У абласным конкурсе «Зарадка для ўсіх!» трэцяе месца заваявала СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»
Акцыя «Зарадка для ўсіх!», аб’яўленая Брэсцкім абласным цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ў межах праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі», аб’яднала 20 населеных пунктаў.
На прадпрыемствах, у арганізацыях аховы здароўя і навучальных установах прыдумвалі практыкаванні, нават цэлыя комплексы для вытворчай гімнастыкі, а пасля дзеля павышэння працаздольнасці і змяншэння стомленасці рабілі фізкульт-прыпынкі. Справаздачы ў выглядзе фотаздымкаў, прэзентацый, слайд-шоу і відэаролікаў удзельнікі акцыі накіроўвалі ў раённыя санслужбы, якія курыравалі правядзенне акцыі.
Сярод крытэрыяў конкурсу – форма правядзення зарадкі і максімальны ахоп удзельнікаў, адпаведнасць практыкаванняў асаблівасцям працы, музычнае суправаджэнне і г. д.
У намінацыі «лепшае прадпрыемства па правядзенні вытворчай гімнастыкі» ў абласным конкурсе трэцяе месца заваявала СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», якое будзе ўзнагароджана дыпломам Брэсцкага аблвыканкама.
Дыпломам галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя і ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама за масавае прыцягненне арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў да ўдзелу ў акцыі «Зарадка для ўсіх» узнагароджаны дзяржаўны прафілактычны праект «Ляхавічы – здаровы горад».
Дарэчы, сярод актыўных удзельнікаў акцыі адзначаны нашы райбальніца і райЦГіЭ. Журы асобна ацаніла і масавасць акцыі на Ляхавіччыне, дзе ў здаровай вытворчай размінцы былі задзейнічаны 25 арганізацый і прадпрыемстваў.
– Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўдзячны ўсім, хто далучыўся да абласной акцыі і творча падышоў да правядзення вытворчай зарадкі. Такія паўзы павінны атрымаць працяг – не дзеля конкурсу, а для ўмацавання здароўя, – адзначае інструктар-валеолаг райЦГіЭ Наталля Юруць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.