продажу, уласнік абавязаны забяспечыць захаванасць гісторыка-культурнай каштоўнасці. Планаў і задумак было
шмат, але яны так і засталіся нерэалізаванымі.
– Неаднаразовыя праверкі тэхнічнага і санітарнага стану «Савеек», што праводзілі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, пацвярджалі нездавальняючы стан аб’екта. Накіроўваліся пісьмы «ЛадаГарант», праводзіліся гутаркі з прадстаўнікамі фірмы. Напрыканцы чэрвеня 2020 года маёмасныя правы «ЛадаГарант» у адносінах палацава-паркавага комплексу «Савейкі» былі перададзены ТАА «САВАІНВЕСТБУД».
І ўжо са жніўня 2020 года прадстаўнікамі «САВАІНВЕСТБУД» правялі перамовы з ААТ «Белрэстаўрацыя» на прадмет падрыхтоўкі і складання папярэдняй прапановы на праектаванне кансервацыі з часовай рэстаўрацыяй перададзенага  аб’екта. А ў мінулым годзе шляхам рэарганізацыі створана ТАА «Палацава-паркавы ансамбль «Савейкі», дзе па ўзгадненні з міністэрствамі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і культуры праводзяцца работы па выдаленні старых дрэў і іншыя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, – тлумачыць сітуацыю з «Савейкамі» Ніна Прыхач. І дадае: – У сувязі з тым, што палацава-паркавы комплекс не знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у яго не могуць укладвацца мясцовыя бюджэтныя  сродкі.

Пакроўская царква ў 1916 годзе …

…. і ў 2020 годзе.

Культавыя штрыхі гісторыі


З 1740 года пачала адлік сваёй гісторыі Пакроўская царква ў вёсцы Крывошын. Храм быў пабудаваны ў якасці касцёла. А праз 124 гады перададзены Праваслаўнай царкве і, адпаведна, з цягам часу перабудаваны. Сёння царква функцыянуе, лічыцца цікавым старадаўнім архітэктурным помнікам, адметнасцю нашага раёна. Зараз тут вядзецца шэраг будаўнічых работ. Адрамантаваны дах, фундамент, за кошт спонсарскай дапамогі заменена электраправодка, пачалася рэстаўрацыя ў правай частцы храма.
Па суседстве, у аграгарадку Ліпск знаходзіцца касцёл, пабудаваны напрыканцы ХІХ стагоддзя. Сучасны будынак узведзены на месцы свайго драўлянага папярэдніка ў 1907–1908 гадах на сродкі графа Канстанціна Патоцкага. Да Першай сусветнай вайны храм быў філіяльным касцёлам Дараўскага прыхода. Цяпер у ліпскага касцёла налічваецца 400 прыхаджан.
– Вялікую эстэтычную, гістарычную і мастацкую каштоўнасць уяўляюць архітэктурныя рашэнні такіх культавых збудаванняў, як касцёлы Святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах,Успення Божай Маці ў Дараве, Святога Юрыя ў Сваятычах, Святадухаўская царква ў Падлессі, цэрквы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Востраве, Свяціцеля Мікалая і Прасвятой Троіцы ў Дараве, – адзначае Ніна Прыхач.

Калі б помнікі  маглі гаварыць

Вялікая Айчынная вайна пакінула на гераічнай ляхавіцкай зямлі незабыўны след. Жорсткія баі ішлі тут напачатку вайны летам 1941 года і ў чэрвені–ліпені 1944 года ў час вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падчас акупацыі на тэрыторыі сучаснага Ляхавіцкага раёна дыслацыраваліся шматлікія партызанскія атрады, брыгады, народныя мсціўцы не давалі фашыстам і прыспешнікам спакойна жыць на акупіраванай зямлі. Змагаліся з ненавісным ворагам падпольшчыкі. Гітлераўцы здзекаваліся над мірным насельніцтвам: забівалі, адпраўлялі на прымусовыя работы, рабавалі, палілі вёскі. Як напамін пра жахі і ахвяр вайны – 50 воінскіх пахаванняў, 13 помнікаў воінскай Славы. Не проста добрая традыцыя, а даніна нязгаснай памяці – добраўпарадкаванне гэтых месцаў. Прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі і каляджане, моладзь і прафсаюзы – працоўны дэсант прыбірае тэрыторыі вакол помнікаў і брацкіх магіл. Не застаюцца ўбаку, аказваюць спонсарскую дапамогу індывідуальныя прадпрымальнікі, прадпрыемствы і арганізацыі прыватнай формы ўласнасці. Сельвыканкамы, жылкамунгас займаюцца пастаноўкай на баланс такіх аб’ектаў, плануюць работы па касметычным рамонце, арганізуюць і праводзяць санітарную ачыстку. Распрацаваны эскізы, каштарысы расходаў для бягучага рамонту брацкіх магіл у Альхоўцах, Зубелевічах, Тухавічах, Турках.
На Ляхавіччыне вядзецца мэтанакіраваная работа па аднаўленні, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сведчаннем таму з’яўляюцца разнастайныя аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя работы, акцыі па навядзенні парадку на такіх аб’ектах. Гісторыка-культурная спадчына з’яўляецца нашым нацыянальным здабыткам, а яе захаванне – абавязак кожнага з нас і агульная справа ўсяго грамадства.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва «ЛВ».