На лялек паглядзець і аладкамі пачаставацца. У мінулую суботу Масленіца паклікала ляхавічан на свята

Гэта народнае свята, упэўнена, з’яўляецца адным з самых папулярных і ў ляхавічан. З году ў год яно збірае нямала ўдзельнікаў з усіх куточкаў нашага раёна. Сакрэт такой запатрабаванасці просты: весела, цікава, захапляльна, смачна. Менавіта так было і сёлета. У мінулую суботу Масленіца зноў паклікала землякоў на свята, і іх прыйшло-прыехала нямала. Скамарохі заклікалі ўсіх на святкаванне, весялілі народ, запрашалі да ўдзелу ў конкурсах, зараджалі гумарам, было нямала тэатральных фрагментаў.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

З прывітальным словам да гасцей і галоўных герояў Масленіцы звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык.
Пад апладысменты прысутных на стадыён завітала прадстаўнічая калона з удзелам галоўных дзеючых асоб свята – лялек Масленіц –
самаробных роставых лялек (іх аўтары – работнікі культустаноў раёна, цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі). Не менш увагі і галоўнаму масленічнаму атрыбуту – аладкам. Ажурныя і з прыпёкам, танюсенькія і тоўстыя, з рознымі начынкамі і нават у выглядзе пірагоў – якіх толькі прысмакаў з аладак не гатавалі гаспадыні-зямлячкі. Прычым, гатавалі не толькі дзеля перамогі ў традыцыйным конкурсе, але і каб пачаставаць усіх, хто прыйшоў на свята. Заклікалі землякоў і ў сялянскія падвор’і, іх прадставілі ўсе сельсаветы раёна. Як заўжды, дастойнае смачнае прадстаўніцтва было ад Ляхавіцкага райпо – гатуюць тутэйшыя кулінары адмыслова.


Далей слова было за самадзейнымі артыстамі. Адна песня змяняла другую, за карагодамі ляцелі гумарэскі – забаваў хапала і дарослым, і дзецям. Асабліва запатрабаваны конкурсы і гульні са спартыўным ухілам. Кожны жадаючы мог паспаборнічаць у спрытнасці, сіле, вытрымцы, кемлівасці. Што за Масленіца без самай-самай яе шыкоўнай і азарт-най забавы – пакарэнне высокага слупа. Смельчакоў падняцца да неба за падарункам было нямала, а вось схапіць птушку ўдачы за хвост сёлета ўдалося адзінкам.
Колькі ўражанняў было, калі спальвалі чучала зімы! Вясну гукалі гучна і дружна, у яе гонар спявалі і танцавалі.
З нецярпеннем і госці, і ўдзельнікі чакалі падвядзення вынікаў кон-курсаў на лепшую страву з аладак і лепшую Масленіцу-ляльку. Вердыкт журы наступны: лепшая лялька зроблена ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а самыя смачныя аладкі пякуць кулінары з Ліпскага СДК.
І яшчэ адна традыцыя. Масленічны тыдзень завяршыўся Даравальнай нядзеляй. У праваслаўных вернікаў з мінулага панядзелка пачаўся сямітыднёвы пост перад Вялікаднем.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.