Права на зямлю. Дзень работнікаў картографа-геадэзічнай і землеўпарадкавальнай службы адзначаюць 21 лютага

Справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй – гэта фундамент стабільнасці ў грамадстве. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нядаўняй нарадзе па пытаннях удасканалення зямельных адносін.

Зямля ва ўсе часы лічылася мерай заможнасці і гаспадарлівасці, але і патрабавала парадку і руплівага стаўлення да сябе.
На Ляхавіччыне на варце правільных зямельных адносін, аховы і рацыянальнага выкарыстання земляў – аддзел землеўпарадкавання райвыканкама. Амаль год калектыў узначальвае Валянціна Руц. У прафесіі яна больш за тры дзесяцігоддзі, а пачынала працоўны шлях інжынерам па землеўпарадкаванні ў «Брэстгіпраземе».
Без удзелу зямельнай службы не абыходзіцца ўстанаўленне мяжы ўчастка, продаж ці будаўніцтва дома, пераафармленне права на валоданне зямлёй, вызначэнне кадастравага кошту ўчастка для падаткаабкладання і многія іншыя пытанні. У цэнтры ўвагі супрацоўнікаў аддзела землеўпарадкавання не толькі навядзенне парадку на зямлі, але і выкананне ўстаноўленых тэрмінаў рэгістрацыі, своечасовае заняцце і мэтавае выкарыстанне прадастаўленых зямельных участкаў, выкананне ўмоў адводу зямельных участкаў. Папярэджанне, выяўленне і ўхіленне парушэнняў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні земляў – галоўныя задачы аддзела. Так, летась складзена шэсць пратаколаў за самавольнае заняцце зямельных участкаў і вынесена дзве пастановы за несвоечасовае выкарыстанне зямельных участкаў. За невыкананне патрабаванняў па ахове земляў выда-дзена чатыры прадпісанні, накіравана шэсць пісьмаў.
Жадаеце стаць уладальнікам зямельнага надзела і ўзвесці дом сваёй мары? Неабходна звяртацца ў аддзел землеўпарадкавання ці ў сельвыканкам, дзе падрабязна раскрыюць усе нюансы. Па стане на пачатак лютага, у сельскай мясцовасці маюцца 27 свабодных зямельных участкаў, якія пры-значаны для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў. У Ляхавічах у наяўнасці 26 свабодных зямельных участкаў. Яшчэ 1061 – у садовых таварыствах. Дарэчы, звесткі пра іх змешчаны на сайце райвыканкама і на інфармацыйным стэндзе аддзела землеўпарадкавання, абнаўляюцца штомесяц.
358 землеўпарадкавальных спраў па прадастаўленні зямельных участкаў грамадзянам, індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам летась паступіла на разгляд. Па ўсіх прыняты адпаведныя рашэнні райвыканкама і сельвыканкамаў.
Супрацоўнікі аддзела падрыхтавалі 186 праектаў рашэнняў райвыканкама па адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў.
– Каб спраўляцца з пералікам ускладзеных задач, нашы спецыялісты павінны вало­даць самымі шырокімі ведамі і ўмець перадаць неабходную інфармацыю насельніцтву, даць вычарпальныя адказы на хвалюючыя людзей пытанні і г. д. – адным словам, аказаць кваліфікаваную дапамогу. Без перабольшання скажу, што кожны з супрацоўнікаў аддзела землеўпарадкавання – а гэта галоўныя спецыялісты аддзела Леанід Колбін, Ірына Партас, Святлана Бубен і намеснік начальніка Наталля Крымская – вызначаюцца кампетэнтнасцю, аб’ектыўнасцю, адказнасцю і зацікаўленасцю ў справе, – адзначае начальнік аддзела землеўпарадкавання Валянціна Руц.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.