Права вызначаць будучыню Беларусі і абавязак зрабіць яе лепшай
Сёлетняе Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу стала для мяне асаблівым.
Літаральна ў першыя дні работы на пасадзе кіраўніка дэпутацкага корпуса Ляхавіччыны мне давялося ў складзе дэлегацыі раёна асабіста прысутнічаць у Палацы Рэспублікі, слухаць эмацыяналь-
ны і выключны па сіле зварот Прэзідэнта. Яго словы прымусілі задумацца, падштурхнулі больш прынцыпова ставіцца да многіх рэчаў і жыццёвых з’яў. І ўмацавалі ў перакананасці, што будучыня краіны залежыць ад кожнага яе жыхара.
Ад нашага адзінства, патрыятызму, гатоўнасці працаваць на агульны вынік, быць сацыяльна адказнымі, праяўляць ініцыятыву. Поўнасцю згодны з меркаваннем Прэзідэнта, што калі мы задзейнічаем унутраны патэнцыял нашага народа, кожнага беларуса, то станем удвая багацейшыя.
Ужо з мінулага аўторка ў кожнага з нас ёсць права напрамую прыняць удзел у вырашэнні справы дзяржаўнай важнасці і магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У краіне праходзіць датэрміновае галасаванне па пытанні, вынесеным на рэспубліканскі рэферэндум.
Спадзяюся, што землякі свядома і адказна падышлі да таго, як адкажуць на пытанне «Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?». Тым больш, прапанаваныя змяненні Асноўнага Закона краіны на слыху, папярэдне актыўна абмяркоўваліся літаральна ва ўсіх калектывах, на дыялогавых пляцоўках. Унесеныя насельніцтвам, у тым ліку і жыхарамі Ляхавіцкага раёна, дапаўненні дазволяць абноўленай Канстытуцыі стаць сапраўды народнай. Пры тым, што ў аснове сваёй яна застаецца сацыяльна арыентаванай і вызначае адпаведную палітыку нашай дзяржавы, накіравана на развіццё краіны. Даступныя і якасныя медыцына, адукацыя, дастойнае сацыяльнае забеспячэнне пенсіянераў, істотная падтрымка сем’яў, увага да моладзі – гэтыя звыклыя для нашых людзей акалічнасці, на справе, дарагога вартыя. І, упэўнены, толькі ўмацуюць і аб’яднаюць нацыю радкі-дапаўненне пра захаванне гістарычнай праўды і памяці, патрыятызм, павагу да законаў і нацыянальных традыцый, пра адказнасць кожнага за ўласнае здароўе.
Лічу, важна і тое, што ў дзяржаўным уладкаванні па-ранейшаму захоўваюцца прадстаўнічая ўлада, органы мясцовага кіравання і самакіравання. Нам, безумоўна, ёсць што сказаць, ёсць бачанне далейшага развіцця.
Ведаю, што многія землякі пабывалі ўжо на сваіх участках для галасавання. Скарысталіся магчымасцю датэрміновага галасавання, таму што даўно і цвёрда вызначыліся са сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Як і абсалютная большасць тых, хто прыйдзе выказаць сваё волевыяўленне заўтра, 27 лютага.
Прашу кожнага земляка памятаць: ад вынікаў рэферэндуму залежыць многае. Ад кожнага з нас залежыць многае.
Юрый ЧАРАНКЕВІЧ, старшыня раённага Савета дэпутатаў.