Выйсці і не загразнуць. Набалелым з «ЛВ» падзялілася ляхавічанка

Выйсці за ўласныя вароты і не загразнуць або, наадварот, трапіць дадому, не пакінуўшы абутак за варотамі, – сёння менавіта такую задачу штодзень вымушаны вырашаць жыхары вуліцы Чэхава, што ў райцэнтры. Набалелым з «ЛВ» падзялілася тутэйшая жыхарка Клаўдзія Сяргееўна. Пенсіянерка паскардзілася, што да яе гэтым часам цяжка дабірацца і сацыяльнаму работніку – даводзіцца шукаць дарогу праз суседскія агароды.

Вуліца Чэхава
Вуліца Равінскага

У тым, што праблема не надуманая, на ўласныя вочы і боты пераканаўся фотакарэспандэнт раёнкі.
Пракаменціраваць сітуацыю «ЛВ» запрасіў начальніка аддзела архі-тэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марыну Завадскую.
– Сітуацыю на неасфальтаванай вуліцы Чэхава апошнім часам істотна ўскладнілі работы, што праводзяцца па заказе РУП «Белтэлекам». У межах вуліц Чэхава, Пташука, Патапавіцкай, 60 гадоў Кастрычніка пракладваюцца камунікацыі для пашырэння абаненцкага доступу мультысэрвіс-най сеткі па тэхналогіі xPON. Работы па праекце праводзяцца з верасня 2021 года па сакавік
2022 года, пасля завяршэння пракладкі сетак запланавана добра-
ўпарадкаванне – выраўноўванне грунту і падсеў травы. Зараз для гэтых работ пакуль не самыя лепшыя ўмовы надвор’я. Але, зразумела, людзі не могуць чакаць добраўпарадкавання ў такіх умовах. Для забеспячэння падыходу да індывідуальных домаўладанняў і магчымасці праезду тэхнікі падрадчык –
ТАА «Анвіском» – заказвае грунт і правядзе падсыпку найбольш гразкіх участкаў вуліцы. Маніторынг стану вуліцы і падсыпка будуць ажыццяўляцца да завяршэння работ па добраўпарадкаванні, – адзначыла Марына Завадская.
Канешне, поўнасцю праблему такое рашэнне не здыме, але, хочацца спадзявацца, знізіць яе вастрыню да поўнага вырашэння.
Дарэчы, ад бездарожжа пакутуюць не толькі жыхары вуліцы Чэхава. Фота з вуліцы Равінскага даслалі ў «ЛВ» чытачы.
– Днямі зварот жыхароў гэтай вуліцы паступіў у райвыканкам, так што пра праблему ведаем. Рашэнне па звароце будзе прынята ў бліжэйшы час, – гаворыць Марына Завадская і дадае: – Калі ў землякоў ёсць праблемы падобнага кшталту, просім паведамляць у аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама па нумарах 2-15-50 ці 2-16-37.
Святлана СТЫКУЦЬ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з рэдакцыйнай пошты.