Асэнсаваны. Разумны. Наш выбар! Ляхавічане разам з усёй Беларуссю вырашылі лёс Асноўнага Закона сваёй краіны
І жыхары Ляхавіцкага раёна актыўна ўдзельнічалі ў рэспубліканскім рэферэндуме – і падчас датэрміновага галасавання, і ў асноўны яго дзень – 27 лютага. Напрыклад, на Жарабковіцкім участку для галасавання № 10 з аўторка па суботу ўключна прагаласавалі 52,2 працэнта выбаршчыкаў, замацаваных за гэтым участкам, на Ляхавіцкім – Ленінскім № 1 – 46,9 працэнта.
– Людзі свядома і актыўна прыходзяць на ўчастак, у падвозцы жыхароў аддаленых вёсак дапамагае ААТ «Жарабковічы». Пытанняў ніякіх не ўзнікае, грамадзяне ведаюць, за што галасуюць і якія дапаўненні і змяненні прапануецца ўнесці ў Асноўны Закон краіны, – паведаміла старшыня ўчастковай камісіі Жарабковіцкага ўчастка Ніна Праневіч.
Як расказалі ў многіх участковых камісіях, падчас датэрміновага галасавання былі такія перыяды, калі ўзнікалі нават чэргі з жадаю-
чых прагаласаваць. Але члены камісій аператыўна спраўляліся з наплывам, і доўга стаяць у чарзе, каб выказаць сваю грама-
дзянскую пазіцыю, не давялося. Усе ўмовы для галасавання створаны, шмат інфармацыі і ў кутках выбаршчыка.
З кожным часам ў асноўны дзень галасавання колькасць жадаючых выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю ўсё ўзрастала. Так, на 10.30 на Ляхавіцкім – Ленінскім участку яўка склала 51,7 працэнта, на Ляхавіцкім – Гагарынскім на 11.00 – 50 працэнтаў, на Падлескім участку на 12.30 – 58,6 працэнта, на Крывошынскім участку на 13.00 – 68,4 працэнта, на Ліпскім на 13.30 – 78 працэнтаў, на Альхоўскім на 14.30 – 80 працэнтаў, на Свяціцкім на 14.30 – 85 працэнтаў.
– Бягу галасаваць за нашу Беларусь, за мір, каб у ладзе і згодзе жылі нашы дзеці, унукі, праўнукі, – з такім настроем прыйшла на выбарчы ўчастак 74-гадовая жыхарка аграгарадка Тальмінавічы Ганна Ходар.
Многія прыходзяць сем’ямі, з дзецьмі, унукамі. Рэферэндум збліжае, згуртоўвае беларусаў.
– Я аддала свой голас за захаванне незалежнасці любімай Беларусі, за тое, што дзяржава па-ранейшаму будзе клапаціцца пра сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці. Рэферэндум дае дадатковую ўпэўненасць у будучыні, дзяржава гарантуе нам асноўныя сацыяльныя дапамогі. Да актыўнай жыццёвай пазіцыі, да такіх значных падзей агульнадзяржаўнай важнасці дзяцей трэба прывучаць, – пераканана ляхавічанка Ганна Дзяцел, якая прыйшла не толькі з двума сынамі, але і са сваімі бацькамі.
– Заўжды галасую ў асноўны дзень, калі асабліва адчуваецца свята. Лічу гонарам мець дачыненне да такой важнай падзеі, як напісанне будучай гісторыі Беларусі. Яе мы ствараем самі, – дадае маці Ганны Ірына Тупік.
Прагаласаваць можна было не толькі датэрмінова, але і непасрэдна ў сябе дома. Галасаванне на даму – традыцыя для выбарчых кампаній у нашай краіне. Гэта выдатная магчымасць выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю тым, хто па стане здароўя, узросце, жыццёвых абставінах не можа прыйсці на ўчастак. Такім правам скарыстаўся і паважаны зямляк ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка, да якога разам з членамі ўчастковай камісіі Ганчароўскага ўчастка для галасавання № 8 завіталі і карэспандэнты «ЛВ».
– Ваяваў за свабоду і незалежнасць Радзімы. Ганаруся сённяшнімі пакаленнямі беларусаў. Мне вельмі прыемна, што пра пажылых людзей у Беларусі асаблівы клопат, нас не забываюць. Сёння я галасую, каб заўжды помнілі, якой цаной мы заваявалі мір у далёкім 1945 годзе, – гаворыць Уладзімір Пракапенка.
Надомнае галасаванне актыўна праходзіла і ў сельскай мясцовасці. Напрыклад, на Тальмінавіцкім участку з 557 чалавек, якія маюць права голасу, 190 выбар зрабілі ў сябе дома. Магчымасцю паўдзельнічаць у рэферэндуме на даму маглі скарыстацца каранавірусныя пацыенты, якія лечацца амбулаторна і знаходзяцца на самаізаляцыі.
– Члены камісіі ў спецыяльнай экіпіроўцы наведалі каранавірусных хворых па месцы іх жыхарства, каб яны змаглі прагаласаваць. Гэта своеасаблівае новаўвядзенне ў рабоце, – адзначае сакратар камісіі Ляхавіцкага – бальнічнага ўчастка для галасавання № 7 Ала Туркіна. На гэтым жа ўчастку галасавалі і пацыенты, што знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў райбальніцы.
На ўсіх участках для галасавання ў Ляхавіцкім раёне працавалі назіральнікі. У гэтай ролі выступілі больш за 200 прадстаўнікоў, вылучаных грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі, Камуністычнай партыяй Беларусі.
– На базе Федэрацыі прафсаюзаў створаны грамадскі інфармацыйны цэнтр па назіранні за рэферэндумам. Ад раённай арганізацыі прафсаюзаў на выбарчых участках у нашым раёне працавалі 43 назіральнікі, прычым пераважная большасць з іх удзельнічае ў разнастайных выбарчых кампаніях і рэферэндумах не ўпершыню. З першага дня датэрміновага галасавання назіральнікі прыступілі да выканання сваіх абавязкаў: ацэньвалі сітуацыю, актыўнасць грама-
дзян, якія прымаюць удзел у рэферэндуме. Вынікі назіранняў заносіліся ў спецыяльны журнал, накіроўваліся ў цэнтр ФПБ, дзе апрацоўваліся. Згодна з паведамленнямі назіральнікаў, рэферэндум прайшоў без парушэнняў, спакойна, заўваг па рабоце камісій назіральнікамі не выяўлена, – адзначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Сярод назіральнікаў і старшыня раённай арганізацыі былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Уладзімір Жаваранак.
– На рэферэндуме працаваў як назіральнік ад ветэранскай арганізацыі. Свой выбар зрабіў датэрмінова. Я – за Беларусь, за мір. Ведаю, што такое вайна, не дай бог, каб гэта паўтарылася зноў. Ганаруся, што жыву ў краіне, дзе шануюцца гісторыя, традыцыі, – падкрэслівае Уладзімір Юльянавіч.
Традыцыйна на выбарчых участках ладзіліся святочныя канцэртныя праграмы, райпо прапанавала разнастайную прадукцыю, неслі службу супрацоўнікі РАУС і РАНС, дзяжурылі медыкі, дапамагалі валанцёры ад БРСМ.
Рэферэндум адназначна паказаў, мы беларусы – міралюбівы народ, які клапоціцца пра добрае жыццё сёння і шчаслівае заўтра, пра тое, каб краіна была суверэннай, квітнеючай і моцнай.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА, Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ. Выкарыстана фота Ларысы ГЛЕБ.