Народны дакумент: традыцыі і інавацыі, народаўладдзе, адзінства кіравання

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях  у Канстытуцыю краіны.

На мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці былі запрошаны больш за тысячу чалавек. Сярод іх вышэйшыя службовыя асобы, члены Урада, прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска, эксперты і прадстаўнікі грамадскасці. Рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь адбыўся 27 лютага. На рэферэндум было вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? І два варыянты адказу – «за» і «супраць».
Падагульняючыя вынікі рэферэндуму ЦВК зацвердзіла 3 сакавіка. Паводле даных камісіі, яўка склала 78,63 працэнта ад агульнага спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме. За прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 4440830 грамадзян, што склала 82,86 працэнта галасаваўшых.
Абноўленая Канстытуцыя Беларусі ўступіць у сілу 15 сакавіка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гісторыю суверэннай Беларусі ўпісана новая старонка – 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, на якім абсалютная большасць грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі.
«Народ Беларусі зрабіў свой выбар. Выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы. Дэмакратычна, у адпаведнасці з нашымі беларускімі законамі. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць», – адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гісторыя свету вымяраецца перыядамі, і ў Беларусі своечасова ўлавілі момант паслядоўнага пераходу на новы ўзровень развіцця грамадства і палітычнай сістэмы.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на фоне складаных геапалітычных трансфармацый свету практычна з нуля стварылі збалансаваную і эфектыўную вертыкаль кіравання.
У самыя кароткія тэрміны дзяржаве ўдалося наладзіць дыпламатычныя і гандлёвыя сувязі, умацаваць абарону, якая ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга націску на Беларусь з’яўляецца гарантам спакойнага і бяспечнага жыцця.
Прэзідэнт канстатаваў, што інвестарам і айчыннаму бізнесу прапанаваны сумленныя і выгадныя ўмовы вядзення эканамічнай дзейнасці, у краіне створаны і функцыянуе шэраг паркаў з асаблівымі прэферэнцыйнымі рэжымамі. Прадпрымальнікі могуць быць спакойныя за сумленны і адказны перад дзяржавай і народам бізнес.
«Інстытут сям’і як каштоўнасць, а таксама дзеці, моладзь, старыя і інваліды знаходзяцца пад асаблівай апекай дзяржавы», – сказаў беларускі лідар.
«Без перабольшання новая рэдакцыя – гэта народны дакумент. Нядзіўна, што людзі яго падтрымалі», – заявіў Прэзідэнт.
У абноўленай Канстытуцыі Беларусі, як вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы, зацэментаваны базавыя прынцыпы дзяржавы, а таксама закладзены імпульс для развіцця перспектыўных напрамкаў, якія адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.
Як падкрэсліў Прэзідэнт, ва ўмовах пандэміі грамадзянам Беларусі было гарантавана права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне, спрыяльнае навакольнае асяроддзе. Адказны клопат грамадзян аб захаванні свайго здароўя цяпер прызнаны нормай.
«Беларусь як была, так і застаецца рэспублікай з моцнай дзяржаўнай уладай. У Кіраўніка дзяржавы будзе дастаткова магчымасцей для рэалізацыі паўнамоцтваў палітычнага лідара краіны», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым іншыя інстытуты ўлады павінны больш смела і самастойна выконваць свае функцыі, лічыць беларускі лідар.
«Парламенту пара выходзіць на прынцыпова новы ўзровень работы. Ствараць законы новага пакалення, якія будуць з’яўляцца ключавым прававым інструментам», – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Усё гэта, паводле яго слоў, дыктуе новыя патрабаванні да Нацыянальнага сходу.
«Я ўжо гаварыў, што, прыняўшы Канстытуцыю, наша жыццё па рэфармаванні заканадаўства не спыніцца. Наадварот, надыходзіць перыяд самай цяжкай, карпатлівай творчай работы. За два гады мы павінны прывесці ўсе заканадаўчыя, законныя і падзаконныя акты пад Канстытуцыю. Нам трэба будзе нанава выбудаваць іерархію нарматыўных прававых актаў. Арганічна ўплесці ў яе рашэнні Усебеларускага народнага сходу», – дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што наданне УНС канстытуцыйнага статусу стала актам гістарычнай справядлівасці. УНС у яго сучасным, цяпер ужо юрыдычным статусе
будзе выконваць стабілізуючую і кансалідуючую функцыі ў грамадстве, выступаць страхоўкай ад непрадбачаных выпадкаў.
«Мы стварылі і прынялі ўнікальны прававы дакумент. У ім спалучаюцца традыцыі і інавацыі, народаўладдзе, адзінства кіравання. Без беспадстаўнай сціпласці яго можна назваць Канстытуцыяй будучыні. Прынятыя канстытуцыйныя папраўкі праз дзесяць дзён уступяць у сілу. Аднак работа на гэтым, як я ўжо сказаў, не завершана. Мы толькі сёння знаходзімся ў пачатку шляху», – заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў усім, хто праявіў грамадзянскую пазіцыю, уносіў прапановы, збіраў і апрацоўваў вялікую колькасць ідэй, якія ішлі ад народа, хто арганізоўваў дыялогавыя пляцоўкі.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што мы павінны абараніць сваю зямлю, сваю дзяржаву.
«Як бы ні спрабавалі сёння асобныя сілы, вы іх ведаеце, уцягнуць нас у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у вас няма падстаў для непакою. Яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы прыкрываем сваімі сіламі дзяржаўную граніцу ад Брэста да Мазыра. Беларуская армія ў спецаперацыі ніякага ўдзелу не прымала і прымаць не мае намеру. Проста няма неабходнасці ў гэтым. Акрамя як ад Брэста да Гомеля, у нас ёсць яшчэ заходняя і паўночна-заходняя граніца. І мы яе павінны надзейна прыкрыць. Таму што калі мы там празяваем, народ нам ніколі гэтага не даруе», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: тым, хто спрабуе ўцягнуць Беларусь у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, не патрэбны там мір. «Біцца, змагацца і паміраць мы будзем на нашай зямлі. Калі давядзецца, не дай бог», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер ва Украіне ідуць не толькі баявыя дзеянні, але і паддывановыя інтрыгі, якія падштурхоўваюцца Захадам. Прэзідэнт растлумачыў, што
Захад хоча «ўтапіць» Расію  ў гэтай вайне, а заадно і Беларусь.
Таксама Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму даручыў узнагародзіць усіх, хто змагаецца ў інфармацыйнай вайне за Беларусь.

Па матэрыялах БЕЛТА.