На спаборніцтвы запрашаюцца патрыёты. Прадстаўнікі кіраўнічай вертыкалі Ляхавіччыны сустрэліся на спартыўных спаборніцтвах
У мінулую суботу прадстаўнікі кіраўнічай вертыкалі Ляхавіччыны сустрэліся на спартыўных спаборніцтвах.
Шэсць каманд-патрыётаў вызначалі, хто зойме месца на пераможным п’едэстале.
Спартыўныя акцэнты ў мінулую суботу расставілі ўдзельнікі спаборніцтваў працоўных калектываў. Шэсць каманд – прадстаўнікоў розных сфер – змагаліся за права называцца лепшымі ў розных спартыўных намінацыях. Яшчэ з урачыстага адкрыцця было відавочна: баявы дух і натхнёнасць на яркую барацьбу ў ляхавічан не адняць, як і жаданне падтрымліваць сваю каманду гучна і патрыятычна.
«Малая радзіма – Ляхавічы», «Патрыёты», «Мы», «Сацпакет», «Цудоўная дзявятка», «Форс-мажор» – каманды выканкама і Савета дэпутатаў, аграрнай, сацыяльнай, архітэктурна-будаўнічай, сілавой сфер Ляхавіччыны. Кіраўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, падраздзяленняў, структур і службаў не шкадавалі сіл. І, самае галоўнае, настрой у каманд самы сяброўскі і вельмі патрыятычны. Дызайнерскі падыход да прэзентацый сваіх каманд, яркія плакаты са словамі падтрымкі і, што грэла душу і выклікала гонар, наша дзяржаўная беларуская сімволіка. Падтрымлівалі і хваляваліся за ўсіх.
Няпроста перамагчы ў армрэслінгу, гіравым спорце, папасці ў самы яблычак ў спаборніцтвах па дартсе, закінуць трапна кольцы. А чаго варты конкурс па перацягванні каната! У кожнай камандзе
свае пераможцы – спрытныя, хуткія, трапныя, моцныя.
Лепшымі ў асабістым першынстве па дартсе сталі Валянцін Сарайкін і Ларыса Какуціч, у камандным заліку лепшыя – каманда сілавога блока раёна «Форс-мажор». У спаборніцтвах па армрэслінгу на першым месцы – кіраўнік раёна Мікалай Мароз. Конкурс «Накінь кальцо» паддаўся не ўсім: залатую прыступку пакарылі Таццяна Шчука і Анатолій Ксёнжык. Каманднае першынство ў «Малой радзімы – Ляхавічы». У гіравым спорце перамога за Аляксандрам Кунцэвічам. А вось у самым захапляючым і камандным конкурсе «Перацягванне каната» ўдача аказалася на баку каманды «Мы», сярод якіх прадстаўнікі аграрнай сферы.
Самы-самы чаканы момант: хто ж стаў галоўным прызёрам спартакіяды? Бронзавыя пераможцы – каманда «Форс-мажор», серабро – у прадстаўнікоў каманды «Малая радзіма – Ляхавічы», а галоўны – залаты – кубак у аграрыяў раёна – каманды «Мы».
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.