Памятка выбаршчыка
Прэзідэнт Беларусі 20 студзеня падпісаў Указ «Аб назначэнні рэспубліканскага рэферэндуму». Асноўны дзень галасавання – 27 лютага. Прагаласаваць за змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон можна датэрмінова: з 22 па 26 лютага ўключна.
Загадзя могуць прагаласаваць выбаршчыкі, якія не змогуць гэтага зрабіць у дзень правядзення рэферэндуму 27 лютага. Афіцыйнага пацвярджэння прычын, па якіх чалавек не можа прагаласаваць у асноўны дзень, не патрэбна.
На тэрыторыі Беларусі створана 5510 участкаў для галасавання. У Брэсцкай вобласці – 883, Віцебскай – 714, Гомельскай – 977, Гродзенскай – 608, Мінскай – 929, Магілёўскай – 707, Мінску – 692.
217 участкаў – у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, 12 – у воінскіх часцях.
Пры сабе выбаршчыку трэба мець пашпарт.
Бюлетэнь выдаецца таксама пры прад’яўленні ваеннага білета (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), службовага пасведчання работніка дзяржоргана (арганізацыі), вадзіцельскіх правоў. Прагаласаваць можна і па пенсійным пасведчанні, пасведчанні інваліда (пры наяўнасці фатаграфіі), студэнцкім білеце. Калі выбаршчык страціў пашпарт або яго ўкралі, то на ўчастак яму трэба ўзяць з сабой даведку з органаў унутраных спраў, якая пацвярджае асобу грамадзяніна.
На рэферэндум вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?
Паставіць сваю адзнаку ўдзельнікі рэферэндуму павінны будуць у адным з двух квадратаў, адпаведна «за» і «супраць». Прычым знак у адным з квадратаў можна ставіць абсалютна любы. Калі адзнака будзе пастаўлена ў двух квадратах або не пастаўлена ні ў адным, то такі бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным.
Рэферэндум праводзіцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання. Права ўдзельнічаць у ім маюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Кожны ўдзельнік рэферэндуму галасуе асабіста.
Рэферэндум лічыцца праведзеным, калі ў ім прынялі ўдзел больш за палавіну грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Можна прагаласаваць не па месцы прапіскі. Выбарчае заканадаўства даволі гібкае, што ўвогуле стварае пэўныя складанасці для работы ўчастковых камісій, але разам з тым садзейнічае стварэнню больш аптымальных умоў для грамадзян, падкрэсліў старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.
Паводле яго слоў, механізм галасавання іншагародніх грамадзян даволі просты. «Па-першае, калі грамадзянін зарэгістраваны ў адным месцы, а пражывае ў іншым, ён павінен пацвердзіць сваё пражыванне на тэрыторыі гэтага ўчастка. Значыць ён павінен прадставіць у камісію па галасаванні або дагавор найму жылога памяшкання, які павінен быць зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку, або іншы дакумент. Камісія яго ўключыць у спіс па месцы гэтага пражывання. Але пры гэтым яна павінна пракантраляваць, каб гэты грамадзянін быў выключаны са спісаў там, дзе ён зарэгістраваны», – удакладніў кіраўнік ЦВК.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Рэферэндум праходзіць у штатным рэжыме, праблемных пытанняў няма, заявіў старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.
Па інфармацыі ЦВК, за тры дні датэрміновага галасавання ў рэферэндуме прынялі ўдзел 24,07 працэнта грамадзян, уключаных у спісы для галасавання.